28 лiстапада 2024, Чацвер, 3:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Газета.ру»: Перамога БАТЭ - акно ў Еўропу для Беларусі

1

БАТЭ стаў у сераду першым беларускім клюбам, які прабіўся ў групавы турнір Лігі чэмпіёнаў, «Шахцёр» перамог па выніках двух матчаў загрэбскае «Дынама». «Арсенал», «Атлетыка», «Фіярэнціна», «Ліверпуль» таксама прайшлі ў групавую стадыю.

Барысаўскі БАТЭ, абгуляўшы па суме двух матчаў сафійскі «Леўскі» (1:1 дома пасля 1:0 у гасцёх), стаў першым беларускім клюбам, які прабіўся ў групавы турнір Лігі чэмпіёнаў, піша расейская «Газета.ру».

«Ужо неаднакроць казаў, але з задавальненнем паўтару - у маім распараджэнні выдатная каманда, з вялікім патэнцыялам. Мара ажыццявілася. Гульня была вельмі цяжкай, але цешуся, што хлопцы праявілі характар», - прыводзіць словы галоўнага трэнера пераможцаў 30-гадовага Віктара Ганчарэнкі «Прэсбол».

Ацэньваючы дзеянні 19-гадовага брамніка Алеся Гутара, настаўнік сказаў: «Спачатку ён хваляваўся, памыляўся на выхадах, але потым узяў сябе ў рукі і ў цэлым упэўнена правёў барацьбу». А вось выдаленага ў канцы першага тайму Генадзя Блізнюка трэнер не стаў крытыкаваць: «Гена сваімі галамі выратоўваў нас у шматлікіх матчах, а зараз каманда выратавала яго».

Падчас пасляматчавай прэс-канферэнцыі Ганчарэнка таксама зазначыў, што футбалісты атрымаюць прэміі ў памеры €1 млн.

Адказваючы на пытанне, ці гатовы БАТЭ да гэтай стадыі, галоўны трэнер адказаў: «Сапраўды - не гатовыя. Мы так далёка не зазіралі і рыхтаваліся толькі да зваротнай сустрэчы з «Леўскі». У прынцыпе не ўяўляю, як мы будзем гуляць у сярэдзіне снежня. Але яшчэ ёсць час, так што сядзем, пагаворым і што-небудзь прыдумаем. Што тычыцца супернікаў, то хацелася б каго-небудзь грандаў - каб адчуць атмасферу турніру».

На заканчэнне Ганчарэнка падзякаваў гледачам: «Сёння была як ніколі моцная падтрымка. У хлопцаў, што дзейнічалі больш за тайм ў меншасці, у другім тайме дзякуючы вар'яцкай энергетыцы трыбунаў адкрылася другое дыханне».

Рулявы «Леўскі» Эміл Велеў канстатаваў: «Мы выглядалі лепш, але не пашчасціла. Выпусцілі некалькі момантаў, пры гэтым не так часта, як трэба было, білі па брамах. Паняцця ня маю, хто трапіцца БАТЭ у групе, аднак у любым выпадку беларускаму клюбу будзе вельмі цяжка. Сёння жадалі згуляць нашмат лепш, чым у першым матчы, але супернік не дазволіў - стаяў у абароне і адбіваўся».

Галы Луіса Адрыяны, Брандаа і Вілліяна прынеслі перамогу «Шахцёру» над загрэбскім «Дынама», які адказаў усяго толькі адным мячом у брамы «гарнякоў».

«Мы вельмі моцна жадалі патрапіць у Лігу і дамагліся гэтага, - канстатаваў трэнер «Шахцёра» Мірча Лучэску. - Думаю, што лік і ў першым, і ў другім матчах з загрэбскім «Дынама» адпавядаў таму, што адбывалася на полі. Мы вельмі добра вывучылі суперніка. Вядома, можна сказаць, што «Дынама» цяперашняга году адрозніваецца ад той каманды, якой была сезон таму. Нашыя супернікі страцілі шэраг вядучых гульцоў.

Тым ня менш, варта сказаць, што мы паказалі гульню ва ўсіх кампанентах праўзыходную дзеянні суперніка. Нашы футбалісты сёння добра інтэрпрэтавалі гульню, упэўнена выглядалі тактоўна. «Дынама» я жадаю поспехаў у Кубку УЕФА, а нам, адпаведна, удалага лёсавання заўтра. Наш наступны прыярытэт - выхад з групы. Лічу, гэта пакуль больш важна, чым тое, што адбываецца ў чэмпіянаце Ўкраіны».

«Сапраўды, я чакаў, што гульня будзе куды больш складанай. Асабліва пасля апошніх двух выйгранак «Дынама» у пяршынстве Харватыі. Мы былі ўпэўненымі, што пасля такіх поспехаў наш супернік будзе цалкам мабілізаваным, стане прэсынгаваць па ўсім полі. Але мы падрыхтаваліся да гэтага: лёгка выходзілі з-пад іхняй апекі, нашая абарона вельмі добра кантактавала з сярэдняй лініяй. Выбіраючы сёння склад, мы падалі перавагу выбухным футбалістам. Мелася на ўвазе, што «Дынама» будзе атакаваць, гэта значыць, за спінамі іхняй абароны адкрыюцца вольныя зоны - і тут спатрэбіцца хуткасць», - зазначыў трэнер «Шахцёра».

У выніку матчаў у сераду вызначыўся поўны склад удзельнікаў групавага этапу Лігі чэмпіёнаў.

16 клюбаў атрымалі аўтаматычныя пуцёўкі ў асноўную сетку турніру, а яшчэ 16 камандаў пераадолелі бар'ер трэцяга адборачнага раўнду. На групавым этапе Лігі дэбютуюць уладальнік Кубка УЕФА «Зеніт», румынскі ЧФР, а таксама БАТЭ і «Анартосіс». Дзве апошнія каманды сталі першымі прадстаўнікамі Беларусі і Кіпру адпаведна на гэтай стадыі турніру, зазначае афіцыйная інтэрнэт-старонка УЕФА. У выніку на лёсаванні групавага этапу будуць прадстаўленымі адразу 17 краінаў.

Усе 32 удзельнікі падзеленыя на чатыры кошыкі, па васьмі камандаў у кожным. На групавым этапе каманды з адной краіны ня могуць патрапіць у адзін квартэт.

У першы кошык патрапілі ўсе чатыры прадстаўнікіАнгельшчыны - дзейсны чэмпіён «Манчэстэр Юнайтэд», леташні фіналіст «Чэлсі», а таксама «Ліверпуль» і «Арсенал». Тутака ж апынуліся «Барселона», «Ліён», «Інтэр» і «Рэал».

У другім кошыку апынуліся абодва прадстаўніка Нямеччыны – «Вердэр» і «Баварыя», «Порту» і «Ювентус», які вярнуўся ў Лігу пасля двухгадовага перапынку.

У трэці кошык патрапілі «Зеніт», «Алімпік», «Сцяўя», «Селцік» і «Фенербахчэ».

Нарэшце, у чацвёртым кошыку апынуліся «Атлетыка», «Фіярэнціна», а таксама БАТЭ і «Анартосіс», якія пачалі барацьбу ў турніры з першага адборачнага раўнду.

Першы тур групавага этапу адбудзецца 16/17 верасня, наступныя гульнявыя дні прызначаныя на 30 верасня/1 кастрычніка, 21/22 кастрычніка, 4/5 лістапада, 25/26 лістапада і 9/10 снежня. Дзве лепшыя каманды кожнай групы прымуць удзел у лёсаванні першага кругу плэй-офф 19 снежня. Клубы, якія зоймуць трэція месцы на групавым этапе, атрымаюць права згуляць у 1/16 фіналу Кубка УЕФА.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках