Ломаць доўга шукаў беларускія памідоры ў крамах
36- 22.05.2008, 14:57
Старшыня Камітэту дзяржкантролю Зянон Ломаць растлумачыў прычыну, па якой даручыў КДК праверыць механізм коштаўтварэння на айчынную агародніну.
«На днях купляў памідоры... У адным месцы — іспанскія, у другім, трэцім — таксама. Але я ж шукаў нашыя. Нарэшце знайшоў — 8.200! А іспанскія — 7.400. Чаму імпартныя, што праехалі ўсю Еўропу, танней за тыя, што выраслі пад Менскам? Ніякай жыццёвай і нават эканамічнай логікай гэта не патлумачыць. Раніцай жа даручыў разабрацца, як фарміруецца адпускны кошт на прадукцыю агракамбінатаў», - распавёў старшыня Дзяржкантролю Зянон Ломаць у інтэрв'ю газеце "Советская Белоруссия".
Нагадаем, на днях з'явілася інфармацыя, што Камітэт дзяржкантролю Беларусі праверыць механізм коштаўтварэння на айчынную агароднінную прадукцыю. Як паведамляла афіцыйнае агенцтва БЕЛТА, намстаршыні Сяргей Бараноўскі даў такое даручэнне сваім падпарадкаваным падчас простай лініі ў Менску.
"У сферы фарміравання коштаў на айчынную агародніну мы будзем наводзіць парадак, пытанне вельмі сур'ёзнае. Чаму, напрыклад, памідоры з Іспаніі каштуюць танней, чым памідоры, вырашчаныя ў Беларусі?", - заявіў тады Сяргей Бараноўскі.