27 снежня 2024, Пятніца, 10:55
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Менск прыязджае намеснік дапаможніка дзяржсакратара ЗША

2

ЗША вітаюць вызваленне ў Беларусі палітвязняў Сяржука Парсюкевіча і Андрэя Кіма. Сёння ў Менск выляцеў высокапастаўлены супрацоўнік амэрыканскага Дзярждэпартаменту.

Па меркаванні Вашынгтона, вызваленне вязняў сумлення «адкрывае рэальную магчымасць істотнага паляпшэння ў стасунках паміж Злучанымі Штатамі і Беларуссю». Аб гэтым гаворыцца ў паведамленні для прэсы, распаўсюджаным ад імя афіцыйнага прадстаўніка дзярждэпартаменту ЗША Роберта Вуда.

У паведамленні Дзярждэпартаменту адзначаецца, што ў Менск у чацвер адпраўляецца намеснік дапаможніка дзяржсакратара ЗША Дэвід Меркел. Мэта ягонага візіту - "перамовы з беларускімі афіцыйнымі асобамі і прадстаўнікамі дэмакратычнай апазыцыі".

Як ужо паведамляў прэс-цэнтр Хартыі’97, што ў сераду, 20 жніўня, у Беларусі былі вызваленымі палітвязні Сяржук Парсюкевіч і Андрэй Кім. Акрамя таго, 16 жніўня з выпраўленчай калёніі быў вызваленым адзін з лідэраў беларускай апазыцыі Аляксандар Казулін.

Стасункі Беларусі з Злучанымі Штатамі і Еўрапейскім звязам на працягу апошніх гадоў носяць напружаны характар. ЗША неаднаразова вінавацілі беларускае кіраўніцтва ў парушэнні правоў чалавека ў краіне. Адмова ўладаў вызваліць палітвязняў сталася адным з чыннікаў уводзінаў эканамічных санкцыяў у дачыненні да беларускага рэжыму.

3 лістапада 2007 году Мінфін ЗША увёў санкцыі ў дачыненні да канцэрну "Белнафтахім". У прыватнасці, яны прадугледжвалі замарожванне ўсіх змешчаных пад юрысдыкцыяй ЗША банкаўскіх рахункаў канцэрну "Белнафтахім" і ягоных прадстаўніцтваў у Нямеччыне, Лотве, Украіне, Расеі і Кітаі, а таксама рахункаў даччынай кампаніі "Белнафтахім Ю-Эс-Эй". Акрамя таго, амэрыканскім бізнэсоўцам загадвалася ўстрымацца ад кантактаў з гэтым канцэрнам.

У сакавіку 2008 году былі апублікаваныя ўдакладненні, паводле якіх пад дзеянне санкцыяў падпадалі прадпрыемствы, у якіх "Белнафтахім" валодае прамым або ўскосным прыбыткам у памеры 50% або больш.

Пасля гэтага з Вашынгтону для кансультацыяў быў адкліканым амбасадар Міхаіл Хвастоў. 12 сакавіка па патрабаванні беларускага боку Менск пакінула амбасадар ЗША Карэн Сцюарт. Затым амерыканскаму боку было рэкамендавана скараціць колькасць супрацоўнікаў дыпмісіі. У адказ амбасада ЗША заявіла аб прыпыненні разгляду заяваў на атрыманне і выдачу візаў. Цяпер у амбасадзе ЗША у Менску працуюць 4 дыпляматы.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках