28 снежня 2024, Субота, 12:58
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Цана на расейскі газ – гэта цана палітычнай лаяльнасьці

Чаму расейскі бок адыходзіць ад сваёй жа формулы вызначэньня кошту газу? Чаго больш у новай цане – палітыкі ці эканомікі? Чаму не склаўся альянс транзытных краінаў?

На пытаньні журналіста “Радыё Свабода” Віталя Цыганкова адказвае эканаміст, кіраўнік цэнтру Мізэсу Яраслаў Раманчук і аглядальнік газэты «Белорусы и рынок» Тацяна Манёнак

Цыганкоў: Пасол Расеі ў Беларусі Аляксандар Сурыкаў 11 лютага паведаміў, што цана на расейскі газ для Беларусі вырасьце з 1 красавіка на 10 працэнтаў і больш ня будзе падвышацца цягам гэтага году. Нагадаем. Што пакуль Беларусь купляе расейскі газ па цане 119 даляраў. Ці можна ўжо цяпер казаць, што расейскі бок адыходзіць ад сваёй жа формулы вызначэньня кошту газу? Чаго больш у гэтай цане – палітыкі ці эканомікі?

Манёнак: Я так разумею, што сапраўды, ня гледзячы на рыторыку, што для Беларусі будзе ўсталяваны кошт газу, сыходзячы з эўрапейскага (мінус транспартныя выдаткі, мыту) – усё ж такі тут больш палітычнага ўзьдзеяньня. Пацьверджаньнем гэтаму – тое, што цана на першы квартал была агучана толькі пасьля прыезду Пуціна ў Менск. З усімі астатнімі краінамі, з якімі Газпром мае дамовы аб пераходзе на эўрапейскія кошты, Газпром будзе перагледжваць цану кожны квартал. А для Беларусі мы бачым спэцыфічную формулу, у якой шмат палітычных чыньнікаў.

Цыганкоў: Пасьля прыезду Пуціна аналітыкі іранізавалі, што цяпер газавыя войны будуць кожны квартал, бо тады было заяўлена, што цана будзе мяняцца кожны квартал. Ці азначае тое, што сказаў Сурыкаў, што Беларусь у гэтым сэнсе чакае даволі спакойны год і за цану на газ афіцыйны Менск да новага году можа не турбавацца?

Раманчук: Перш за ўсе – Расея ня можа весьці газавую вайну на 2 фронты – беларускі ды ўкраінскі. Зараз ідзе газавая вайна з Украінай, так што Беларусі пашанцавала.

Але калі б Газпром быў прыватнай кампаніяй, калі б Расея была цывілізаванай краінай, якая праводзіла б адзіную энэргетычную стратэгію, тады гэтым заявам можна было б давяраць. А пакуль я б ня стаў гаварыць, што гэта апошняя цана, што ня будзе яе перагляду. Бо ўсё залежыць ад таго, як будуць складвацца ўзаемаадносіны паміж Беларусьсю, Расеяй ды Ўкраінай, ад таго, якія будуць дачыненьні паміж новым прэзыдэнтам Расеі і Аляксандрам Лукашэнкам, ці будуць нейкія саступкі ў іншых сфэрах.

Цана на газ, як сёньня яшчэ раз даказаў Газпром – гэта цана палітычнай лаяльнасьці альбо цана эканамічных схемаў, якія прапануе Крэмль. Сёньня ўся палітыка расейскай дзяржавы накіравана на тое, каб бараніць інтарэсы швайцарскага афшору – бо кампанія “РосУкрЭнерга”, якая зьяўляецца адзіным пастаўніком газу на Ўкраіну, зарэгістравана ў швайцарскім кантоне Цуг.

Я хацеў бы дажыць да таго часу, калі газавая тэматыка паміж Беларусьсю і Расеяй была выключна эканамічнай, камэрцыйнай. Але гэта будучыня ня гэтага году, і наўрад ці гэта будзе да 2012 году.

Цыганкоў: Але ці не азначае гэта, што ў такім варыянце цана газу для Беларусі будзе складаць 300 даляраў?

Раманчук: Ня будзе, бо мы знаходзімся значна бліжэй да пастаўнікоў газу. Потым – у нас ёсьць транзыт, ёсьць і іншыя інтарэсы. Але нават калі і было б 300, то па сутнасьці трэба нашай гаспадарцы адаптавацца да рэаліяў сусьветнай эканомікі. Трэба проста ўзяць гэта як дадзенасьць. І разьвіваць іншыя накірункі. Калі немцы, палякі, славакі плацяць па 300-400 даляраў, я ня бачу прычын, чаму мы ня можам гэтага зрабіць.

Цыганкоў: Расейская энэргетычная стратэгія накіравана на тое, каб шукаць шляхі абыходу транзытных краінаў. Будуюцца Паўночны і Паўднёвы газаправоды. Ці не дазваляе гэта больш “літасьціва” падыходзіць да цаны на газ для Беларусі, бо беларускі накірунак з кожным годам становіцца менш важным?

Манёнак: Газпром, напэўна, і хацеў бы атрымліваць большыя грошы за газ для Беларусі, але гэта палітыка, і такой магчымасьці яму не даюць. Газпром, вядома, хацеў бы хутчэй стварыць у Беларусі сумеснае прадпрыемства з кантрольным пакетам акцыяў і атрымліваць сваю маржу на ўнутраным рынку – але такой магчымасьці яму пакуль не даюць.

Што тычыцца новых газаправодаў, то да гэтага ў Украіны і Беларусі былі магчымасьці кансалідаваць свае намаганьні ў пабудове агульнай транзытнай палітыкі. Асабліва гэта было відаць напачатку мінулага году, і гэта было вельмі небясьпечна для Расеі. Нават публічна праходзіла інфармацыя з беларускіх крыніцаў, што калі праходзілі перамовы па кошту газу, беларускі бок казаў – “добра, устанаўлівайце сваю цану, але мы будзем самі пераганяць газ па сваёй тэрыторыі”. Гэта ня трэба было Газпрому і там разумелі, што беларускае кіраўніцтва можа даволі жорстка паводзіць сабе ў гэтым пытаньні. Але ж пабудова гэтых газаправодаў зьмяншае магчымасьці Беларусі як транзытнай дзяржавы ўплываць на тыя цэны, якія прапануе газавы манапаліст.

Цыганкоў: Які ўплыў на беларускую эканоміку будзе мець такая нізкая цана на газ?

Раманчук: Расея паводзіць сябе даволі хітра, бо яна робіць усё, каб беларускі ўрад не пачынаў рэформы і каб залежнасьць ад Расеі павялічвалася. Расея цяпер дасьць яшчэ 2 мільярды даляраў – гэта ўкалыхваньне, гэта той час, які выйграе Газпром, каб павялічыць фінансавую залежнасьць і запазычанасьць Беларусі. 2010-11 год – гэта той пэрыяд, які Расея мае на ўвазе, бо раней яна нічога ня можа зрабіць з Лукашэнкам. А калі будуць прэзыдэнцкія выбары, калі да залежнасьці газавай, нафтавай, дадасца залежнасьць фінансавая, банкаўская, калі пабудуюцца газапроводы, -- тады ў Лукашэнкі шанцаў гандлявацца з Расеяй будзе значна менш.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках