24 лiстапада 2024, Нядзеля, 9:05
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Расейцы павыкупляюць прадпрыемствы па «спецпропуску», выдадзенаму Лукашэнкам

19
Расейцы павыкупляюць прадпрыемствы па «спецпропуску», выдадзенаму Лукашэнкам

Пасля доўгіх ваганняў беларускія ўлады прыступаюць да масавай прыватызацыі дзяржаўнай уласнасці. Каму і за колькі аддаваць дзяржуласнасць Лукашэнка вырашае сам, адзначае "Российская газета".

Працэс пайшоў у пачатку гэтага тыдня, пасля таго, як урад прыняў пастанову і апублікавалў спіс прадпрыемстваў, якія мяркуецца рэфармаваць. У яго ўвайшлі 519 аб'ектаў. Акрамя гэтага, дзяржава прадасць свае пакеты акцый 147 ужо створаных адкрытых акцыянерных таварыстваў.

Аб тым, калі адбудуцца першыя таргі, у Дзяржаўным камітэце па маёмасці сказаць пакуль не могуць. Як растлумачыла карэспандэнту "Российской газеты" начальнік упраўлення рэфармавання дзяржаўнай уласнасці Ірына Баркоўская, працэс толькі пачаўся, спісы дэталізуюцца. Сёння ў камітэце рыхтуецца самая падрабязная інфармацыя па кожным прадпрыемстве, удакладняюцца род дзейнасці, фінансавыя паказчыкі, колькасны склад. Падыход па шматлікіх прадпрыемствах, улічваючы іх спецыфіку, будзе індывідуальным: адны прададуць па конкурсе, па загадзя абумоўленых умовах продажу, іншыя пойдуць з аўкцыёну. Інвестарам Ірына Баркоўская раіць часцей зазіраць на сайт Дзяржкаммаёмасці, дзе ўся неабходная інфармацыя будзе публікавацца.

У ведамстве падкрэсліваюць, што беларускае заканадаўства лаяльнае да любога ўдзельніка гэтага працэсу. Грамадзяне РФ, замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства ўдзельнічаюць у прыватызацыі на тых жа правах, што і беларусы. Гэта датычыцца як фізічных, так і юрыдычных асобаў.

Па словах першага віцэ-прэм'ера беларускага ўрада Ўладзіміра Сямашкі, у тым, што ўлады пайшлі на распродаж "фамільнага срэбра", няма нічога надзвычайнага. Раней Беларусь стрымлівала працэс прыватызацыі і не распрадала свае прадпрыемствы, як гэта зрабілі суседзі. Эканоміка, па ягоным меркаванні, ад гэтага толькі выйграла. Калі пяць гадоў таму за кантрольны пакет акцый "Белшыны" інвестар прапаноўваў заплаціць ненашмат больш за 50 мільёнаў даляраў, то цяпер "мы вядзем гаворку аб продажы акцый гэтага прадпрыемства больш чым за мільярд", сказаў першы віцэ-прэм'ер.

Аднак ёсць і іншыя прыклады. Той жа Менскі аўтамабільны завод, інвеставаўшы не без дапамогі дзяржавы ў развіццё вытворчасці 380 мільёнаў даляраў, вырабіць у цяперашнім годзе 26 тысяч аўтамабіляў. Расейскі КамАЗ, які чатыры гады таму, безнадзейна адстаючы ад МАЗа, выпускаў усяго пяць тысяч грузавікоў, цяпер вырабіць 60 тысяч. Яшчэ пару гадоў - і застыламу ў цнатлівых абдымках дзяржавы МАЗу на расейскім рынку, які хутка развіваецца, пагражаюць цяжкасці, не параўнальныя з цяперашнімі.

Па прызнанні першага віцэ-прэм'ера, краіна падыйшла "да новага разумення развіцця эканомікі" таму, што ва ўмовах росту коштаў на энерганосьбіты дзяржаве падтрымліваць прамысловасць праз разнастайныя палёгкі становіцца ўсё цяжэй. Іншымі словамі, паменшыліся расейскія субсідыі, паменшылася і дзяржаўная падтрымка.

Дарэчы сказаць, МАЗ па планах урада павінен быць акцыянаваны ўжо сёлета. На наступным этапе мяркуецца стварэнне сумеснага прадпрыемства Менскага аўтамабільнага заводу і расейскага "Урала". Для менскіх аўтамабілебудаўнікоў гэта выхад: каб захаваць канкурэнтаздольнасць, па словах Сямашкі, неабходна інвеставаць у вытворчасць да 2014 года мільярд даляраў.

Зрэшты, МАЗ - не адзінае прадпрыемства, якое можа зацікавіць замежных, і першым чынам расейскіх, інвестараў. У бліжэйшыя тры гады ўрад мае намер прыватызаваць 519 дзяржаўных прадпрыемстваў. Большасць з іх для буйнога расейскага капіталу не прадстаўляюць цікавасці. Але ёсць і выключэнні: у спісах значацца такія гіганты былой савецкай індустрыі, як Беларускі аўтамабільны завод у Жодзіна, Менскі завод колавых цягачоў, Менскі маторны завод, Менскі механічны завод імя З. І. Вавілава, "Гомсельмаш" і іншыя (поўны спіс - на сайце Дзяржкаммаёмасці Рэспублікі Беларусь). Звяртае на сябе ўвагу і гатовасць Беларусі растацца са сваім адрэзкам нафтаправода "Дружба", па якім расейская нафта транспартуецца ў Еўропу. Як мяркуюць спецыялісты, гэта звязана з планамі Расеі пабудаваць нафтаправод у абыход Беларусі, пасля чаго "Дружба" страціць сваю транзітную значнасць.

А вось прадпрыемствы нафтахімічнага комплексу, продаж якіх ужо даволі доўга абмяркоўваецца расейскімі інвестарамі, у спісах адсутнічаюць. Хоць яшчэ ў маі старшыня канцэрна "Белнафтахім" Міхаіл Асіпенка заяўляў, што буйнейшыя прадпрыемствы нафтаперапрацоўчай галіны (гаворка ішла аб "Нафтане" і "Паліміры") на 50 адсоткаў могуць быць прададзеныя замежнаму інвестару ўжо хуткім часам.

Зрэшты, адсутнасць гэтых прадпрыемстваў у планах на продаж яшчэ ні пра што не кажа: інвестар, прэтэндуючы на самыя смачныя кавалачкі, можа прыйсці ў краіну па "спецпропуску", выдадзенаму ў кабінеце Аляксандра Лукашэнкі. Апошні прыклад - майская сустрэча прэзідэнта з кіраўніком холдынгу "Базавы элемент" і ўваходзячага ў ягоны склад ААТ "Рускія машыны" Алега Дзерыпаскі. Уласна, пасля гэтых перамоваў і пачалося цяперашняе сяброўства МАЗа і "Урала", гатовае скончыцца выгодным стратэгічным альянсам. Дарэчы, у мінулым годзе менавіта з дазволу Лукашэнкі былі прададзеныя дзяржпакеты акцый шэрагу беларускіх прадпрыемстваў і банкаў. Аб гэтых здзелках грамадзяне пазналі, што завецца, па факце.

Спецыялісты адзначаюць наяўнасць у спісе і прадпрыемстваў ваенна-прамысловага комплексу, якія могуць быць цікаўныя расейцам. На продаж выстаўляюцца больш за дзесяць прадпрыемстваў ВПК, сярод якіх Менскі завод колавых цягачоў, прадпрыемствы сродкаў сувязі і электронікі "Лёс", "Агат-сістэм", КБ "Радар", Менскі электрамеханічны завод.

Зрэшты, расейскія інвестары, прэтэндуючыя на беларускую ўласнасць, павінныя быць гатовыя да пэўных складанасцяў. Аб гэтым, каментуючы планы ўрада, адкрыта заявіла Ірына Баркоўская. Яна прызналася, што да прыватызацыі вялікую цікавасць паказваюць расейцы, а беларускі дырэктарат асцерагаецца, што "расейскі капітал прыйдзе і ўсё павыкупляе". "Мы гэтага не дапусцім", - паабяцала яна.

Больш за тое, чыноўніца не выключыла, што на першапачатковым этапе інвестарам могуць быць прапанаваныя пакеты акцый да 25 адсоткаў статутнага фонду. Да таго ж да інвестара, які будзе купляць дзяржпрадпрыемствы цалкам, як маёмасны комплекс, могуць быць прад'яўленыя патрабаванні па захаванні колькасці працаўнікоў, так званага сацыяльнага пакета, стварэнню новых працоўных месцаў і г.д.

На думку спецыялістаў, шматлікія з "абавязковых умоваў" наўрад ці задаволяць не толькі расейскіх, але і замежных інвестараў. Як лічыць беларускі эканаміст Леанід Злотнікаў, зыходзячы з гэтага прыватызацыя ў Беларусі можа стаць фармальнай, без зменаў самой сістэмы эканомікі. Па ягоным меркаванні, яна не параджае рынкавую эканоміку, свабоднае прадпрымальніцтва, капіталістычную гаспадарку, а разлічаная на прыцягненне замежных інвестыцый, якія краіне вельмі патрабуюцца, з захаваннем ранейшай каманднай сістэмы.

Заўвага www.charter97.org: Як заяўляў адзін з лідэраў грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў у артыкуле «Ключ ад прыватызацыі знаходзіцца ў руках апазіцыі», сёння Лукашэнка мэтанакіравана прыбірае апошнія ачагі грамадзянскага кантролю. Адсутнасць свабоды прэсы, жахлівыя абмежаванні на дзейнасць апазіцыйных партый, фактычная забарона на дзейнасць дэмакратычных няўрадавых арганізацый, адсутнасць незалежнай судовай сістэмы выкарыстоўваецца ўладамі для таемнай прыватызацыі, выратавання рэжыму і асабістага ўзбагачэння.

Па меркаванні Саннікава, падобны распродаж беларускай дзяржуласнасці ўзбагаціць прадстаўнікоў улады і набліжаных да іх бізнэсмэнаў на мільярды даляраў. Народ нічога ад гэтага не атрымае.

Апазіцыя заўсёды катэгарычна выступала супраць такога ходу прыватызацыі. Без кантролю з боку грамадства ніякія махінацыі з дзяржуласнасцю не будуць мець юрыдычнай сілы. Новы ўрад дэмакратычнай Беларусі не прызнае вынікаў такой прыватызацыі, заявіў Андрэй Саннікаў.

Напісаць каментар 19

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках