24 лiстапада 2024, Нядзеля, 11:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнка вырашыў застацца ў Сочы і дачакацца Пуціна

15
Лукашэнка вырашыў застацца ў Сочы і дачакацца Пуціна

Аляксандар Лукашэнка і Дзмітрый Мядзведзеў кантактавалі ўчора ў Сочы ў фармаце сам на сам. Цяпер для Беларусі галоўнае пытанне - кошт расейскага газу. Па выніках сустрэчы яго не назвалі. Па інфармацыі расейскіх СМІ, Лукашэнка збіраецца застацца ў Сочы да суботы.

У гранд & спа гатэль «Родина», дзе ён жыве, на днях збіраецца пасяліцца прэм'ер-міністар Расеі Ўладзімір Пуцін.

Як паведамляе «Камсамольская праўда», учора Аляксандар Лукашэнка прыехаў у рэзідэнцыю расейскага прэзідэнта Бочаров ручей за дзве гадзіны да сустрэчы. Дзмітрый Мядзведзеў быў ужо там, ён прыбыў уночы з Паўднёвай Асеціі. Ці паспелі прэзідэнты пагутарыць да афіцыйнай сустрэчы або Аляксандар Лукашэнка проста прыехаў загадзя, і яму прыйшлося чакаць, - невядома.

Напярэдадні сустрэчы Крэмль не хаваў вельмі негатыўнага стаўлення да "сціплай" пазыцыі Менска па нядаўнім канфлікце ў Грузіі і дэманстратыўна адклаў разгляд ягоных просьбаў аб пазыцы і паніжэнні кошту на расейскі газ. Учора Аляксандар Лукашэнка выкарыстаў прадстаўлены яму шанец: ён ня толькі цалкам падтрымаў дзеянні Расеі ў Грузіі, але і пагадзіўся на стварэнне з Расеяй адзінай сыстэмы СПА, піша расейская газета «Камерсант».

Падтрымка толькі на словах Маскву не задаволіла

Сустрэча кіраўнікоў Расеі і Беларусі была заплянаванай задоўга да пачатку баявых дзеянняў у Грузіі. Аднак вайна на Каўказе ўнесла ў расейска-беларускія стасункі сур'ёзныя карэктывы. У Маскве былі вельмі раздражнёныя тым, што Менск не спяшаўся выражаць салідарнасць з ейнымі дзеяннямі ў Грузіі. На пяты дзень аперацыі Крэмль ня вытрымаў. Амбасадар РФ у Беларусі Аляксандар Сурыкаў публічна абвесціў Менску вымову: "Нам ня вельмі зразумела, чаму ўлады Беларусі захоўваюць сціплае маўчанне. Больш выразна трэба выражацца па такіх пытаннях, тым больш саюзнікам".

Але так здарылася, што гнеўная заява спадара Сурыкава супала з даручэннем Аляксандра Лукашэнкі кіраўніку свайго МЗС "распачаць шэраг крокаў для паляпшэння стасункаў з ЕЗ і ЗША". Гэта, падобна, давяло раздражненне Масквы да крайняй кропкі. Бо ў тыя дні ў свеце загаварылі аб стварэнні ля заходніх межаў Расеі свайго роду "санітарнага кардону" недружалюбных ёй дзяржаваў — ад Эстоніі да Грузіі. Адзінай "дзіркай" у ім Расея магла лічыць Беларусь. А тут атрымлівалася, што "дзірка" гэтая вельмі сумніўная. Не дапамаглі нават паспешныя спачуванні Аляксандра Лукашэнкі прэзідэнту РФ у звязі з трагічнымі падзеямі ў Паўднёвай Асеціі, якія паступілі на наступны дзень. Стала зразумела, што Масква чакае ад Менску лімітава зразумелай пазіцыі, зазначае «Камерсант».

Каб дапамагчы Менску хутчэй вызначыцца, прэм'ер РФ Уладзімір Пуцін падкрэслена халодна прыняў у Маскве 14 жніўня беларускага калегу Сяргея Сідорскага. Сідорскі ехаў у Маскву, каб дамовіцца аб зніжэнні кошту на расейскі газ у 2009 годзе і аб атрыманні доўгатэрміновага крэдыту ў памеры $2 млрд. Але замест гэтага беларускаму прэм'еру прыйшлося растлумачваць пазыцыю Менска па вайне ў Грузіі. У выніку Ўладзімір Пуцін параіў Аляксандру Лукашэнку спачатку дамовіцца з Дзмітрыем Мядзведзевым, а ўжо потым вярнуцца да перамоваў па пазыцы і па кошце на газ, якія былі дэманстратыўна адкладзенымі на восень.

Аб гэтай радзе ўжо на пачатку ўчорашняй сустрэчы Дзмітрый Мядзведзеў ненавязліва нагадаў беларускаму госцю: літаральна з парогу ён прапанаваў яму абмеркаваць агрэсію Грузіі ў дачыненні да Паўднёвай Асеціі. Лукашэнка зразумеў, што яму далі шанец, і шанца гэты ня выпусціў.

"Я жадаю вам падзякаваць за тую мудрасць, якую вы праявілі,— вымавіў Аляксандар Лукашэнка, звяртаючыся да прэзідэнта Расеі.— Усё было зроблена выдатна, вельмі спакойна, мудра і хораша". Пасля гэтага беларускі кіраўнік на ўсялякі выпадак дадаў, што Захад ня змог бы дзейнічаць так, як Расея, а "зрабіў бы ўсё так, што заварушыўся бы ўвесь свет".

Зрэшты, падтрымка толькі на словах Маскву, судзячы па ўсім, не задаволіла. Па заканчэнні перамоваў дапаможнік прэзідэнта РФ Сяргей Прыходзька абвесціў, што Дзмітрый Мядзведзеў і Аляксандар Лукашэнка дамовіліся правесці увосень паседжанне вышэйшай дзяржрады «саюзнай дзяржавы», на якім будзе падпісанай дамова аб стварэнні адзінай сыстэмы СПА. У сакратарыяце саюзнай дзяржавы ўчора ўжо далі зразумець, што гэта адказ на размяшчэнне амэрыканскай СРА у Еўропе. Пасля гэтага стала зразумела, што меў на ўвазе Лукашэнка, калі разважаў услых аб тым, што "апошні канфлікт падштурхоўвае нас да няпростых дзеянняў у рамках «саюзнай дзяржавы»".

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках