2 лiстапада 2024, Субота, 4:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Маленькія закладнікі рэжыму Лукашэнкі: дзяцей не пускаюць на аздараўленне за мяжу

11

Амбасады замежных краінаў пацвярджаюць інфармацыю аб прыпыненні праграмаў аздараўлення беларускіх дзяцей за мяжой. Дзяцей не пускаюць у Злучаныя Штаты Амерыкі, Вялікабрытанію, Францыю, Нідэрланды, Ірландыю.

Нагадаем, упершыню аб забароне на выезд дзяцей за мяжа паведаміла 4 верасня ірландская газета The Irish Times. Афіцыйныя прадстаўнікі Беларусі гэтыя звесткі не пацвярджаюць, але пры гэтым заяўляюць аб неабходнасці падпісання двухбаковых дамоваў з краінамі, якія прымаюць беларускіх дзяцей на аздараўленне.

Як паведаміла БелаПАН прэс-аташэ амбасады Вялікабрытаніі ў Беларусі Кася Бяспалава, дыппрадстаўніцтва "інфармаванае аб прыпыненні дзеяння дазволу для дзяцей з рэгіёнаў, пацярпелых ад наступстваў чарнобыльскай аварыі, прыязджаць на аздараўленне ў Злучанае Каралеўства". Прэс-аташэ падкрэсліла, што амбасада не атрымлівала "папярэдняга афіцыйнага апавяшчэння аб гэтым", а таксама праекту дамовы аб умовах аздараўлення дзяцей.

"Мы занепакоеныя сітуацыяй, якая склалася. Амбасадар Вялікабрытаніі ўздымаў гэтае пытанне на сустрэчах з кампетэнтнымі міністэрствамі, — сказала К.Бяспалава. — Мы разумеем, што іншыя краіны апынуліся ў падобнай сітуацыі, і яны таксама занепакоеныя".

У амбасадзе Францыі і ганаровым консульстве Нідэрландаў заявілі, што чулі аб прыпыненні праграмаў, але не былі аб гэтым афіцыйна апавешчаныя і не атрымлівалі праект дамовы. Пры гэтым у пасольстве Францыі адзначылі, што "пільна сочаць за развіццём сітуацыі".

Пытанні аздараўлення беларускіх дзяцей, нагадаем, таксама абмяркоўваліся 11 верасня падчас сустрэчы ў Дубліне міністра замежных справаў Ірландыі Майкла Марціна з часовым павераным у справах Беларусі Валерыям Курдяковым.

Каментуючы сітуацыю, якая склалася, дырэктар дэпартамента па гуманітарнай дзейнасці Упраўлення справамі прэзідэнта Аляксандр Каляда падцвердзіў, што ў сувязі з невяртаннем на радзіму 16-гадовай Таццяны Казыры часова прыпыненыя праграмы аздараўлення дзяцей у ЗША. "Каб пазбезнуць падобных сітуацыяў у наступным дэпартамент па гуманітарнай дзейнасці як дзяржаўная структура зацікаўлены ў заключэнні з кампетэнтнымі дзяржаўнымі ворганамі краінаў, якія прымаюць дзяцей, вышэйзгаданай дамовы, падпісанне якой будзе спрыяць далейшаму ўмацаванню супрацоўніцтва з Рэспублікай Беларусь у гуманітарнай дзейнасці, уключаючы аздараўленне дзяцей", — гаворыцца ў афіцыйным адказе кіраўніка ведамства.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках