28 снежня 2024, Субота, 19:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

За ўдзел у мітынгу прадпрымальнікаў арыштавалі былога маёра міліцыі

6

Арыштаваны лідэр прадпрымальніцкага руху, былы маёр міліцыі Сяргей Парсюкевіч. Такое рашэнне прыняў сёння пракурор Маскоўскага раёна Менска, куды Парсюкевіч быў выкліканы да 11 гадзін для дачы сведчанняў па ўзбуджанай супраць яго справе.

Нягледзячы на тое, што прадпрымальнік добраахвотна з'явіўся ў пракуратуру, пракурорам было прынятае рашэнне аб затрыманні Сяргея Парсюкевіча на 3 сутак. Пасля заканчэння гэтага тэрміна Парсюкевіч павінен быць адпушчаны на свабоду, альбо яму павінна быць прад'яўлена абвінавачванне, альбо па рашэнні пракурора, можа быць падоўжанае ўтрыманне пад вартай да 10 сутак.

Нагадаем, Сяргей Парсюкевіч быў затрыманы 13 студзеня ў Віцебску, пасля чаго быў дастаўлены ў Менск, дзе яго абвінавацілі ва ўдзеле ў мітынгу прадпрымальнікаў у Менску і прысудзілі да 15 сутак арышту, які прадпрымальнік правёў у спецпрыёмніку-размеркавальніку на вуліцы Акрэсціна.

Менавіта там 21 студзеня ён быў жорстка збіты супрацоўнікам турмы. «Калі б я не вырваўся і не паклікаў на дапамогу, мяне б забілі», – сказаў былы маёр міліцыі Парсюкевіч прэс-цэнтру Хартыі’97.

Старшыня Рады індывідуальных прадпрымальнікаў «Смаленскага рынку» ў Віцебску Сяргей Парсюкевіч з'яўляецца маёрам міліцыі ў адстаўцы. Выйшаў на пенсію ў 2004 годзе ў пасадзе начальніка судова-крыміналістычнага аддзела, пасля чаго і пачаў займацца прадпрымальніцкай дзейнасцю.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках