24 лiстапада 2024, Нядзеля, 17:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Станіслаў Багданкевіч: «Знешні доўг Беларусі да канца года будзе складаць не менш за 15 мільярдаў»

16

У Беларусі ў студзені-красавіку 2008 года сальда знешняга гандлю таварамі наблізілася да 1,5 мільярдаў даляраў. На думку экс-кіраўніка Нацбанку, гэта толькі пачатак.

«Тэндэнцыя росту адмоўнага сальда знешняга гандлю азначылася ў краіне яшчэ ў 2006 годзе, а зараз толькі працягвае пагаршацца», - заявіў прэс-цэнтру Хартыі’97 экс-кіраўнік Нацбанку краіны, эканаміст Станіслаў Багданкевіч.

«Замест таго, каб змагацца з велізарнымі выдаткамі і энергаёмістасцю нашай прамысловасці пры дапамозе тэхналагічнага пераўзбраення, нанатэхналогій і рэальнай рынкавай канкурэнцыі, што забяспечыла бы сапраўдны рост вытворчасці і больш высокія аб'ёмы экспарту беларускіх тавараў, улады змагаюцца з паступленнем у краіну тавараў народнага спажывання, аб'ём якіх у агульным аб'ёме гандлю надзвычай, я бы нават сказаў, нікчэмна малы», - лічыць эканаміст.

«Сёння Беларусі не па сілах займацца фундаментальнымі даследаваннямі, у краіне для гэтага недастаткова грошай, а большасць лепшых розумаў працуе за мяжой. У Еўропе, ЗША і нават ужо ў Расеі і навуковая база, і ўмовы значна прывабней. Таму нам трэба аператыўна ўкараняць сусветныя дасягненні ў нашу эканоміку, а не спрабаваць штучна падтрымліваць тое, што ёсць, толькі злёгку мадэрнізаваўшы. Нягледзячы на намаганні ўрада, беларуская прамысловасць застаецца вельмі энергавыдатковай, а энерганосьбіты мы купляем у Расеі, з якой і самы вялікі паказчык мінусу ў гандлёвым абароце», - тлумачыць сітуацыю Станіслаў Багданкевіч.

У выніку Беларусь мае тое, што мае. Калі яшчэ пару год таму сукупны знешні доўг краіны складаў 6 мільярдаў даляраў, а сёння ён ужо перавышае 13 мільярдаў, і ёсць усе падставы меркаваць, што да канца гэтага года будзе складаць не менш за 15 мтільярдаў. «І гэта пры тым, што цяпер ідзе велізарнае субсідаванне беларускай эканомікі з боку Расеі. Калі раней пры кошце газу ў 100-120 даляраў, мы плацілі 40-50, то цяпер мы плацім 120, калі газ каштуе больш за 300. Атрымліваецца замест ранейшых у сярэднім 60 даляраў на кожнай тысячы кубаметраў, сёлета мы атрымліваем у якасці датацый 200 даляраў. Аднак гэта чамусьці не ратуе беларускую эканоміку. Больш таго, мы яшчэ бярэм у Расеі крэдыты на аплату энерганосьбітаў. Такім чынам, расце не толькі замежнагандлёвае сальда, але і знешні доўг», - кажа эканаміст.

І вынік тут адзін, іншага яшчэ ніхто ў свеце не прыдумаў – гэта глабальныя эканамічныя рэформы, а не дэмагогія вакол іх. «У першую чаргу, трэба даць волю прадпрымальніцтву, абмежаваць дзяржаўны кантроль за бізнэсам і стварыць роўныя ўмовы для канкурэнцыі прыватных і дзяржаўных прадпрыемстваў. У развітых краінах доля малога і сярэдняга бізнэсу ў ВУП краіны даходзіць да 70%, а ў Беларусі гэты паказчык, па розных дадзеных, складае толькі 10-15%. Але тут эканоміка ўжо неаддзельная ад палітыкі. Фінансава незалежны чалавек захоча жыць у вольнай краіне», - мяркуе Станіслаў Багданкевіч.

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках