24 лiстапада 2024, Нядзеля, 19:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Па справе РНЕ дапытваюць тых, каму фашысты пагражалі

У абласную управу КДБ былі выкліканыя сябар Сойму КХП БНФ Ян Таўпыга і партыец Ян Дзяржаўцаў, якія паўгода таму атрымалі лісты з пагрозамі ад імя “віцебскай філіі “Русского Национального Единства”.

20 траўня гэтага году па фактах зьяўленьня ў Віцебску лістоў з пагрозамі ад імя РНЕ Камітэт дзяржбясьпекі узбудзіў крымінальную справу. Цяпер тых, хто атрымліваў падобныя лісты на працягу 2006-2007 гадоў, выклікаюць на допыты, паведамляе “Радыё Свабода”.

Паказаньні ў гэтай справе ўжо далі рэдактар недзяржаўнага бюлетэню «Курьер из Витебска», былы рэдактар газэты “Витебский курьер” Уладзімер Базан, былая старшыня гарадзкой арганізацыі АГП Алена Залеская і праваабаронца Леанід Сьвецік. Яго выклікалі на допыт пасьля 9-гадзіннага ператрусу, падчас якога супрацоўнікі КДБ забралі ў праваабаронцы аргтэхніку, друкаваныя выданьні і нават чыстую паперу.

Леанід Сьвецік кансультаваў тых, хто атрымаў допісы ад імя РНЕ, -- дапамагаў ім складаць заявы ў пракуратуру, каб адпаведныя структуры знайшлі аўтараў лістоў з пагрозамі. Аднак крымінальную справу паводле артыкулу 130.1 “Распальваньне міжнацыянальнай і міжканфэсійнай варожасьці” распачалі толькі цяпер, амаль праз два гады пасьля атрыманьня віцебскай актывісткай Аленай Залескай першага ліста ад РНЕ.

Падрабязнасьці пра тое, што цікавіць у гэтай справе супрацоўнікаў КДБ, выкліканыя на допыт не распавядаюць, бо зь іх узялі падпіску пра неразгалошваньне таямніцы сьледзтва.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках