27 снежня 2024, Пятніца, 6:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Стыхійны пратэст у Менску: «У нас усё прадаецца, сорамна і крыўдна за дзяржаву і Лукашэнка!» (Фота)

29

Учора ў Менску ў двары дома №20 па вуліцы Гамарніка адбыўся стыхійны мітынг жыхароў, якія пратэставалі супраць будаўніцтва на месцы дзіцячай пляцоўкі 12-павярховага дома.

Каля сотні жыхароў выйшлі з кватэраў на вуліцу, бо вельмі абураныя, што будаўнікі зьнеслі бульдозэрам дзіцячую пляцоўку, зрэзалі дрэвы і на гэтым месцы зьбіраюцца будаваць жылы дом з двухузроўневымі падземнымі гаражамі, паведамляе “Радыё Свабода”.

Адна з удзельніц мітынгу трымала плякат “Будоўлі – не! Дзецям – дзіцячую пляцоўку, будаўніцтва забараніць!” За мітынгам назіралі некалькі міліцыянтаў, якія ніяк не перашкаджалі, але адварочваліся ад фотакамэры.

Жыхары дома кажуць, што яны хочуць адстаяць права сваіх дзяцей гуляць побач дома і нават проста наромальна жыць. Апроч таго, дом закрые сонца дзіцячаму садку санаторнага тыпу для хворых дзяцей. Таксама будаўнікі зьнесьлі адзіную ў мікрараёне грамадзкую прыбіральню.

У заяве генэральнаму пракурору Беларусі грамадзяне напісалі, што адчуваюць сябе “абсалютна безабароннымі перад свавольствам уладаў”.

Яны абураныя, што адміністрацыя Савецкага раёна ня хоча зь імі сустракацца. Дарэчы, удзельнікі мітынгу іх зноў не дачакаліся. У лісьце, які яны атрымалі ад адміністрацыі раёну гаворыцца, маўляў, усё узгоднена і законна. Тым часам ужо сабрана больш за 300 подпісаў жыхароў супраць будаўніцтва дома.

“У дзяцей забралі дзяцінства – усе арэлі разбурылі. Няма дзе пагуляць. І нас усіх закоўваюць у цэмэнтны мяшок. Вось так – жывіце і дыхайце. Гэта парушэньне ўсіх санітарных нормаў”, - сцьвярджае адна жыхарак мікрараёна.

Па словах іншага жыхара, “улады проста ігнаруюць калектыўны зварот”.

Яшчэ адна жанчына лічыць, што праз гэтую новабудоўлю “парушаюцца правы дзяцей на кожным кроку”.

“Учора нам адмовілі ў складаньні пратаколу адносна правапарушэньня на тэрыторыі дзіцячай пляцоўкі. Стаяла агароджа, не было пашпарту аб’екта. Мы выклікалі міліцыю, але яна не склала нават пратакол. Я думаю, што тут вялікія грошы замешаны і інтарэсы людзей не ўлічваюцца. Бо людзі ў нас наогул – нішто”, - упэўнена адна з жыхарак.

А іншая выказваецца яшчэ больш радыкальна. “У нас усё прадаецца, таму сорамна і крыўдна за нашу дзяржаву. За нашага прэзыдэнта!”.

Напісаць каментар 29

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках