27 снежня 2024, Пятніца, 23:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ці здыме БНФ сваіх кандыдатаў з «выбараў»?

6

9 жніўня на пазачарговым з'ездзе Партыя БНФ была прынятай рэзалюцыя аб магчымым няўдзеле ў «парламенцкіх выбарах», калі ўлады працягнуць рэпрэсіі супраць кандыдатаў ад Фронту і дэмакратычных сілаў.

Аб тым, што гаварылася ў рэзалюцыі, адразу пасля з'езду 9 жніўня распавёў прэс-цэнтру Хартыі’97 намеснік старшыні Партыі БНФ Віктар Івашкевіч.

«Мы сфармулявалі ўмовы, пры якіх Партыя БНФ ня будзе ўдзельнічаць у выбарах. У рэзалюцыі мы пералічылі факты рэпрэсіяў супраць нашых актывістаў падчас «выбарчай кампаніі»: звальненні, арышты, несупынныя выклікі і допыты ў КДБ. Мы заявілі, што Народны Фронт можа спыніць свой удзел у несправядлівай і непразрыстай кампаніі «парламенцкіх выбараў» і шырока праінфармаваць аб гэтым беларускую і сусветную грамадзкасць, у выпадку, калі з'явяцца новыя факты дыскрымінацыі або ціску на фронтаўцаў, і калі на акругах, дзе баляатуюцца чальцы партыі, у склад участкавых камісіяў ня ўвойдуць актывісты БНФ або іншых партыяў, якія ўваходзяць у АДС. Народны Фронт высунуў 300 кандыдатаў у чальцы ўчасткавых камісіяў, і, калі яны ня ўвойдуць у камісіі, то гэта будзе сведчыць аб тым, што ўлады рыхтуюцца да фальсыфікацыяў. Прадстаўнікі Партыі БНФ таксама вінныя быць зарэгістраванымі кандыдатамі ў дэпутаты», - зазначыў Віктар Івашкевіч.

30 жніўня кіраўніцтва Партыі БНФ правядзе нараду, дзе будзе прынятым канчатковае рашэнне аб удзеле або няўдзеле ў «выбарах».

«Мы не аб'яўлялі байкот выбараў адразу, таму што нашыя актывісты жадалі папрацаваць з выбарнікамі, жадалі паспрабаваць свае сілы, прааналізаваць дзеянні рэжыму і пераканацца, што ён не дае правесці нармалёва выбарчую кампанію. Фальсыфікацыі волевыяўлення беларускіх грамадзянаў - гэта галоўная праблема. Таму ўключэнне дэмакратаў ва ўчасткавыя выбарчыя камісіі, дзе й адбываюцца фальсыфікацыі – вельмі важна. Калі дэмакраты ня будуць уключанымі ва ўчасткавыя камісіі, то галасы людзей ня будуць залічанымі. І тады выхад на плошчу – гэта рэальная альтэрнатыва хадні на выбарчы ўчастак. Голас можа быць пачутым на пляцы», - заявіў намеснік Партыі БНФ адразу пасля з'езду.

Нагадаем, што ў склад участкавых выбарчых камісіяў увайшлі ўсяго 3 адсоткі ад высунутых прадстаўнікоў дэмакратычных партыяў: 47 чалавек з 1.500 кандыдатаў. Гэта ўсяго 0,07 адсотка ад агульнай колькасці колькасці выбаркамаў.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках