24 лiстапада 2024, Нядзеля, 9:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Бензін падаражэе на 5-17%

7

У самы бліжэйшы час ў Беларусі падаражэе паліва. Але калі афіцыйныя крыніцы абяцаюць павялічэнне коштаў не больш чым на 5%, то незалежныя эканамісты прадказваюць усе 17%.

Па словах эканаміста Леаніда Заікі, сённяшні кошт нафты на сусветным рынку большы ад рэальнага ў 2 разы. Гэта вынікі гульні на нафтавых біржах буйных нафтаздабываючых кампаній. І расійскія кампаніі зараз ідуць па тым жа шляху.

“Расіяне таксама ціха праводзяць павялічэнне коштаў на паліва на расійскім рынку. І гэта з’ўляецца дамінуючым фактарам, бо шэраг расійскіх кампаній, якія гандлююць палівам на беларускім рынку, да прыкладу, “Лукойл”, прывозяць сваё паліва з Расіі для запраўкі сваіх станцый тут. Паколькі працэс росту цэн у Расіі пайшоў, і там не пачалі антыманапольнага расследавання, выяўлення манапольнай змовы, то, у адпаведнасці з логікай паводзін расійскіх кампаній, гэта будзе адбывацца і ў Беларусі. Бо ўсё звязана. А расійскія кампаніі, той жа “Лукойл”, працуе і на рынку Украіны”, -- паведаміў эканаміст у інтэрв’ю “Еўрарадыё”.

Эканаміст прадказвае, што паліва для беларускіх аўтамабілістаў падаражэе не менш, чым на 15-17%.

“Летась рост склаў 14,5% і таму цалкам рэальна меркаваць, што сёлета кошты вырастуць дзесці на 15-17%”, -- адзначае Заіка.

Між тым, па яго словах, нават з улікам сусветных коштаў на нафту, у Беларусі паліва даражэй амаль на палову ад рэальнага кошту. Каля 1 тысячы рублёў з літра паліва з дапамогай акцызаў забіраюць сабе нафтаперапрацоўчыя камбінаты. І стрымаць рост коштаў на паліва беларускія ўлады могуць, знізіўшы гэтыя акцызныя зборы.

Як дазналася “Еўрарадыё” з абазнаных крыніц у адным з нафтаперапрацоўчых канцэрнаў, там даўно чакаюць дазволу на падвышэнне коштаў на паліва. Маўляў, ад пачатку года нафта падаражэла на 20%, а паліва ў нас па-ранейшаму прадаюць па старых коштах.

Калі будзе падаражанне, пакуль невядома. Магчыма, у самыя бліжэйшыя дні. Па словах суразмоўцы “Еўрарадыё”, вырастуць кошты прыблізна на 5%. А на дызельнае паліва нават і больш.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках