25 снежня 2024, Серада, 19:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Апошні дыктатар» паміж двума агнямі – паміж Усходам і Захадам

23

Газета «The Financial Times» публікуе вытрымкі з інтэрв'ю з Аляксандрам Лукашэнкам, якое журналісты ўзялі ў беларускага кіраўніка 18 верасня.

«Аляксандр Лукашэнка, кіраўнік Беларусі, упіваецца сваёй скандальнай славай. Як пашчасціла тым, – кажа ён з усмешкай, – каму удаецца сустрэцца і пасядзець за адным сталом з «апошнім дыктатарам у Еўропе».

Ён ахвотна пераўтварае гэты эпітэт у жарт – так выяўляецца пагарда 54-гадовага лідэра Беларусі да палітычных прынцыпаў Захада. Таксама гэта кажа аб ягонай ўпэўненасці ў сабе. Пасля 14 гадоў знаходжання ля улады Лукашэнка амаль не сутыкаецца з выклікамі сабе ўнутры краіны, хаця на канец верасня прызначаныя парламенцкія выбары.

Ды і наўрад ці магло быць інакш: бо ён, дзейнічаючы бязлітаснымі метадамі, усталяваў аўтарытарны рэжым у сваёй краіне з 10-мільённым насельніцтвам. Акрамя таго, дзесяць гадоў хуткага эканамічнага росту дазволілі былому дырэктару саўгаса ў значнай меры захаваць сваю рэальную папулярнасць, якую ён здабыў, прыйшоўшы да ўлады ў 1994 годзе пасля распаду СССР. Перыядычныя акцыі пратэсту, якія арганізуюцца раз'яднанымі апазіцыйнымі партыямі, у асноўным не выходзяць за межы сталіцы краіны, Менску.

Ён упіваецца сваёй уладай над стырнамі кіравання ўсярэдзіне краіны. «Я буду задаволены, калі вы перададзіце людзям у Еўропе мае простыя словы: я заяўляю без хітрыкаў, што ў мяне няма дыктатарскіх амбіцыяў, якія прымушалі б мяне заставацца ля ўлады, – наадварот, я надзвычай залежны ад волі народа», – сказаў Лукашэнка ў чацвер у інтэрв'ю Financial Times і Frankfurter Allgemeine Zeitung.

Беларускі кіраўнік дзве гадзіны гутарыў з журналістамі аб усім – ад матчы паміж зборнымі Англіі і Беларусі на адборачным этапе чэмпіяната свету па футболе, які набліжаецца, да энерганосьбітаў і свайго палітычнага крэда.

Стасункі з замежнымі СМІ для Лукашэнкі – нешта незвычайнае. Але і часы зараз незвычайныя. Якімі бы трывалымі ні былі пазіцыі Лукашэнкі ўнутры краіны, ён адчувае ціск звонку, у асноўным з боку Расеі, якая спансіруе яго ў палітычным плане, дае яму матэрыяльную дапамогу і пастаўляе энерганосьбіты.

Задоўга да грузінскага крызісу Лукашэнка пачаў прамацваць Захад, спадзяючыся змякчыць рэжым ізаляцыі (у тым ліку забарону выдачы візаў высокапастаўленым афіцыйным асобам), уведзеную ЕЗ пасля таго, як міжнародныя назіральнікі асудзілі прэзідэнцкія выбары 2006 года, назваўшы іх несправядлівымі.

Брусэль даў зразумець, што гатовы да некаторага збліжэння пры ўмове, што Лукашэнка змякчыць сваё жорсткае кіраванне, – для пачатку вызваліць палітвязняў і прыме меры для адпаведнасці парламенцкіх выбараў стандартам дэмакратыі.

Умову аб палітвязнях Лукашэнка выканаў, што пацвердзіў і ЕЗ. Зараз беларускі кіраўнік засяродзіўся на выбарах. Паводле ягоных словаў, ён парушае законы Беларусі дзеля таго, каб выбары адпавядалі нормам ЕЗ, – напрыклад, націснуў на выбарчыя камісіі, каб тыя ўключалі ў свой склад больш прадстаўнікоў апазіцыі. Ён таксама вітае міжнародных назіральнікаў, заяўляючы: «Мы адкрылі сваю краіну для ўсіх».

Аднак ён перасцерагае, што ЕЗ і ЗША пасля выбараў варта быць аб'ектыўнымі ў ацэнках, вінавацячы Захад у «падвойных стандартах». Ён наракае, што ўплывовыя краіны з падобнымі палітычнымі недахопамі пазбягаюць пакарання – асабліва гэта датычна Расеі.

«Падабаецца гэтае Захаду ці не падабаецца, але парламент будзе абраны ў адпаведнасці з нашай канстытуцыяй, – кажа ён. – Я не буду вымольваць сабе візы ЕЗ».

Лукашэнка задаецца пытаннем, ці не з'яўляецца сапраўднай мэтай Захаду змена рэжыму ў Беларусі. Ён запэўнівае, што не спяшаецца пакінуць свой пост, спасылаючыся на тое, што «ангельская каралева» знаходзіцца ля улады ўжо даўно.

Паводле словаў Лукашэнкі, ён добра служыць сваёй краіне: ён вывеў яе з постсавецкай эканамічнай разрухі, забяспечыў стабільнасць і падвысіў прыбыткі ў два з паловай разы ў параўнанні з савецкімі паказчыкамі. Летась эканамічны рост склаў 8,2%, а ў цяперашнім, па адзнаках МВФ, рост замарудзіцца толькі ненашмат, да 7,1%.

Як кажа Лукашэнка, Беларусь змяняецца, але ў сваім уласным тэмпе. «Калі вы жадаеце перарабіць нас па сваёй мерцы, можаце паразважаць над гэтым, але вам не варта штурхаць нас да гэтага. Можа быць, мы ўсвядомім, што зможам быць на 80% падобнымі да Германіі або Вялікабрытаніі. Але выбіраць павінныя мы самі».

Лукашэнка захоўваў дзяржаўныя прадпрыемствы ў нязменнасці значна даўжэй, чым гэта рабілі іншыя былыя краіны камуністычнага блока. Зараз жа ён кажа, што прыватызацыя стаіць на позве дня – на продаж будзе выстаўлена да 100% акцый. Аднак ён перасцерагае, што кошты павінныя быць «справядлівымі». Інвестараў, якія ўкладваюць сродкі ў стварэнне сваіх даччыных кампаній з нуля, таксама сустрэнуць гасцінна. «Прыстойным» бізнесменам нават прадаставяць бясплатныя ўчасткі зямлі пад будаўніцтва хат, «каб яны маглі жыць не на краі Еўропы, як у Лондане, а ў цэнтры Еўропы».

Лукашэнка прызнае, што выклікаў раздражненне ў Расеі, не прызнаўшы тэрыторыі Паўднёвай Асеціі і Абхазіі, якія аддзяліліся ад Грузіі. Але ён не выключае, што паступіць так у будучыні, – па ягоных словах, новы парламент павінен выказаць сваё меркаванне. Ён адкідае як «цалкам дурны» тэзіс, што дзеянні Расеі стварылі небяспечны прэцэдэнт для Беларусі. «Божа барані нас, калі Расея паспрабуе зрабіць тое ж самае з Беларуссю. У гэтым няўяўным выпадку ў Еўропы будзе поўнае права запрацівіцца Расеі, не ідучы на кампраміс у адносінах якіхсьці метадаў ці рычагоў», – кажа ён.

Лукашэнка жадае, каб Захад актыўней удзельнічаў у жыцці краін на тэрыторыі былога СССР. Па ягоных словах, уплыў Захада – асноўная прычына, якая прымусіла былыя рэспублікі СССР не следаваць прыкладу Расеі і ўстрымацца ад прызнання Абхазіі і Паўднёвай Асеціі.

Але дзе гарантыі таго, што ў будучыні Захад застанецца досыць магутнай процівагай «для моцы Расеі, якая няўхільна расце і растучага ўплыву Расеі ў гэтых краінах»? Пытанне слушнае, але Захаду не так-та лёгка абмяркоўваць яго з Лукашэнкам.

Жыццё ва ўладзе

Жнівень 1954 года – нарадзіўся ў Копысе.

1982 год – стаў намеснікам старшыні калгасу. Раней служыў у Савецкім войску.

1990 год – абраны дэпутатам Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь.

1993 год – абраны старшынём антыкарупцыйнага камітэта беларускага парламента.

Ліпень 1994 года – абраны на пост прэзідэнта.

Лістапад 1996 года – рэферэндум, які ўхваліў прапанову пашырыць паўнамоцтвы Лукашэнкі адносна парламента і падоўжыць ягоны прэзідэнцкі тэрмін на два гады.

Верасень 2001 года – пераабраны на пост прэзідэнта на наступны пяцігадовы тэрмін у выніку выбараў, якія заходнія назіральнікі асудзілі як недэмакратычныя.

Кастрычнік 2004 года – рэферэндум, які ўхваліў прапанову Лукашэнкі адмяніць абмежаванне знаходжання прэзідэнта ля ўлады двума тэрмінамі.

Сакавік 2006 года – пераабраны на пост прэзідэнта на трэці тэрмін. Назіральнікі асудзілі галасаванне, заявіўшы аб фундаментальнай недасканаласці.

Снежань 2007 года – абвясціў, што ў выпадку размяшчэння амерыканскіх баз у Польшчы і Чэхіі Беларусь размесціць на сваёй тэрыторыі расейскія ракеты.

Чэрвень 2008 года – абвясціў міжнародны тэндэр на будаўніцтва атамнай электрастанцыі.

Пераклад Inopressa.ru

Напісаць каментар 23

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках