27 лiстапада 2024, Серада, 15:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Уладзімер Сулкоўскі: «Дзень Волі – гэта наша ўсё»

Як лепей адзначыць Дзень Волі? Чым гэтае сьвята ёсьць для беларускай інтэлігенцыі? Мастак Уладзімер Сулкоўскі лічыць 25 Сакавіка той падзеяй у гісторыі краіны, ад якой мусіць ісьці адлік усяго сучаснага жыцьця ў Беларусі.

Мастак Уладзімер Сулкоўскі адказаў на пытаньні “Радыё Свабода”.

- Як лепей, на Вашу думку, адзначыць гэтую дату?

- У нашых умовах, мне падаецца, самае галоўнае – што з памяці людзкой гэтае сьвята сыходзіць. Трэба весьці асьветніцкую дзейнасьць, каб людзі зразумелі, што гэта - сьвята ўсёй нашае краіны. Натуральна, трэба выйсьці на вуліцу, каб людзі зразумелі, што ёсьць яшчэ хоць нейкія індывідуюмы, якія не баяцца. Сёньня людзі нібыта апантаныя страхам. Колькі ж можна баяцца... Мы, мастакі, зазвычай ладзім выставу да гэтай даты на Варвашэні, ці дзе ў іншым месцы.

- А што для Вас асабіста азначае гэтая дата, гэты дзень?

- Гэты дзень для мяне стаўся сьвятам даўным-даўно. Яшчэ да перабудовы сьвяткавалі зь сябрамі. Потым паступова гэта пашырылася. Для мяне гэта тое сьвята, тая падзея, ад якой мусіць ісьці адлік усяго нашага жыцьця, усяго нашага ладу. Ёсьць дзяржава – будзе і культура, будзе і памяць, і дабрабыт... Калі ж дзяржава – толькі на паперы, а сапраўднага інстытуту дзяржавы няма, то маем наступствы. Таму для мяне гэта зьвязана зь лепшым жыцьцём. Ёсьць сакрамэнтальная фраза: “Гэта – нашае ўсё”...

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках