24 лiстапада 2024, Нядзеля, 13:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусь і Расея складуць агульны спіс «невыязных» грамадзян

19

Афіцыйны Менск плануе дамовіцца з расейскімі ўладамі наконт укладання агульных спісаў жыхароў дзвюх краінаў, якіх нельга выпускаць за мяжу.

Спачатку пра гэта заявіў старшыня апазіцыйнага Аб'яднання дэмакратычных сілаў, лідэр Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька. Учора беларускія ўлады пацвердзілі расейскай газеце "Новые Известия" гэтую інфармацыю.

Яшчэ ў лютым Менск абвясціў пра абмежаванні на выезд за межы краіны для пэўнай катэгорыі грамадзян Беларусі. Вялося пра людзей з доступам да звестак, якія змяшчаюць дзяржтаямніцу, падазраваных ці абвінавачаных у крымінальных справах ці асуджаных за здзяйсненне злачынства. Апрача гэтага стандартнага набору, у выездзе за мяжу сталі адмаўляць і тым, каму высунуты грамадзянскі зыск, - на тэрмін, вызначаны судом, але не больш чым да сканчэння вытворчасці па справе. Менавіта гэты момант выклікаў трывогу ў апанентаў улады – рэч у тым, што пад апошні пункт можа патрапіць практычна кожны. Неўзабаве гэтыя засцярогі спраўдзіліся - на літоўскай мяжы беларускія памежнікі “далі гарбуза” аднаму з лідэраў беларускай апазіцыі Анатолю Лябедзьку, які ад 2004 года знаходзіцца пад следствам з абвінавачання ў "абразе гонару і годнасці прэзідэнта". Следам за ім "адпрэчылі" яшчэ некалькіх апазіцыянераў.

"Адмоўнікі" адразу рушылі шляхам, пракладзеным у свой час грузінскімі гастарбайтэрамі, якіх без візаў не пускалі на расейскую тэрыторыю, і яны заязджалі на тэрыторыю РФ праз Менск. "Невыязныя" беларусы таксама паехалі ў Расею, а ўжо адтуль - у канчатковыя пункты сваіх маршрутаў. Дарэчы, Масква ўжо прапаноўвала Менску ўвесці візавы рэжым з Грузіяй.

Выехаць на Захад беларускія апазіцыянеры могуць толькі праз Расею. Карыстацца, напрыклад, "украінскім маршрутам" яны не могуць. Рэч у тым, што адрозна ад расейска-беларускай мяжы, дзе кантроль адсутнічае спрэс, украінскія памежнікі не спяць у шапку, і людзі, пазначаныя ў "чорных спісах" беларускіх уладаў, у іх краіну "праскочыць" не могуць.

З інфармацыі, растыражаванай прыхільнікамі Лябедзькі, адміністрацыя Аляксандра Лукашэнкі спрабуе дамовіцца з Масквой, каб беларускіх "палітневыязных" не выпускалі за мяжу і праз Расейскую Федэрацыю.

Учора ўлады практычна пацвердзілі дакладнасць гэтай інфармацыі. Кіраўнік прэс-цэнтра Дзяржаўнага памежнага камітэта Беларусі Аляксандр Цішчанка ў гутарцы з карэспандэнтам "НИ" заявіў, што патрэба ў агульнай базе звестак наконт асобаў, што выпраўляюцца за мяжу, проста скрайняя. "Ва ўсім свеце цяпер ствараюцца агульныя базы звестак супраць тэрарыстаў. Зразумела, што ні мы, ні расейцы не хочам іх бачыць на сваёй тэрыторыі", - сказаў сп. Цішчанка. На яго думку, Беларусі і Расеі неабходна аб'яднаць высілкі для абмежавання выезду людзей, што "маюць праблемы з законам, разам са згашанымі абавязкамі - аліменты, крэдыты і гэтак далей". Ён пацвердзіў, што пытанне са стварэннем адзіных базаў ужо разглядаецца. Таксама, з інфармацыі Аляксандра Цішчанкі, "на цяперашнім этапе вырашаюцца пытанні наконт тэхнічнага боку забеспячэння гэтай справы".

У аўторак да дэбатаў вакол "невыязных" падлучыліся і расейцы. Але не так, як бы хацелася беларускім уладам. Упаўнаважаны па правах чалавека Расейскай Федэрацыі Уладзімір Лукін абяцаў даць беларускім апазіцыянерам праўную і інфармацыйную падтрымку. Лукін заявіў, што гатовы скарыстаць усе рычагі, каб не дапусціць сітуацыі, калі Расея не выпускала б за мяжу беларускіх палітыкаў.

Напісаць каментар 19

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках