28 снежня 2024, Субота, 0:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Юры Хашчавацкі: Улады хочуць самі сябе пераканаць, што дзейнічаюць правільна

БТ паказвае прапагандысцкі дакумэнтальны сэрыял “Сетка”, скіраваны супраць демакратынага грамадзтва ў Беларусі і Захаду.

Беларускі рэжысэр-дакумэнталіст Юры Хашчавацкі паглядзеў некалькі сэрыяў фільму “Сетка”, але не зьбіраецца глядзець яго далей. Як сказаў Хашчавацкі ў інтэрвію “Радыё Свабода”, для яго ў гэтым фільме ужо ўсё зразумела. Тым болей, ёсьць цікавая альтэрнатыва – футбольны чэмпіянат Эўропы.

Юры Хашчавацкі паведаміў, што зьбіраецца неўзабаве адкрыць уласную кінашколу і набіраць у яе студэнтаў. Таму ён паглядзеў фільм “Сетка” з жаданьнем зрабіць для будучых вучняў нейкія карысныя высновы, як рабіць ці як не рабіць дакумэнтальнае кіно. Але такіх высноваў мала.

“Я магу ім сказаць: вось заўважце – вядоўца не глядзіць у кадр, безупынна адводзіць вочы ўбок. Адразу ж ствараецца ўражаньне, што ён хітруе, крывадушнічае, адкрыта ў вочы гледачу не зазірае. Мог бы паказаць інтэрвію, у якім суразмоўцы ў прынцыпе не разумеюць таго, пра што гавораць... Гэта хоўм-відэа хлопцаў, якія яшчэ нічому не навучыліся”, - лічыць рэжысэр.

Што да агульнага зьместу сэрыялу “Сетка”, то спадар Хашчавацкі ацэньвае гэты фільм як непераканаўчы.

“Маё першае ўражаньне, што гэта як зомбі, ведаеце, быццам бяруць мёртвага чалавека і прымушаюць яго рухаць рукамі і нагамі. Гэтак жа ў гэтым фільме. Зьнешне нібыта ўсё ў парадку: маладыя твары, эфэкты, нейкі рытм і музыка, але на самой справе гэта плён мысьленьня нездаровых людзей”, - перакананы Юры Хашчавацкі.

Сярод іншага Хашчавацкі заўважыў, што ў фільме выступала шмат дэпутатаў ад апазыцыі з Украіны.

“Выглядае, што амэрыканскія фонды зрабілі “памаранчавую” рэвалюцыю, каб гэтыя людзі маглі сядзець і паліваць на сваю ўладу. Вось гэта сапраўды найвышэйшае дасягненьне ў дэмакратычнай краіне”, - сцьвярджае рэжысэр.

На думку Юрыя Хашчавацкага, гэта адзін з прыкладаў таго, што ў фільме няма лёгікі, што праца зробленая малапрафэсійна.

“Увогуле гэта не кіно, абмяркоўваць як кіно гэта немагчыма, гэта тэлеперадача, зробленая ў кліпавым сучасным рэжыме, туды прыцягнутыя ня самыя складаныя эфэкты: выкадроўкі, узбуйненьні, але так трэба здымаць папсу. Думаю, што гэта і ёсьць папса, прапагандысцкая папса”, - кажа Хашчавацкі.

Юры Хашчавацкі зьвяртае ўвагу і на тое, што фільм паказваюць адначасова з трансьляцыямі з эўрапейскага чэмпіянату па футболе. Такім чынам, і час паказу выбраны няўдала, мала хто паглядзіць.

“Людзі з улады такімі перадачамі ў асноўным настройваюць саміх сябе на ўспрыманьне таго, што адбываецца. Гэта фільм, як мне падаецца, для ўнутранай прапаганды, яны хочуць самі сябе пераканаць, што дзейнічаюць правільна. Такі фільм з нармальных людзей ніхто глядзець ня будзе. Падобную праграму могуць глядзець толькі два тыпы людзей: першы – тыя, якія цікавяцца палітыкай і спрабуюць зразумець, што адбываецца. Але на іх гэтая праграма ня можа паўплываць, бо яны даўным-даўно ўсё зразумелі. Другі тып людзей, якія гэта глядзяць, – гэта схаваныя шызафрэнікі, якім цікава, каб іх палохалі, паказвалі нейкія жахі, што вакол адны ворагі і павукі”, - упэўнены творца.

Фільм “Сетка” выклікаў у Юрыя Хашчавацкага і адно сур’ёзнае пытаньне агульнаграмадзкага гучаньня.

“Як вывелі за гэтыя 15 гадоў катэгорыю абсалютна несумленных маладых людзей, якія ўсё гэта робяць, у якім інкубатары іх гадавалі?” – задае рытарычнае пытаньне Хашчавацкі.

Выкарыстаньне здымкаў спэцслужбаў і незаконна запісаных тэлефонных размоваў, на чым пабудаваная значная частка гэтага фільму, у нармальнай дакумэнталістыцы выключана, -- перакананы рэжысэр.

“Яны ня маюць такога права, у нармальнай краіне людзі могуць падаць у суд і выйграць гэты суд, гэта па-за этыкай прафэсіі, гэта тыя самыя рэпрэсіўныя і незаконныя хады, якія выкарыстоўвае наша ўлада ў адносінах да звычайных людзей, якія няспынна сутыкаюцца зь беззаконьнем”, - падсумаваў беларускі рэжысэр-дакумэнталіст Юры Хашчавацкі.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках