Аляксандр Атрошчанкаў: «Умовы ў турме на Акрэсціна становяцца ўсё больш дрэннымі і жорсткімі» (Фота)
2- 27.06.2008, 15:55
Сёння з турмы на Акрэсціна пасля 15 сутак арышту выйшаў на волю актывіст грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Аляксандр Атрошчанкаў.
Актывіст «Еўрапейскай Беларусі» быў затрыманы 12 чэрвеня пад час свайго візіту ва ўпраўленне КДБ па Менску і Менскай вобласці. Аляксандр Атрошчанкаў ужо больш за паўгады дамагаецца вяртання аргтэхнікі, канфіскаванай напярэдадні Еўрапейскага марша, які прайшоў 14 кастрычніка 2007 года ў Менску. Апазіцыянера даставілі ў Цэнтральны суд Менску, дзе без сведак і адваката ён быў прысуджаны да 15 сутак арышту за «непавагу да суду», якую ён нібыта праявіў 22 красавіка ў залі суда Цэнтральнага раёна ў адносінах суддзі Алены Ільіной, якая вынесла прысуд Андрэю Кіму ў выглядзе 1,5 год калоніі і двух год выпраўленчых прац па месцы працаўладкавання і штрафаў астатнім удзельнікам акцыі пратэсту прадпрымальнікаў, што адбылася ў Менску 10 студзеня.
Аб падрабязнасцях затрымання і знаходжання на Акрэсціна Аляксандр Атрошчанкаў распавёў прэс-цэнтру Хартыі’97.
-- Аляксандр, як адбывалася Вашае затрыманне?
-- Мяне выклікалі ў КДБ нібыта для таго, каб задаць шэраг пытанняў наконт адабранай у мяне напярэдадні Еўрапейскага марша аргтэхнікі. Я прыйшоў, але ля ўваходу мяне чакалі супрацоўнікі Цэнтральнага РУУС. Мяне адразу ж адвезлі ў аддзяленне міліцыі, а затым – у суд. Дзейнічалі міліцыянты вельмі аператыўна. Я з падобным ніколі не сутыкаўся. Праз 15 хвілін пасля затрымання я быў у РУУС, а праз 25 — у судзе.
Абвінавацілі мяне ў тым, што я нібыта праявіў непавагу да суду пад час працэсу над удзельнікамі акцыі пратэста прадпрымальнікаў, які праходзіў месяцам раней. Негледзячы на тое, што фармальна я не быў ні затрыманы, ні арыштаваны, у аддзяленні міліцыі ў мяне яшчэ да суду адабралі папругу, тэлефон. Суд быў кароткім – я заявіў хадатайніцтва аб прыцягненні адваката Веры Страмкоўскай, але яго адхілілі. Мяне абараняў дзяржаўны адвакат, які яўна не меў ніякага вопыту вядзення працэса.
Шчыра кажучы, пасля гэтага працэса павагі да беларускага суда ў мяне не дадалося. Таццяна Паўлючук асудзіла мяне хутка і без сведак.
-- У першы жа дзень знаходжання на Акрэсціна Вам выклікалі «хуткую дапамогу». З-за чаго ўзніклі праблемы са здароўем?
-- У мяне ўзніклі праблемы з сэрцам. Я сядзеў у душнай, перанаселенай камеры, дзе ўсе палілі. У лякарні ў мяне хутка знялі ўсе паказанні, узялі аналіз крыві, заявілі, што ў шпіталізацыі я патрэбы не маю, і аператыўна адправілі на Акрэсціна.
Умовы былі вельмі цяжкія, не было прагулак, не хапала ежы, а перадачы, як вы ведаеце, забароненыя. Я вельмі схуднеў. Штаны, каб не ўпалі, прыходзілася трымаць рукамі (папругу і шнуркі ў арыштантаў забіраюць – заўв. Хартыі’97).
У камеры са мной знаходзілася ад 5 да 12 чалавек. Людзі вельмі розныя, у асноўным алкаголікі, бытавыя хуліганы. У некаторых здараліся прыступы белай гарачкі. У псіхалагічным плане гэта было цяжка пераносіць.
Адсутнасць прагулак было аднім з самых цяжкіх выпрабаванняў. Сядзець у каменным мяшку 15 сутак без прагулак даволі складана: і псіхалагічна, і фізічна. Элементарна не хапае свежага паветра. Паступова пачынаеш дрэнна разумець, мозгу не хапае кісларода. Чытаеш значна больш павольна.
Усяго два разы вадзілі ў душ. Гэтага, канешне, мала, бо днём вельмі спякотна. Чатыры разы рабілі ператрус у камеры, асабісты дагляд: усе выходзяць з камеры тварам а сцяны, людзей прымушаюць распранацца, здымаць абутак, шкарпэткі…
-- Гэта значыць, што ўмовы на Акрэсціна не змяніліся?
-- Кожны раз, калі я трапляю ў турму на Акрэсціна, умовы становяцца ўсё больш дрэннымі і жорсткімі. Да гэтага я сядзеў тут у кастрычніку напярэдадні Еўрапейскага марша.
-- Вашая жонка Дар’я Корсак накіравала ў Офіс АБСЕ ліст з просьбай наведаць турму на Акрэсціна. Ці павінныя міжнародныя структуры надзяляць увагу праблеме ўтрымання там палітзняволеных?
-- Канешне, прадстаўнікі міжнародных структур павінныя звяртаць на гэта вялікую ўвагу. Беларусь з’яўляецца сябрам АБСЕ і павінная выконваць пэўныя правілы і дамовы. І АБСЕ павінная ад уладаў патрабаваць гэтага. Інакш незразумелая роля гэтых структур. Яны павінныя звяртаць увагу на ўмовы ўтрымання палітзняволеных. Тым больш напярэдадні парламенцкіх выбараў, калі высокая верагоднасць таго, што турмы зазвычай запоўняцца палітзняволенымі.