«Еўрапейская Беларусь» – за свабодныя паездкі беларусаў у Еўропу!
11- 8.02.2008, 13:55
Аргкамітэт грамадзянскай кампаніі “Еўрапейская Беларусь” падтрымаў ініцыятыву дэпутатаў Еўрапарламенту па збору подпісаў за зніжэнне кошту шенгенскіх візаў і ўвядзенне спрошчанага візавага рэжыму з краінамі Еўразьвязу для беларусаў.
“10 мільёнаў еўрапейцаў – грамадзян Беларусі – апынуліся закладнікамі ізаляцыянісцкай палітыкі кіраўніцтва Беларусі. Кошт шэнгенскай візы для беларусаў складае 60 еўра. У той самы час як суседзі Беларусі, наадварот, або ўвайшлі ў шэнгенскую зону, або маюць спрошчаны візавы рэжым з ЕЗ.
Мы перакананы, што беларусы, як і астатнія еўрапейцы, павінны мець магчымасць свабодна і без абмежаванняў перамяшчацца па Еўропе”, - падкрэсліваецца ў заяве “Еўрапейскай Беларусі”.
Таму “Еўрапейская Беларусь” вітае рэшэнне дэпутатаў Еўрапарламента Г. Грабоўскай (Польшча), Ю. Палецкіса (Літоўская Рэспубліка) і Х. Свобады (Аўстрыя) распачаць кампанію па зборы подпісаў еўрадэпутатаў дзеля зніжэння коштаў Шэнгенскіх віз для грамадзян нашай краіны.
З свайго боку, “Еўрапейская Беларусь” абвесціла пра пачатак збору подпісаў грамадзян Беларусі за ўступленне нашай краіны ў Еуразвяз. “Зніжэнне коштаў на візы, увядзенне спрошчанага візавага рэжыму з ЕЗ з’яўляецца першаснай задачай нашай грамадзянскай кампаніі”, - падкрэсліваюць аўтары заявы, ініцыятары стварэння грамадзянскай кампаніі “Еўрапейская Беларусь” былы намеснік міністра замежных спраў Беларусі, міжнародны каардынатар Хартыі’97 Андрэй Саннікаў, намеснік старшыні Партыі БНФ Віктар Івашкевіч, былы палівязень і экс-міністр знешнеэканамічных сувязей Міхаіл Марыніч, былы палітвязень, лідэр Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная грамада” Мікола Статкевіч.
“Еўрапейская Беларусь” заклікае дэпутатаў Еўрапарламента падтрымаць ініцыятыву сваіх калегаў і далучыць свой голас да тых, хто бачыць Беларусь свабоднай і дэмакратычнай еўрапейскай краінай.
Нагадаем, 30 студзеня тры дэпутаты Еўрапарламента Генавефа Грабовска (Польша), Юстас Палецкіс (Літва) и Ханнес Свобода (Аўстрыя) пачалі сбор подпісаў дэпутатаў Еўрапараламента за зніжэнне кошту шэнгенскіх візаў для грамадзян Беларусі. Калі цягам 4 месяцаў гэтая ініцыятыва будзе падпісаная больш чым паловай дэпутатаў, то патрапіць на разгляд у Камісію і Раду Еўразьвязу. А гэта азначае, што ўжо ў наступным годзе беларусы змогуць ездзіць у краіны ЕЗ на больш ільготных умовах.
З прапановай падтрымаць кампанію, распачатую ў Еўрапейскім парламенце, звярнуўся да беларускіх грамадзян, партыяў і грамадзкіх рухаў “Офіс за дэмакратычную Беларусь”, які у Бруселі будзе накіроўваць лісты да прадстаўнікоў розных палітычных груп у ЕП з просьбай падпісаць дэкларацыю.
У заяве “Офісу за дэмакратычную Беларусь” падкрэсліваеца, што важнай умовай поспеху з’яўляецца моцны сігнал з Беларусі, як пацверджанне неабходнасці разгляду візавага пытання Еўразвязам і зніжэння верагоднасці далейшай ізаляцыі насельніцтва краіны.
На гэты момант Беларусь з’яўляецца адзінай краінай Усходняй Еўропы, што не мае спрошчанага візавага рэжыму з ЕЗ. Украіна і Расія яшчэ ў мінулым годзе ў межах абвешчанай Еўразвязам палітыкі добрасуседства падпісалі пагадненне пра спрошчаны візавы рэжым, паводле якога шенгенская віза для грамадзян гэтай краіны каштуе 35 еўра супраць 60 еўра для беларусаў.