25 лiстапада 2024, панядзелак, 7:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Вольга Казуліна: «Ніякага дыялогу, пакуль не будуць вызваленыя ўсе палітвязні»

1

«Мы спадзяваліся, што пасля вызвалення чатырох палітвязняў на свабоду выйдзе і наш бацька, але пакуль, на жаль, нашы надзеі не апраўдваюцца», – сказала прэс-цэнтру Хартыі’97 дачка палітвязня экс-кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Казуліна Вольга пасля спаткання з бацькам у калоніі «Віцьба-3».

Па словах Вольгі, Аляксандр Казулін не толькі не спадзяецца выйсці на свабоду раней за тэрмін, але і перакананы, што ўлады распачнуць усе высілкі, каб утрымліваць яго за кратамі і пасля адбыцця гэтага тэрміна.

«Ён сказаў, што цяпер праходзіць па нейкай крымінальнай справе ў якасці сведкі. З прычыны таго, што ён нічога пра гэта не ведае, то адмовіўся даваць сведчанні, але невядома, чым гэта ўсё можа для яго скончыцца. Таму ён гатовы да любога павароту падзей, а нам застаецца спадзявацца на Бога і спадзявацца, што Лукашэнка ў вырашэнні пытання палітвязняў не будзе кіравацца эмоцыямі, а ў яго пераможа разумны сэнс», – гаворыць Вольга Казуліна.

На яе думку, без вызвалення Аляксандра Казуліна, апанента Лукашэнкі, які знаходзіцца за кратамі, пытанне палітвязняў у Беларусі для міжнароднай супольнасці не будзе закрытае. «Бо Казулін у спісе палітвязняў – ключавая фігура. Калі ён не будзе вызвалены, для міжнароднай супольнасці гэта будзе азначаць, што праблема палітвязняў у Беларусі па-ранейшаму актуальная. Пры такіх акалічнасцях ні ЕЗ, ні ЗША не пойдуць на паляпшэнне стасункаў з беларускімі ўладамі. Яны ж дакладна заявілі – ніякага дыялогу, пакуль не будуць вызваленыя ўсе палітвязні», – падкрэсліла Вольга Казуліна.

Нагадаем, 13 лютага прайшло кароткатэрміновае спатканне Аляксандра Казуліна з дочкамі Вольгай і Юліяй у калоніі «Віцьба-3», дзе экс-кандыдат у прэзідэнты адбывае 5,5 гадоў зняволення за арганізацыю масавых акцый пратэсту ў 2006 годзе супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў. Сваёй віны Аляксандр Казулін не прызнаў і тлумачыць пераслед палітычнымі прычынамі. Міжнароднай супольнасцю Аляксандр Казулін прызнаны палітычным зняволеным.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках