27 снежня 2024, Пятніца, 8:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Юры Хашчавацкі: «Змагаючыся за кіно, я проста вымушаны змагацца з гэтай уладай»

2

Да канца гэтага года кіраўніцтва Міністэрства культуры і Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм» павінны падрыхтаваць канкрэтныя прапановы па развіцці беларускага кінематографа. Такое даручэнне зрабіў Аляксандр Лукашэнка падчас наведвання кінатэатра «Беларусь».

«Прайшло 15 гадоў, калі былі пастаўленыя задачы па развіцці кінематографа. Дзе гэтае кіно, куды мы вышлі? - справядліва абурыўся А.Лукашэнка. - У Расеі горш за нас пачыналі, а паглядзіце, што там сёння. Хіба яны ходзяць да Мядведзева, Пуціна прасіць грошы? Яны самі шукаюць грошы і здымаюць кіно. А у нас па-ранейшаму ведаюць адну дарогу - у бюджэт…»

Вядомы беларускі рэжысёр-дакументаліст Юры Хашчавацкі перакананы, што хуткім часе беларусы не ўбачаць добрага афіцыйнага беларускага кіно.

«На жаль, час моцна страчаны, - сказаў «Беларускаму партызану» Юры Хашчавацкі. - У 1993 годзе мы прапаноўвалі на базе «Беларусьфільма» зрабіць другі рэспубліканскі тэлевізійны канал. Не прыбіраючы пры гэтым кінавытворчасць, а замкнуўшы яе на гэты тэлеканал, пераводзячы ўсё на відэа. Калі б мы тады гэта зрабілі, дык сталі б рабіць тэлесерыялы, якія зараз з велізарным поспехам вырабляе Расея. Расея сёння апанавала рынак серыяламі. Прычым цудоўнымі, якаснымі серыяламі! Я кажу не аб тых серыялах, якія круціць тэлебачанне, а аб тых, што выходзяць на дысках. Прычым шмат якія серыялы робяць беларусы: напрыклад, той жа Слава Нікіфараў, Андрэй Кудзіненка, у Расеі працуе наш выдатны аператар Спарышкоў, і шмат хто іншы. А мы страцілі час, рынак проста сышоў з рук…

Што можна зрабіць зараз для развіцця кінематографа? Па-першае, змяніць кіраўніцтва кінастудыі. І уладу ў краіне. Прычым кажучы гэта, я клапачуся перш за ўсё аб кіно. Змагаючыся за кіно, я проста вымушаны змагацца з гэтай уладай… У нас у краіне няма свабодных грошаў, якія можна было бы ўкласці ў кінематограф. Улада не дае беларускім прадпрымальнікам падняцца з калень, развіцца, стаць заможнымі людзьмі. І калі я змагаюся за свабоду прадпрымальніцтва, я, ізноў жа, змагаюся перш за ўсё за кіно. Таму што разумею: гэтыя рэчы непарыўна звязаныя адна з адной. Неабходна ў краіне нармалізаваць сітуацыю - эканамічную, палітычную, - і тады з'явіцца добрае кіно.

Культура заўсёды засноўваецца на свабодзе. І не заўсёды на грошах. Часам праблемы нават спрыяльна адбіваюцца на культурных творах. Але аб якой унутранай свабодзе можа ісці гаворка ў нашым зазамбаваным, пабудаваным на страху грамадстве?

Так што ў хуткім часе добрага беларускага афіцыйнага кіно мы не дачакаемся. А неафіцыйнае кіно - яно ёсць. Напрыклад, тыя маладыя хлопцы, якія працуюць на «Белсаце», ужо зрабілі даволі шмат нядрэнных фільмаў. І звярніце ўвагу: у іх не так шмат грошай, значна менш за тое, што ёсць зараз на тэлебачанні і кінастудыі. А тым не менш фільмы яны робяць выдатныя…»

Юры Хашчавацкі таксама не верыць абяцанням дырэктара «Беларусьфільма» Уладзіміра Замяталіна аб тым, што ў 2010 годзе кінастудыя будзе цалкам жыць за свой кошт.

«Палкоўнік Замяталін прызвычаіўся жыць за кошт бюджэту - проста таму, што ўся нашая армія жыла і жыве за кошт бюджэту, - кажа кінарэжысёр. - Таму нават смешна казаць, што да 2010 года Замяталін як мэнэджэр зможа забяспечыць прыбытак. Не выключана, што ўсё атрымаецца як у вядомай прыпавесці: за гэты час ці шах памрэ, ці шахіня замуж выйдзе. Да 2010 года, магчыма, ужо проста не будзе Лукашэнкі і не будзе перад кім даваць справаздачу. Зрэшты, тады ўжо і Замяталін не будзе кіраваць кінастудыяй…»

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках