3 лiстапада 2024, Нядзеля, 0:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ці вызваляць Аляксандра Казуліна?

8

Сёньня ў Віцебскую калёнію Віцьба-3 на сустрэчу з палітвязьнем Аляксандрам Казуліным выпраўляюцца яго дочкі.

А напярэдадні Аляксандар Лукашэнка заявіў, што гандаль палітвязьнямі з Эўразьвязам скончыўся, і ён чакае крокаў у адказ. Што думаюць сваякі палітвязьняў і праваабаронцы пра лёс тых, хто яшчэ застаецца за кратамі?

“Едзем, каб забраць тату з сабой” , – пажартавала Юля Казуліна ў размове з карэспандэнтам “Радыё Свабода” напярэдадні спатканьня. Юлія патлумачыла, што такія спадзяваньні небеспадстаўныя, і нагадала пра нядаўні выхад на волю палітвязьняў Зьмітра Дашкевіча і Артура Фінькевіча.

“Проста хочацца верыць ў лепшае. І мы верым у лепшае і таму вельмі спадзяемся. А пра яго мы апошнім часам нічога ня ведаем, ён даўно не пісаў. Вось і з гэтым будзем разьбірацца”, -- паведаміла дачка палітвязьня.

Аднак 12-га лютага Аляксандр Лукашэнкі заявіў адносна нядаўняга вызваленьня некаторых палітвязьняў: “Мы зачынілі гэтую хваравітую старонку...Цяпер чарга Эўразьвязу прадэманстраваць свае добрыя намеры адносна беларускага народу”.

Юлія Казуліна ўспрыняла словы Аляксандра Лукашэнкі як сыгнал: ня варта спадзявацца на хуткае вызваленьне бацькі.

“Зразумела, што нашага тату будуць трымаць да апошняга, як галоўны козыр. Хаця хацелася б верыць ў лепшае. Паглядзім, як складзецца жыцьцё”, -- пракаментвалі словы Лукашэнкі Юлія Казуліна.

Праз 41 дзень споўніцца два гады, як Аляксандра Казуліна трымаюць ў зьняволеньні. Былога кандыдата на прэзыдэнта асудзілі за хуліганства і арганізацыю вулічных беспарадкаў на Дзень Волі. Вядомы праваабаронца Алесь Бяляцкі мяркуе, што на вызваленьні палітвязьняў Дашкевіча і Фінькевіча супакойвацца ня варта.

“Міжнародная супольнасьць называе яшчэ прозьвішчы Казуліна, Клімава, Зьдзьвіжкова і зараз вось Андрэя Кіма, супроць якога толькі завялі крымінальную справу за мітынг прадпрымальнікаў. Іх адназначна лічаць палітычнымі зьняволенымі, і да тых часоў, пакуль іх не вызваляць, нерэальна, каб Захад пачаў з рэжымам дыялёг. Але на Захадзе сур’ёзна ставяцца да гэтых крокаў і беларускім ўладам я б параіў працягваць такія крокі”, -- лічыць праваабаронца.

25-га сакавіка, на Дзень Волі, апазыцыя зьбіраецца правесьці ў Менску шэсьце і мітынг, прысьвяціўшы іх дзевяностагодзьдзю БНР. Ці будуць зноў масавыя рэпрэсіі? Ці не атрымаецца, што ўлада адпусьціць на волю адных апазыцыянэраў, а на іх месцах ў турмах апынуцца іншыя? Алесь Бяляцкі такога не выключае, але як і Юля Казуліна, спадзяецца на лепшае.

“Не хацелася б верыць ў безвыходнасьць становішча. Той жа досьвед Лівіі паказвае: калі ёсьць палітычная воля, то мяняецца і зьнешняя, і ўнутраная палітыка і сытуацыя ў грамадзтве” , -- лічыць дачка палітвязьня.

Пакуль паводле зьвестак ад сваякоў іншых беларускіх палітвязьняў у іх зьменаў да лепшага няма: Андрэя Клімава па-ранейшаму трымаюць у адной з самых жорсткіх, Мазырскай калёніі. Аляксандр Зьдзьвіжкоў ў Менскім сьледчым ізалятары чакае разгляду касацыйнай скаргі. Андрэя Кіма таксама не выпускаюць зь менскай вязьніцы на Валадарскага. Шэраг грамадзкіх дзеячоў прапаноўвалі вызваліць Андрэя Кіма на час сьледзтва пад іх асабістыя паручальніцтвы, але гэтая прапанова пакуль не разгледжаная. Пра тое паведаміў былы адвакат Аляксандра Казуліна Ігар Рынкевіч.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках