24 лiстапада 2024, Нядзеля, 9:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Генпракуратуры лічаць «загадзя ілжывай» інфармацыю аб пастаўках зброі ў Венесуэлу

5

17 чэрвеня лідэр Аб'яднанай грамадзянскай партыі (АГП) Анатоль Лябедзька быў выкліканы ў Генеральную пракуратуру. Там ён быў папярэджаны аб адказнасці за загадзя ілжывы данос у сувязі з ягоным патрабаваннем расследаваць пэўнасць інфармацыі аб пастаўках беларускай зброі ў Венесуэлу.

Нагадаем, 19 мая палітык накіраваў зварот генеральнаму пракурору Рыгору Васілевічу з просьбай правесці расследаванне з нагоды паставак беларускімі структурамі зброі калумбійскім паўстанцам, паведамляе БелаПАН.

"Падчас гутарак з прадстаўнікамі Генпракуратуры ў мяне паўстала ўражанне, што следчы не ведае, што са мной рабіць. Спачатку мне сказалі, ці жадаю я аформіць свой ліст як заяву або як інфармацыю. Калі гэта была інфармацыя, яны не абавязаныя на яе рэагаваць, а калі заява — то тады я папярэджваюся аб адказнасці за загадзя ілжывы данос па артыкуле 400 Крымінальнага кодэкса. Я пагадзіўся на то, каб мой зварот лічылі заявай, і падпісаў паперу аб адказнасці", — паведаміў А.Лябедзька.

"Пракуратура павінная праверыць гэтую інфармацыю, накіраваць запыты ў Інтэрпол, тым больш што прадстаўніцтва Інтэрпола ў Беларусі ёсць; у газету "Эль Паіс", на тэлеканал "Еўраньюс", які распаўсюдзіў гэтую інфармацыю. Калі яна адпавядае рэчаіснасці — то сказаць, куды сышлі грошы ад продажу гэтай зброі. А калі няма — праз еўрапейскія структуры патрабаваць аспрэчвання гэтай інфармацыі", — лічыць А.Лябедзька.

У сваім звароце палітык спаслаўся на артыкул у іспанскай газеце "Эль Паіс" ад 10 мая. У матэрыяле ішла гаворка аб тым, што Венесуэла з дапамогай Беларусі намервалася пастаўляць зброю паўстанцам з Рэвалюцыйных узброеных сілаў Калумбіі (FARC). Выданне паведамляла аб лісце, знойдзеным у кампутары аднаго з лідэраў баявікоў Раўля Рэйеса, які быў забіты 1 сакавіка ў выніку спецаперацыі калумбійскага войска. Гэты ліст датаваны 8 лютага і падпісаны адным з сябраў сакратарыята FARC Янам Маркесам, які паведамляе, што прэзідэнт Венесуэлы Уга Чавес "разгледзеў з беларускімі ўладамі магчымасць паставак узбраення".

"Наш беларускі сябар працягвае працу над пакетам (магчыма, маецца ў выглядзе пакет дакументаў. — БелаПАН.) аб шляхах да чорнага рынка, каб вырашыць праблемы, — цытуе газета вытрымкі з ліста. — 17-га чыслагэтага месяца (лютага. — БелаПАН.) у Каракас прыбудзе дэлегацыя высокіх прадстаўнікоў ад гэтага сябра, каб удакладніць спіс. Анёл прасіў, каб мы былі тут і асабіста дамовіліся з дэлегацыяй".

Па дадзеных "Эль Паіс", Анёл — гэта псеўданім У.Чавеса. "А сябар — гэта Віктар Шэйман, дзяржсакратар Савета бяспекі Беларусі, чалавек вельмі набліжаны да Аляксандра Лукашэнкі. Шэйман быў адным з тых, хто прасоваў кантракты на пастаўку зброі ў Венесуэлу на суму ў 720 млн. эўра, якія былі падпісаныя летась", — сцвярджае газета.

Інтэрпол пацвердзіў сапраўднасць дакументаў, якія сведчаць аб фінансавых узаемаадносінах прэзідэнта Венесуэлы Уга Чавеса і ўрады гэтай краіны з групоўкай "Рэвалюцыйныя ўзброеныя сілы Калумбіі", паведаміла агенцтва Рэйтэр са спасылкай на заяву спецыялістаў арганізацыі.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках