29 снежня 2024, Нядзеля, 5:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Колькасць школ скарацілася амаль на сотню

У новым навучальным годзе ў Беларусі стане на 91 школу меней. Як паведаміла начальнік упраўлення развіцця матэрыяльна-тэхнічнай базы Міністэрства адукацыі Лідзія Зайцава, усе гэтыя школы размешчаныя ў сельскай мясцовасці.

30 — у Віцебскай, 20 — Менскай, 13 — Магілёўскай, 12 — Гарадзенскай, 9 — у Гомельскай і 7 — у Брэсцкай вобласці, удакладніла чыноўніца ў інтэрв'ю БелаПАН,

Сярод асноўных прычын закрыцця школ спецыяліст назвала недахоп вучняў у сельскай мясцовасці і ветхасць будынкаў. Як адзначыла Л.Зайцава, першапачаткова сёлета меркавалася закрыць 67 школ, але пасля планы былі адкарэктаваныя.

Прадстаўнік Мінадукацыі таксама паведаміла, што да 1 верасня адкрыюцца чатыры новыя школы на 1 тыс. 473 вучнёўскіх месцаў ў агульнай колькасці і адна школа пасля рэканструкцыі.

У Беларусі налічваецца 3 тыс. 740 школ. Пашпарты гатовасці на дадзены момант атрымалі 70%, да 25 жніўня такія пашпарты павінныя атрымаць усе школы.

У 93 школах рамонт будзе працягнуты пасля 1 верасня, але нягледзячы на гэта яны прымуць навучэнцаў. "Рамонт у асноўным будзе знешнім — добраўпарадкаванне прылеглай тэрыторыі і падрыхтоўка кацельняў да зімы", — адзначыла Л.Зайцава. Па яе словах, такія працы не будуць перашкаджаць вучэбнаму працэсу.

Адна школа — у вёсцы Вярэсніца Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці — закрыецца на рэканструкцыю да снежня. Да завяршэння прац заняткі будуць арганізаваныя ў мясцовай музычнай школе і школе, размешчанай у суседнім гарадскім пасёлку.

Заўвага Хартыі’97: За час кіравання Аляксандра Лукашэнкі колькасць насельніцтва Беларусі скарацілася на 500 тысяч чалавек.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках