24 лiстапада 2024, Нядзеля, 15:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Дэпутатаў», якія галасавалі за Закон аб СМІ, могуць уключыць у спісы «неўяздных»

6

Апазіцыйныя палітычныя партыі маюць намер звярнуцца ў міжнародныя структуры з заклікам уключыць у спісы «неўяздных» у краіны ЕЗ і ЗША «дэпутатаў», якія галасавалі за прыняцце Закона аб СМІ.

«Палітычныя партыі плануюць звярнуцца да ўрадаў краін ЕЗ і ЗША з заклікам уключыць у спіс неўяздных у гэтыя краіны «дэпутатаў» беларускага «парламента», якія галасавалі за Закон аб СМІ, што ліквідуе апошнюю магчымасць працы для незалежных журналістаў», - заявіў сёння на прэс-канферэнцыі ў Менску лідэр Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька.

Праект закона «Аб сродках масавай інфармацыі» быў прыняты 24 чэрвеня ў другім чытанні. "За" выказалася 96 "парламентарыяў", "супраць" - 2.

Беларуская асацыяцыя журналістаў атрымала тэкст законапраекта толькі напярэдадні яго разгляду. Юрысты БАЖ, прааналізаваўшы праект закона аб СМІ, прыйшлі да высновы, што ў выпадку прыняцця законапраекта ў цяперашняй рэдакцыі па незалежных сродках масавай інфармацыі будзе нанесены непапраўны ўдар, які паставіць іх на мяжу выжывання, а фактычна прывядзе да знішчэння незалежных СМІ у краіне.

Найбольшыя турботы выклікае тое, што ўлады змогуць блакаваць усе Інтэрнэт-СМІ, не зарэгістраваныя ў Беларусі ў якасці сродку масавай інфармацыі.

Паводле праекту Закона аб СМІ, пералік парушэнняў, за якія можна вынесці папярэджанне ў адрас рэдакцый, размыты і неабмежаваны, а прыпыніць выданне друкаванага СМІ можна нават за адно папярэджанне. Пры гэтым выносіць папярэджанні выданням зможа не толькі Міністэрства інфармацыі, але і любы суддзя, пракурор або чыноўнік любога райцэнтра.

Нагадаем, у 2006 годзе Еўразвяз і ЗША за рэпрэсіі супраць беларускіх грамадзян забаранілі ўезд на сваю тэрыторыю дзесяці вышэйшым чыноўнікам беларускага рэжыму, уключаючы Аляксандра Лукашэнку, старшыню КДБ Сцяпана Сухарэнку, міністра ўнутраных спраў Уладзіміра Навумава, сакратара Савбяса РБ Віктара Шэймана, экс-міністра ўнутраных спраў Юрыя Сівакова, камандзіра спецназа ўнутраных войскаў Дзмітрыя Паўлічэнку, старшыню ЦВК Лідзію Ярмошыну, старшыню Белтэлерадыёкампаніі Аляксандра Зімоўскага, намесніка кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта Наталлю Пяткевіч і інш. Пазней у гэты спіс быў уключаны шэраг іншых высокапастаўленых чыноўнікаў датычных да рэпрэсій.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках