27 лiстапада 2024, Серада, 7:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Актывістаў БНФ масава прызвалі ў войска

Заўтра лідэр арганізацыі “Моладзь БНФ” Алесь Каліта адпраўляецца на тэрміновую службу ў вайсковую часьць №30151, што месьціцца ў горадзе Фаніпаль. На бліжэйшыя паўтара году Каліта будзе жаўнерам войскаў супрацьпаветранай абароны.

Каліта не адзіны актывіст «Моладзі БНФ», які трапіў на летні прызыў. На службу таксама адпраўляюцца Юры Дзяшук, ва ўнутраныя войскі ў Менску, Зьміцер Бяляеў — войскі сувязі ў Горадні, Фёдар Чаранкоў з Мазыру. Франака Вячорку і Антона Каліноўскага прызыўныя камісіі прызналі нягоднымі да армейскіх будняў, паведамляе “Наша Ніва”.

Сам Алесь Каліта кажа: «Шкада, што не змагу быць гэты час тут, дапамагаць сваім таварышам у змаганьні. Разам з тым, я маю ідэі чым заняцца ў войску. Найперш хачу правесьці экспэртызу вайсковых статутаў адносна міжнародных дакумэнтаў, якія падпісвала Беларусь. Буду патрабаваць, каб загады аддавалі па-беларуску».

Нагадаем, што Алесь Каліта мае захворваньні, паводле якіх прызыўнікоў вызваляюць ад службу ў войску ў мірны час. Раней Магілёўская раённая камісія прызнала яго нягодным да службы з-за дэфэкту сэрца (анэўматычнае выпячваньне міжпрадсэрнай перагародкі памерам 16 мілімэтраў), але абласная камісія накіравала яго на дадатковае абсьледаваньне ў Цэнтральную вайскова-лекарскую камісію ў Менск. Пасьля абсьледваньня там ступень дэфэкту сэрца была прызнаная істотна меншай -- 5 мілімэтраў.

Франак Вячорка выказаў ідэю стварэньня адмысловага сайту «Нашы ў войску», дзе зьмяшчаліся навіны з тых часьцей, дзе служаць прадстаўнікі дэмакратычнага руху.

Дарэчы, учора Алесь Каліта перадаў паўнамоцтвы старшыні «Моладзі БНФ» свайму намесьніку Ільлі Богдану. «Ільля прымае старшынства ня ў самыя лёгкія часы», — кажа А.Каліта.

Нагадаем, што Ільля Богдан адседзеў 10 сутак у сьледчым ізалятары па падазрэньні ў датычнасьці да выбуху 4 ліпеня. Хаця яго і вызвалілі, але хлопец па?ранейшаму праходзіць па гэтай справе.

Чарговы зьезд «Моладзі БНФ» мусіць адбыцца 19 кастрычніка, дзе будзе абранае новае кіраўніцтва арганізацыі.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках