27 снежня 2024, Пятніца, 12:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У прадпрымальніцкіх пратэстах шукаюць «замежны сьлед»

9

Сама менш 4 актывісты абвешчаныя падазраванымі ў крымінальнай справе, заведзенай па факце падзеяў, што адбываліся падчас акцыі 10 студзеня ў Менску. Актывісты не выключаюць, што міліцыя паспрабуе дадаць да гэтай справы “замежны сьлед”.

У менскай гарадзкой управе міліцыі працягваюць расьсьледаваць крымінальную справу, якую завялі пасьля мітынгу прадпрымальнікаў 10 студзеня ў Менску. Нагадаем, тады некалькі тысяч чалавек пратэставалі супроць ўказу № 760, што абмяжоўвае эканамічныя правы дробных бізнэсоўцаў. Справа была заведзеная адразу паводле двух артыкулаў, якія прадугледжваюць адказнасьць за парушэньне грамадзкага парадку і за хуліганства.

Паводле праваабаронцаў, сьведкамі ў справе фігуравалі 12 чалавек. Зь іх днямі сама менш чацьвёра ўжо абвешчаныя падазраванымі. Гэта Міхась Пашкевіч, Алесь Стральцоў, Уладзімер Сяргееў, Міхась Крываў. Калі справа дойдзе да абвінавачаньня, то актывістам можа пагражаць да 6 гадоў зьняволеньня, паведамляе “Радыё Свабода”.

Міхася Крывава ўжо ў якасьці падазраванага дапытала сьледчая Марыя Чэўшава. Па ягоных словах, хлопцу не пагражалі і допыт праводзіўся дастаткова карэктна. “Прэтэнзіяў да допыту ў мяне няма. Але ня ведаю, як яны будуць складаць гэтую справу, як даводзіць віну? Бо я нічога не рабіў. Удзельнічаў — так, але ня біўся зь міліцыянтамі, ня кідаўся пад колы транспарту”, - кажа Крываў.

Разам з тым малады чалавек зьвярнуў увагу на цікаўнасьць сьледчых да ягоных паездак за мяжу. “Цікавіліся, на які сэмінар я езьдзіў у Вільню, пыталіся пра маю вучобу ў ЗША”, паведаміў ён.

Пра пэўны ўхіл сьледзтва кажа і моладзевы актывіст АГП Міхась Пашкевіч. “Мяркую, у сьледзтва ёсьць зацікаўленасьць зрабіць справу пра нейкі замежны цэнтар барацьбы. Бо што ў мяне, што ў Міхася Крывава ды ў астатніх сьледчыя пыталіся аднолькава: калі вы апошні раз былі ў Літве, што там рабілі і гэтак далей. Цалкам верагодна, што ў справе можа зьявіцца нейкі “тэрарыстычны цэнтар”, - мяркуе дэмакратычны актывіст.

У міліцыі пацьвердзілі, што расьсьледаваньне працягваецца, але новай інфармацыі не далі. “Пішыце запыт. Калі палічым магчымым, нешта паведамім”, — сказаў супрацоўнік прэсавай службы гарадзкой міліцыі Яўген Сачык.

Тым часам сёньня мінае 12-ы дзень, як ва Ўзьдзе трымае галадоўку Віктар Крываль. Узьдзенскі суд пакараў прадпрымальніка 15 суткамі арышту за распаўсюджваньне ўлётак напярэдадні мітынгу прадпрымальнікаў у Менску. Актывістка прадпрымальніцкага руху Ларыса Насановіч паведаміла, што і ў вязьніцы Віктар Крываль працягвае змагацца за свае правы.

“Ён запатрабаваў, каб туды прыйшла санстанцыя. І нехта там быў з санстанцыі, наколькі мне вядома. Бо там вельмі брудна, холадна, недастаткова сьвятла. І яшчэ да яго двойчы ці тройчы выклікалі хуткую дапамогу, бо ён працягвае галадоўку”, - распавяла Ларыса Насановіч.

Нагадаем, 27 лютага Менскі раённы суд пакараў прадпрымальнікаў Віктара Крываля і Аляксандра Цацуру яшчэ і грашовым штрафам у 50 базавых велічынь — гэта па адным мільёне 750 тысяч рублёў. Прадпрымальнікаў пакаралі нібыта за непадпарадкаваньне міліцыі. Інцыдэнт адбыўся ў час, калі Крываль і Цацура ехалі ў Менск, дзе меўся адбыцца мітынг прадпрымальнікаў. Заўважым, што ўчора Віктара Крываля судзілі завочна.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках