2 лiстапада 2024, Субота, 18:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Да Аляксандра Атрошчанкава ў турму прыязджала «хуткая»

3
Да Аляксандра Атрошчанкава ў турму прыязджала «хуткая»

"Хуткая дапамога" была выкліканая сёння ўначы да арыштаванага на 15 сутак актывіста "Еўрапейскай Беларусі" Аляксандра Атрошчанкава. Як паведаміла прэс-цэнтру Хартыі'97 жонка Аляксандра Дар'я, у яго ўзніклі праблемы з сэрцам.

Таму персанал спецпрыёмніка-размеркавальніка на вуліцы Акрэсціна ў Менску, дзе адбывае сваё пакаранне дэмакратычны актывіст, быў вымушаны выклікаць "хуткую".

Пра гэта Дар'і стала вядома пасля таго, як яна сёння раніцай прынесла прадуктовую і рэчавую перадачу для свайго мужа. Прыкладна палову дазволеных законам рэчаў і прадуктаў супрацоўнікі адміністрацыі спецпрыёмніка адмовіліся прыняць.

Прымаў перадачу для актывіста кампаніі "Еўрапейская Беларусь" вядомы ахоўнік спецпрыёмніка Аляксандр Дулуб. Па сцвярджэнні палітвязня Сяргея Парсюкевіча, які адбываў тэрмін за ўдзел у акцыях пратэсту беларускіх прадпрымальнікаў, менавіта гэты чалавек збіваў яго падчас знаходжання на Акрэсціна.

Нагадаем, Аляксандр Атрошчанкаў быў затрыманы 12 чэрвеня ў часе свайго візіту ва ўпраўленне КДБ па Менску і Менскай вобласці. Ён ужо больш за паўгады дамагаецца вяртанні аргтэхнікі, канфіскаванай напярэдадні Еўрапейскага маршу, які прайшоў 14 кастрычніка 2007 года ў Менску. Супрацоўнікі міліцыі і КДБ уварваліся ў кватэру, здыманую Аляксандрам Атрошчанкавым, з нагоды "трупнага паху", на які, нібыта, паскардзіліся суседзі. У выніку ператрусу былі сканфіскаваныя два кампутары і розныя архіўныя матэрыялы. Сам Атрошчанкаў адбыў 10-суткавы адміністрацыйны арышт па традыцыйным абвінавачанні - "нецэнзурная лаянка ў грамадскім месцы".

12 чэрвеня актывіст пайшоў ва ўпраўленне КДБ, каб працягнуць разгляд. Аднак замест разгляду па ягонай скарзе, Атрошчанкава даставілі ў Цэнтральны суд Менска, дзе без сведкаў і адваката ён быў асуджаны на 15 сутак арышту за "непавагу да суду", якую ён нібыта выявіў 22 красавіка ў зале суду Цэнтральнага раёна адносна суддзі Алены Ільіной, што вынесла прысуд Андрэю Кіму ў выглядзе 1,5 гадоў калоніі і двух гадоў выпраўленчых працаў па месцы працаўладкавання і штрафаў астатнім удзельнікам менскай акцыі пратэсту прадпрымальнікаў.

Як мы ўжо паведамлялі, на працягу некалькіх гадзін пасля затрымання актывіста пра яго лёс нічога не было вядома: у КДБ адмаўлялі не толькі факт яго затрымання, але і тое, што ён увогуле у той дзень заходзіў у будынак КДБ. Толькі праз паўтары гадзіны пасля таго, як жонка Аляксандра Атрошчанкава Дар'я напісала заяву аб знікненні мужа, да яе выйшаў падпалкоўнік КДБ Раман Лознікаў, які паведаміў, што Аляксандр Атрошчанкаў з упраўлення КДБ дастаўлены ў Цэнтральны суд Менска.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках