26 снежня 2024, Чацвер, 20:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Палітрадзе бяруць верх прарасейскія сілы

32
У Палітрадзе бяруць верх прарасейскія сілы

Палітрадай апазыцыйных партыяў 31 жніўня было адкладзеным вырашэнне пытання аб удзеле або няўдзеле партыйных кандыдатаў у «парламенцкіх выбарах».

Дадзенае пытанне вырашана разгледзець яшчэ раз 21 верасня, а да гэтага партыйцы будуць прымаць удзел у «выбарчай кампаніі».

Нагадаем, што 30 жніўня Сойм Партыі БНФ прыняў рашэнне зняць сваіх кандыдатаў у дэпутаты з «парламенцкіх выбараў» да 23 верасня. Перад здыманнем кандыдатам рэкамендавана выкарыстаць магчымасці агітацыйнай кампаніі для тлумачэння выбарнікам, чаму партыя адмаўляецца ўдзельнічаць у гэтых «выбарах».

Нягледзячы на адсутнасць пэўнага рашэння з боку Палітрады, Партыя БНФ мае намер цвёрда стаяць на сваіх пазыцыях.

«Сёння прынята палавіністае рашэнне – адцягваць прыняцце пэўнага рашэння да 21 верасня. Шмат хто на Палітрадзе казаў, што трэба ўжо сёння заяўляць аб здыманні кандыдатаў. З такім сама заклікам выступіў і ганаровы старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі Станіславаў Багданкевіч, які сказаў, што ніякіх «выбараў» сёння няма, што трэба здымацца. Але большасць чальцоў Палітрады не прыслухаліся да меркавання Партыі БНФ, хрысціянскіх дэмакратаў, Станіслава Багданкевіча і вырашылі адкласці рашэнне дадзенага пытання. Думаю, што гэта нічога ня значыць. 21 верасня яны гэтак жа сама могуць усё адкласці», - сказаў у інтэрв'ю прэс-цэнтру Хартыі’97 лідэр Партыі БНФ Лявон Баршчэўскі.

Па словах палітыка, за працяг удзелу ў “выбарах” галасавалі, у першую чаргу, Партыя камуністаў беларуская, Партыя працы, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), партыя жанчын “Надзея”. Прыхільнікі Аляксандра Мілінкевіча з руху «За Свабоду» ня ўдзельнічалі ў галасаванні, заявіўшы, што прымуць любое рашэнне Палітрады.

«Я, шчыра кажучы, упершыню быў на гэтай Палітрадзе, і маё меркаванне – яна аб'ядноўвае гэтак шырокі спектар палітычных сілаў, што ніякія выразныя рашэнні проста ня могуць прымацца. Чальцы Палітрады гатовыя ісці на такія кампрамісы, што гэта размывае палітычную волю», - зазначыў Лявон Баршчэўскі.

Дарэчы, на паседжанні Палітрады ўздымалася пытанне аб абразлівых словах лідэра Партыі камуністаў Беларускай Сяргея Калякіна ў адрас Беларусі. Так, у інтэрв'ю газеце «Наша Ніва» палітык ухваліў прызнанне Расеяй незалежнасці Паўднёвай Асеціі і Абхазіі і заявіў, што «і нашая краіна набыла незалежнасць таксама даволі дзіўным чынам…»

З ініцыятывай асудзіць дадзеныя заявы лідэра камуністаў выступіла Партыя БНФ. Больш за тое, лідэр аргкамітэту па стварэнню партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя Павал Севярынец заявіў аб неабходнасці выключэння Калякіна і ягонай партыі з складу дэмакратычных сілаў. Аднак Калякін на паседжанні Палітрады заявіў, што ягоныя слова нібы былі няправільна інтэрпрэтаванымі журналістамі, і пытанне быў знятым з позвы дня.

Павал Севярынец пракаментаваў у інтэрв'ю прэс-цэнтру Хартыі’97 рашэнне Палітрады адкласці пытанне аб удзеле ў «выбарах» да 21 верасня:

«Сённяшняе рашэнне настолькі слабое, наколькі слабая сённяшняя Палітрада апазыцыйных партыяў. Мы абавязаныя наўпрост цяпер пачынаць казаць людзям – не хадзіце на «выбары», таму што вас абдураць, не працуйце з гэтым рэжымам, не гуляйце ў ягоныя гульні. Сёння Палітрада абсалютна прарасейская. Камуністы і іхнія супольнікі складаюць тамака большасць. Адразу пасля выбарчай кампаніі паўстане пытанне аб рэфармаванні апазыцыі», - сказаў Севярынец.

Кандыдаты ад Беларускай Хрысціянскай дэмакратыі маюць намер зняцца з «выбараў» да 23 верасня, а да гэтага будуць інфармаваць выбарнікаў аб неабходнасці байкоту выбарчага фарсу.

Напісаць каментар 32

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках