24 лiстапада 2024, Нядзеля, 17:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Андрэй Саннікаў: «Судзячы па істэрычнай рэакцыі Менска, санкцыі сур'ёзныя»

21
Андрэй Саннікаў: «Судзячы па істэрычнай рэакцыі Менска, санкцыі сур'ёзныя»

«Мы не ведаем усіх дэталяў, аднак, судзячы па рэакцыі Менска, санкцыі сур'ёзныя. Інакш не было б той істэрыі, якую мы назіраем сёння», – заявіў міжнародны каардынатар Хартыі’97, сябар аргкамітэта грамадзянскай кампаніі “Еўрапейская Беларусь” Андрэй Саннікаў, каментуючы ўвядзенне ЗША санкцый супраць прадпрыемстваў канцэрна “Белнафтахім”.

Па словах Саннікава, з каментараў МЗСа Беларусі можна зразумець, што паміж Менскам і Вашынгтонам былі некаторыя дамоўленасці.

«Безумоўна, увядзенне новых санкцый звязанае з тым, што ў Беларусі па-ранейшаму сядзяць за кратамі палітвязні, найперш, Казулін, і, як мы ведаем, рыхтуюцца новыя справы супраць актывістаў дэмакратычнага руху ў Беларусі. У заяве МЗСа гаворыцца пра алгарытм дзеянняў ЗША і Беларусі па паляпшэнні двухбаковых стасункаў. Мабыць, беларускі бок не выканаў пэўныя абавязальніцтвы, што і пацягнула рэакцыю з боку Злучаных Штатаў. Я думаю, што гэта апраўданая пазіцыя, бо гаворка ідзе пра жыццё і здароўе ні ў чым невінаватых людзей. А калі афіцыйны Менск прапаноўваў, як ён гэта рабіў раней, гандаль па кожным палітвязні, то такой рэакцыі ад ЗША варта было чакаць. Наколькі я разумею, гаворка ішла пра вызваленне ўсіх палітвязняў у якасці першага кроку, які мог бы паслужыць сігналам да нармалізацыі стасункаў. Працэс вызвалення скончыўся на Аляксандры Казуліне, таму дэмакратычныя дзяржавы не лічаць, што гэты крок быў зроблены», – гаворыць дыпламат.

«Звяртае на сябе ўвагу тое, што ў сваёй заяве МЗС Беларусі гаворыць пра абавязальніцтвы Злучаных Штатаў у рамках АБСЕ, – адзначае Саннікаў. – Такім чынам, афіцыйны Менск прызнае важнасць міжнароднага права і захавання норм гэтага права. Але калі б беларускія ўлады сапраўды хацелі нармалізацыі стасункаў з Еўропай і ЗША, ім, найперш, трэба было выконваць абавязальніцтвы ў рамках АБСЕ і іншых міжнародных арганізацый. АБСЕ – гэта зусім не Расея, на якую спадзяецца афіцыйны Менск, і механізмы АБСЕ сапраўды могуць выкарыстоўвацца для дэмакратычных ператварэнняў».

Андрэй Саннікаў адзначае, што беларускі МЗС «неяк дзіўна» дамагаецца не вырашэння, а пагаршэння канфлікту.

«Хамскія нападкі на амбасадара ЗША ніякімі дыпламатычнымі нормамі растлумачыць немагчыма. Амбасадар дзяржавы падпарадкоўваецца кіраўніку гэтай дзяржавы і свайму МЗСу, а не ўладам краіны знаходжання. Так, амбасадар абавязаны выконваць законы краіны знаходжання, але грубыя рэкамендацыі з'ехаць з краіны ні да якіх законаў аднесці нельга. Лагічны наступны крок, калі МЗС Беларусі будзе працягваць цягнуць сваю лінію, гэта аб'ява амбасадара персонай нон-грата і разрыў дыпламатычных стасункаў. Але ў такім разе варта чакаць новых санкцый, як з боку ЗША, так і з боку іх саюзнікаў», – лічыць сябар аргкамітэта грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь».

«Я думаю, што прычына ўвядзення санкцый гранічна зразумелая. Калі ва ўрадзе Беларусі знойдуцца «халодныя» галовы, то самым разумным было б неадкладнае вызваленне палітвязняў і спыненне палітычных рэпрэсій. У гэтым выпадку з'явілася б магчымасць не толькі пазбегнуць санкцый, але і весці сур'ёзныя гутаркі пра гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва з вядучымі дзяржавамі свету», – упэўнены Андрэй Саннікаў.

Напісаць каментар 21

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках