28 лiстапада 2024, Чацвер, 11:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Economist» пра БНР: «Прамень надзеі зь беларускай эміграцыі»

2

Рада Беларускай Народнай Рэспублікі дзейнічае ўжо 90 гадоў. А калі ўрады ў выгнаньні існуюць, гісторыя дапамагае ім, піша брытанскае выданьне “Economist”.

Невялікі сьветлы кавалак у гісторыі беларускага народу можна параўнаць з агаркам сьвечкі. Ён у любым выпадку стварае камфорт у цёмным пакоі. Паводле “Economist”, цяперашняя Беларусь выглядае змрочнай у параўнаньні з пэрыядам 1990-1994 гадоў. Рэтраспэктыўна гэты час можна назваць росквітам беларускай свабоды, паведамляе «Радыё Свабода».

Тое ж самае можна сказаць і пра сакавік 1918, калі Беларусь упершыню адчула смак незалежнасьці. Аднак савецкаму рэжыму ўсё ж удалося замацаваць сваю ўладу - урад БНР эміграваў напачатку ў Літву, а потым у Прагу.

Сваю дзейнасьць Рада БНР вядзе цягам дзевяці дзесяткаў гадоў. Як сьведчыць досьвед, калі ўрады ў выгнаньні існуюць, гісторыя дапамагае ім, гаворыцца ў артыкуле брытанскага выданьня.

Напрыклад, эмігранцкі ўрад Рэспублікі Польшчы ў Лёндане. Яго дзейнасьць прызнавалася Захадам з часоў другой усясьветнай вайны да апошніх дзён камуністычнага рэжыму ў Польшчы.

Эміграцыйны ўрад скончыў сваю дзейнасьць пасьля абраньня Леха Валэнсы прэзыдэнтам Польшчы і перадаў яму прэзыдэнцкія рэгаліі ад лідэра эміграцыі Качароўскага.

Прадстаўнікі эмігранцкага ўраду Усходняга Тымору вярнуліся на радзіму пераможцамі пасьля таго, як скончылася інданэзійская акупацыя. Тое ж самае тычыцца і выгнаных палітыкаў і дыпляматаў краінаў Балтыі. У 1991 годзе пра перамогу незалежнасьці ва Ўкраіне абвясьцілі лідэры заходняй эміграцыі.

Што да Беларусі, то ўрад БНР па-ранейшаму зьяўляецца “горкім сымбалічным выклікам рэжыму”, вакол якога гуртуецца беларуская апазыцыя.

Аднак, працягвае “Economist”, рэальны палітычны сьвет усё больш сур’ёзна пачынае ставіцца да прэзыдэнта Рады БНР, мастачкі з Канады Івонкі Сурвілы.

Гэтымі днямі па афіцыйным запрашэньні Эўрапарлямэнту яна разам з прадстаўнікамі беларускай замежнай дыяспары ды ўнутрыбеларускай апазыцыі знаходзіцца ў Страсбуры.

Прыхільнікі БНР, якія вымушаныя дзейнічаць ва умовах кансьпірацыі з-за страху за свой лёс і лёс сваіх сяброў, апублікавалі Зварот да міжнароднай супольнасьці. Яны заклікаюць не забывацца пра сытуацыю ў Беларусі і абараніць тых, хто зьбіраецца адзначыць ўгодкі БНР.

Тым часам, адзначае “Economist”, пэўныя зрухі назіраюцца і ў заходняй палітыцы афіцыйнага Менску. Як піша аўтар артыкулу, “Лукашэнка, гэта мовіць, фліртуе з Захадам і наіўна чакае кардынальных зьменаў у дачыненьнях. Магчыма, гэтыя зьмены ў паводзінах адбываюцца з нагоды цяперашняга цяжкага эканамічнага становішча краіны (Расея ўздымае кошты на газ), магчыма зь нейкай іншай нагоды”.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках