26 снежня 2024, Чацвер, 19:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лібералізацыяй і не пахне. Ці ведае пра гэта Сікорскі?

18

У праваабарончы цэнтр «Вясна» перададзены дакумент, які сведчыць, што напярэдадні і ў дзень «выбараў» улады рыхтуюць меры рэпрэсіўнага характару супраць апазіцыі.

Нагадаем, што на днях міністр замежных справаў Польшчы Радаслаў Сікорскі наведаў з візітам Беларусь. Падчас сустрэчы ў Белавежскай пушчы з кіраўніком МЗС Беларусі Сяргеем Мартынавым ён заявіў, што пабачыў «пазітыўныя змены ў беларускай палітыцы». Ці ведае спадар Сікорскі аб дакуменце, што патрапіў ў рукі праваабаронцаў? Бо ў ім улады фактычна санкцыянуюць расправу над сваімі апанентамі. І адбываюцца гэтыя жудасныя правапарушэнні ў самы разгар так званай выбарчай кампаніі.

Дакумент пад назвай «Забеспячэнне аховы правапарадку і дарожнай бяспекі ў перыяд падрыхтоўкі і правядзення выбараў у дэпутаты «палаты прадстаўнікоў» зацверджаны начальнікам УУС Берасцейскага аблвыканкама палкоўнікам міліцыі У.Л. Краснічэнкам і ўзгоднены з начальнікам УКДБ па Берасцейскай вобласці палкоўнікам Л.М. Дзядковым і пракурорам Берасцейскай вобласці, старэйшым дарадчыкам юстыцыі З.К. Хмаруком.

З гэтага дакумента, датаванага 7 жніўня 2008 года, стала вядома аб стварэнні на тэрыторыі Берасцейскай вобласці Сітуацыйна-аператыўнага штаба (САШ) УУС "у мэтах каардынацыі дзеянняў сілаў і сродкаў, задзейнічаных на ахову правапарадку ў перыяд правядзення выбарчай кампаніі 2008 года". У гэты штаб увайшлі прадстаўнікі розных структурных падрадзяленняў абласнога УУС.

Акрамя мерапрыемстваў, якія насамрэч з'яўляюцца неабходнымі для забеспячэння грамадскага парадку і бяспекі грамадзянаў у перыяд падрыхтоўкі і правядзення выбараў, вызначаныя і такія, якія выклікаюць велізарную занепакоенасць і пратэст праваабарончага цэнтра "Вясна", паколькі, на думку праваабаронцаў, з'яўляюцца дакументальна пацверджаным сведчаннем падрыхтоўкі да масавых рэпрэсіяў супраць палітычных апанентаў улады і іншадумцаў.

Паводле гэтага дакумента, розным структурным падраздзяленням і іх кіраўнікам ставіцца задача на правядзенне наступных мерапрыемстваў:

прыняць:

прэвентыўныя меры па папярэджанні магчымых правакацыйных дзеянняў, нейтралізацыі грамадзянаў, якія выношваюць задумы сарваць, дэзарганізаваць падрыхтоўку і правядзенне выбараў ці ажыццявіць акцыі па дэстабілізацыі абстаноўкі ў перыяд падрыхтоўкі і правядзення выбараў, у тым ліку з боку нефармальных моладзевых груповак;

арганізаваць:

працу са спецаппаратам, арыентуючы яго на выяўленне асобаў, схільных да здзяйснення супрацьпраўных дзеянняў у перыяд падрыхтоўкі і правядзення выбараў, у тым ліку правядзенне несанкцыянаваных мерапрыемстваў;

арганізаваць:

своечасовае інфармаванне САШ УУС аб перасоўванні дэструктыўна настроеных грамадзянаў чыгуначным транспартам;

правесці:

рабочыя сустрэчы са старшынямі судоў па пытаннях скарачэння колькасці ўжывання да асобаў, якія здзейснілі правапарушэнні, спагнанняў у выглядзе адміністрацыйных арыштаў на час правядзення выбараў;

абавязаць:

падпадзяленні дарожна-патрульнай службы ДАІ адсочваць на маршрутах патрулявання факты расклейвання ўлётак, перавозкі друкаваных выданняў, вырабленых з парушэннем вызначанага заканадаўства, вывешвання сцягоў невызначанай сімволікі і недапускаць надпісаў на фасадах будынкаў і пабудоваў, правядзення несанкцыянаваных мерапрыемстваў;

арганізаваць кантроль за правядзеннем:

прафілактычных гутарак з паштальёнамі аддзяленняў сувязі, старастамі сельскіх саветаў аб недапушчальнасці правядзення з іх боку незаконнай агітацыі і распаўсюджвання друкаваных выданняў антыдзяржаўнага зместу, своечасовага інфармавання праваахоўных ворганаў пры выяўленні грамадзянаў, якія займаюцца антыдзяржаўнай агітацыяй і заклікаюць да байкатавання выбараў;

арганізаваць узаемадзеянне

з УКДБ Рэспублікі Беларусь па Берасцейскай вобласці і тэрытарыяльнымі аддзеламі на перыяд падрыхтоўкі і правядзення выбараў - па пытаннях кантролю за перасоўваннем і знаходжаннем замежных грамадзянаў, аператыўнага кантролю за лідэрамі дэструктыўных сілаў, асобамі, якія задумваюць тэрарыстычныя акты;

забяспечыць:

своечасовае адсочванне і падачу па факсе ў САШ УУС негатыўнай інфармацыі, апублікаванай у сродках масавай інфармацыі, датычнай падрыхтоўкі і правядзення выбараў.

У праваабарончага цэнтра "Вясна" ёсць усе падставы лічыць, што падобныя штабы УУС створаныя ва ўсіх абласцях краіны. Зыходзячы з аналізу гэтага дакумента, праваабарончы цэнтр "Вясна" прыходзіць да наступных высноваў:

-- перад сілавымі ведамствамі краіны ў чарговы раз ставіцца задача адсочвання і правядзення аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў у дачыненні да прадстаўнікоў апазіцыйных рухаў і партый;

-- рыхтуюцца прэвентыўныя арышты прадстаўнікоў апазіцыйных рухаў, асабліва моладзевых арганізацыяў, напярэдадні і падчас правядзення выбараў;

-- рыхтуюцца арышты грамадзянаў у сувязі з іх удзелам у магчымых мірных акцыях пратэсту.

Улічваючы досвед папярэдніх выбарчых кампаніяў 2006 і 2007 гг., калі прэвентыўныя незаконныя арышты актывістаў апазіцыі насілі масавы характар, праваабарончы цэнтр "Вясна" выражае сваю сур'ёзную занепакоенасць магчымасцю паўтарэння падобнага сцэнара і падчас бягучай выбарчай кампаніі.

Праваабарончы цэнтр "Вясна" нагадвае прадстаўнікам беларускіх уладаў, што выбары ў краіне павінныя праходзіць выключна ў межах дзеючага заканадаўства, адкрыта і галосна, у атмасферы даверу. Усялякія "нейтралізацыі", прэвентыўныя арышты і да таго падобныя дзеянні носяць незаконны характар і будуць расцэньвацца, як факты найгрубейшага парушэння правоў чалавека.

Праваабаронцы таксама нагадваюць прадстаўнікам афіцыйных уладаў, што грамадзяне Беларусі маюць права на свабоднае выказванне сваіх поглядаў, меркаванняў, у тым ліку і шляхам распаўсюджвання інфармацыі, правядзення мірных сходаў. Гэтыя правы гарантаваныя грамадзянам краіны Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь і Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах, а таксама шэрагам дакументаў АБСЕ. Мы заклікаем улады дакладна прытрымвацца Канстытуцыі і міжнародных абавязакаў у галіне правоў чалавека, якія ўзяла на сябе Рэспубліка Беларусь.

Праваабарончы цэнтр «Вясна» нагадвае, што ў выпадку парушэння правоў чалавека ўся адказнасць цалкам кладзецца на прадстаўнікоў сілавых структураў, у тым ліку і на асобаў, чые прозвішчы пададзеныя ў гэтым дакуманце.

Праваабаронцы звяртаюцца да прадстаўнікоў судовай улады Беларусі і заклікаюць іх кіравацца ў сваёй дзейнасці выключна Законам і Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, ажыццяўляць правасуддзе, зыходзячы з прынцыпу незалежнасці судовай улады ў краіне.

Аб усіх фактах парушэння правоў чалавека праваабаронцы будуць неадкладна інфармаваць міжнародную супольнасць, у тым ліку міжнародныя місіі АБСЕ і СНД па назіранні, а таксама беларускую грамадскасць.

Поўны тэкст дакумента можна прачытаць ТУТ ЗДЕСЬ.

Напісаць каментар 18

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках