24 лiстапада 2024, Нядзеля, 10:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Расея паставіць Ірану С-300, калі Ўкраіна і Грузія ўступяць у НАТА

2

Брытанскі штотыднёвік The Sunday Telegraph напісаў 31 жніўня аб асцярогах амэрыканскай выведкі з нагоды таго, што Крэмль паставіць Тэгерану ракетныя комплексы С-300 у выпадку, калі Вашынгтон будзе настойваць на прыняцці ў НАТА Грузіі і Ўкраіны.

Магчымасць такога развіцця падзеяў вельмі непакоіць ЗША і Ізраіль, паколькі зенітна-ракетныя комплексы С-300 здольныя адсочваць да 100 мэтаў адначасова і збіваць самалёты суперніка на адлегласці звыш 100 км, піша Telegraph.

"Пасланне Масквы відавочнае. Яны заяўляюць: калі вы не спыніце ўмешвацца ў сферу нашага ўплыву, мы зробім гэта. Падтрымаеце Грузію і Ўкраіну ў імкненні ў НАТА – і вы ўбачыце С-300 у Іране", – кажа Джордж Фрыдман, дырэктар прыватнай амэрыканскай выведвальнай кампаніі Stratfor.

У артыкуле зазначаецца, што ракетны шантаж з боку Расеі можа стаць першай праверкай для новаабранага прэзідэнта ЗША. Аўтары публікацыі нагадваюць, што кандыдат-рэспубліканец Джон Маккейн рэзка крытыкуе палітыку Масквы на Каўказе і падтрымлівае імкненне Грузіі ўступіць у НАТА. Ягоны канкурэнт дэмакрат Барак Абама таксама падтрымлівае ідэю прыняцця Грузіі ў Паўночнаатлантычны альянс.

У публікацыі прыводзяцца словы пэўнага высокапастаўленага супрацоўніка амэрыканскай выведкі, які нядаўна вярнуўся з Блізкага Ўсходу. Па ягоным дадзеным, Расея і Іран папярэдне дамовіліся аб пастаўках комплексаў СПА С-300. Магчыма, гэтыя пастаўкі будуць ажыццёўленымі праз Беларусь, піша Telegraph. Суразмоўца брытанскага выдання зазначае, што ў Тэгеране гэтую ўгоду лічаць адбылай, хоць улады Ізраіля лічаць, што ўсё яшчэ ў стане яе заблякаваць.

У верасні Эхуд Ольмерт ляціць у Маскву, дзе сустрэнецца з прэзідэнтам РФ Дзмітрыем Мядзведзевым і прэм'ер-міністрам Уладзімірам Пуціным, каб абгаварыць тэму паставак расейскай зброі краінам блізкаўсходняга рэгіёну, якія варожа ставяцца да Ізраіля.

Па меркаванні дарадніка міністэрства абароны ЗША Дана Гура, дамова аб пастаўцы С-300 у Іран можа справакаваць удар Ізраіля па Ісламскай рэспубліцы да таго, як гэтыя комплексы будуць усталяванымі.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках