«Газпрам» пагадзіўся плаціць больш за транзіт газа праз Беларусь
- 1.08.2008, 13:06
ААТ "Белтрансгаз" і ААТ "Газпрам" падпісалі даппагадненне аб павелічэнні кошту транзіту газа праз тэрыторыю Беларусі.
Аб гэтым паведаміў на прэс-канферэнцыі ў Менску першы віцэ-прэм'ер Уладзімір Сямашка, перадае БелТА.
Ён нагадаў, што з другога квартала бягучага года кошт на газ для Беларусі быў павялічаны са $119 да $128 за тысячу кубаметраў. "У сувязі з гэтым падпісаная дадатковая дамова аб павелічэнні кошту транзіту", — растлумачыў Уладзімір Сямашка.
"Газпрам разлічыўся за транзіт газу ў першым паўгоддзі ў памеры $105 млн.", — сказаў першы віцэ-прэм'ер, удакладніўшы, што частка гэтых грошай пайшла на кампенсаванне росту кошту на газ. Пры гэтым Уладзімір Сямашка падкрэсліў, што кошт у $128 на пастаўляны ў Беларусь расейскі газ захаваецца да канца 2008 года.