Лукашэнка стварае пагрозу ўвядзення санкцыяў адносна Беларусі
2- 22.05.2008, 8:29
"Беларускія ўлады правакуюць санкцыі адносна Беларусі", - вядзецца ў распаўсюджанай заяве лідэраў апазіцыйных палітычных партый.
Палітычныя партыі на паседжанні 21 траўня прынялі яе ў сувязі "з пагаршэннем адносінаў Беларусі з ЗША і Еўрапейскім Звязам", паведамляе сайт www.udfb.org.
Палітыкі адзначылі, што цяпер адносіны Беларусі з ЗША і Еўрапейскім Звязам зазнаюць чарговы крызіс. А "непрадуманыя дзеянні Лукашэнкі па выцісканню амбасады ЗША з Беларусі ствараюць рэальную пагрозу ўвядзення эканамічных і палітычных санкцыяў" .
Беларускія ўлады, вядзецца ў заяве, неаднаразова ініцыявалі міжнародныя скандалы і абвастрэнне адносінаў як з асобнымі краінамі, так і з міжнароднымі арганізацыямі. Лідэры палітычных партый выказалі шкадаванне, што "знешняя палітыка беларускага рэжыму арыентавана не на абарону нацыянальных інтарэсаў Беларусі і мільёнаў яе грамадзян, а на задавальненне палітычных амбіцыяў аднаго чалавека".
У той самы час пераважная большасць грамадзян Беларусі, канстатуецца ў заяве, зацікаўлена ў развіцці ўстойлівых і прыязных адносінаў краіны з усімі цывілізаванымі дзяржавамі.
Лідэры партый асудзілі "палітыку канфрантацыі, якую здзяйсняюць беларускія ўлады ва ўзаемаадносінах з ЗША і Еўрапейскім Звязам". І усклалі адказнасць за паўсталыя ў беларускіх грамадзян праблемы з атрыманнем візаў у ЗША, за згортванне праграмаў гуманітарнай супрацы і пагрозу ўвядзення эканамічных санкцыяў адносна Беларусі на Лукашэнку і яго найбліжэйшае асяроддзе.
Палітыкі заявілі пра сваю гатовасць "судзейнічаць урэгуляванню адносінаў Беларусі з ЗША і Еўрапейскім Звязам і стварэнню ўмоваў для ўзаемавыгаднай эканамічнай, гуманітарнай і палітычнай супрацы".
"Гэта магчыма толькі пры выкананні ўладамі Беларусі шэрагу ўмоваў, першая з якіх - неадкладнае вызваленне ўсіх палітвязняў", - падкрэслілі лідэры апазіцыі.