27 снежня 2024, Пятніца, 7:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Аляксандр Баразенка прысуджаны да 1 году абмежавання волі (Фота, відэа)

22
Аляксандр Баразенка прысуджаны да 1 году абмежавання волі (Фота, відэа)

Актывіст грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Аляксандр Баразенка прысуджаны судом Цэнтральнага раёна Менска да 1 году абмежавання волі без накіравання ў выпраўленчую ўстанову.

Прысуд вынесла суддзя Наталля Вайцяховіч. Палітвязень быў вызвалены ў залі суду.

Адразу пасля вызвалення Аляксандр Баразенка заявіў у інтэрв'ю прэс-цэнтру Хартыі’97: «Прысуд адназначна палітычны. Справядліва было б мяне апраўдаць. Але ўсё гэта было чаканым. Гэты прысуд цалкам характарызуе судовую сістэму Беларусі, якая абсалютна падкантрольная ўладам».

Нагадаем, што старэйшы памочнік пракурора Цэнтральнага раёна Ціхавец патрабаваў прысудзіць актывіста «Еўрапейскай Беларусі» Аляксандра Баразенку да абмежавання волі на паўтара гады.

Апошняе слова Аляксандра Баразенкі

У сваім апошнім слове 20-гадовы актывіст апазіцыі заявіў: "Я у гэтым судзе для таго, каб паказаць усім, хто разлічвае на нейкую лібералізацыю: спадзявацца на гэта не варта".

"Перад вамі знаходзіцца той чалавек, які, паводле словаў міністра ўнутраных справаў Уладзіміра Навумава, збіваў міліцыянтаў і з'яўляўся гэткім дэстабілізатарам стабільнасці ў Беларусі. Яшчэ два гады таму я старанна навучаўся і не думаў, што апынуся на лаве падсудных. Аднак атмасфера страху і бязглуздасці прымусіла мяне заняцца грамадскай дзейнасцю. Аднак актыўнасці нашая ўлада не любіць. Яна не любіць актыўных і разумных, а ўкладае грошы ў дэгенератаў. Пасля гэтага я перажыў правакацыі, затрыманні, арышты і, нарэшце, гэты суд", — заявіў А.Баразенка.

Аляксандра Баразенку сустракаюць каля суду

Баразенка адзначыў, што сам добраахвотна з'явіўся да следчага для ўдзелу ў следчых дзеяннях, і заявіў, што ніхто яго позвамі нікуды не выклікаў, а аб узбуджанай у дачыненні да яго крымінальнай справе ён даведаўся на адным з форумаў у інтэрнэце.

"Гэты працэс паказвае наіўнасць тых, хто спадзяваўся на нейкую лібералізацыю з боку ўладаў. Дагэтуль 10 чалавек застаюцца асуджанымі па той жа справе, па якой судзяць і мяне: сярод іх адна дзяўчына і адзін непаўнагадовы. Дагэтуль не знятыя судзімасці з Сяргея Парсюкевіча, Андрэя Кіма, Аляксандра Казуліна. За кратамі знаходжуся я — так праходзіць лібералізацыя", — сказаў А.Баразенка.

"Калі я з'явіўся ў Беларусь, у следчыя органы, дык я зрабіў учынак па сумленні. Прашу высокі суд таксама кіравацца сумленнем і вынесці адзіна магчымы — апраўдальны — прысуд. Як пісаў Эрнэст Хемінгуэй: людзі не астравы, а частка мацерыка, і зло, зробленае чалавеку, абавязкова вяртаецца да крыўдзіцеля. Не пытайся ніколі, па кім звоніць звон: ён звоніць па табе", — скончыў А.Баразенка.

Прысутныя ў залі пасля заканчэння гэтай прамовы зладзілі авацыю.

Як пачынаўся суд

Сёння, у адрозненні ад учорашняга дня, у залу судовага паседжання змаглі прайсці большасць жадаючых. Хоць ізноў не абыйшлося без «сюрпрызаў».

Як паведаміла «Радыё Свабода», у Цэнтральны суд прывялі каля двух дзесяткаў людзей спартовага целаскладу. Учора, нагадаем, залу запоўнілі студэнтамі Беларускага аграрна-тэхнічнага ўніверсітэта. Высветлілася, дарэчы, прозвішча чалавека, які выконваў учора на працэсе функцыі арганізатара і камандаваў дзеяннямі студэнтаў. Гэта галоўны спецыяліст БРСМ Цэнтральнага раёна Уладзімір Цюхай. Ён жа ўчора у судзе абразіў і штурхануў маці палітвязня Аляксандра Баразенкі, калі жанчына проста спытала яго, навошта ён запаўняе залу студэнтамі, з-за чаго туды не могуць патрапіць ні сваякі падсуднага, ні праваабаронцы, ні дыпламаты еўрапейскіх амбасадаў.

Сваякі Аляксандра Баразенкі падалі скаргу старшыні суду на незаконныя дзеянні супрацоўнікаў міліцыі, якія спецыяльна запоўнілі ўсе свабодныя месцы ў судовай залі, каб на паседжанні не змаглі прысутнічаць прадстаўнікі замежных амбасадаў і АБСЕ, журналісты і паплечнікі Аляксандра Баразенкі.

У адказ на скаргу сваякоў суддзя Наталля Вайцяховіч папрасіла ўсіх прысутных у судовай залі, у тым ліку невядомых людзей спартовага целаскладу, пакінуць памяшканне.

У пачатку паседжання ў залу змаглі ўвайсці актывісты грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», а таксама былы палітвязень Аляксандр Казулін, лідэр руху «За Свабоду» Аляксандр Мілінкевіч.

З 11.00 ля суда пачаліся акцыі салідарнасці з палітвязнем. Актывісты «Еўрапейскай Беларусі», «Маладога Фронту», «Маладой Беларусі» разгарнулі ля ўваходу ў суд вялікую расцяжку «Свабоду Баразенку!» і скандуюць «Свабоду палітвязням!», «Жыве Беларусь!».

На судзе былі заслуханыя апошнія сведкі, прагледжаныя відэа- і разгледжаныя пісьмовыя матэрыялы.

Адзін са сведак, дырэктар ТДА "Другі дзень", якое займаецца перавозкай грамадзянаў на маршрутных таксоўках, Раман Булычоў заявіў сёння ў судзе, што 10 студзеня 2008 года, у дзень правядзення мітынгу, яго фірма не панесла ніякіх стратаў у сувязі з перакрыццем дэманстрантамі вуліцаў сталіцы.

Сяргей Грыдзюшка, дырэктар ТАА "МД-Экспрэс" — яшчэ адной фірмы, якая займаецца пасажыраперавозкамі ў сталіцы, — заявіў, што не памятае, каб яму ў дзень мітынгу былі нанесеныя якія-небудзь страты. "Перакрыцце праспекта Незалежнасці бывае рэгулярна, напрыклад калі едзе на працу наш лідэр ці да яго прыязджаюць замежныя госці. Гэта штатная сітуацыя, таму ніякіх стратаў нашае прадпрыемства не панесла", — сказаў ён.

Сведка Ігар Леднік заявіў суду, што акцыя пратэсту 10 студзеня гэтага года была арганізаваная прадпрымальнікамі і накіраваная на абарону іх правоў і законных інтэрасаў.

Пасля апытання сведак былі прагледжаныя матэрыялы справы: асобныя моманты запісаў трох відэакасетаў, якія фігуруюць у якасці доказаў, а таксама заслуханыя пісьмовыя матэрыялы справы.

Адвакат актывіста Павал Сапелка хадатайстваваў аб далучэнні да справы дакументаў праведзенай Беларускім Хельсінкскім камітэтам экспертызы практыкі ўжывання артыкула 342 КК. Суддзя абвясціла перапынак для магчымасці далучэння матэрыялаў да справы.

Актывіст грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Аляксандр Баразенка быў арыштаваны 27 кастрычніка проста ў будынку Следчага камітэта папярэдняга расследвання ГУУС Менгарвыканкама, куды ён прыйшоў на допыт. Апазіцыянер з'яўляецца адным з абвінавачваных па «справе 14-ці» - крымінальнай справе, узбуджанай па арт. 342 КК Рэспублікі Беларусь у дачыненні да ўдзельнікаў мірнай акцыі пратэсту прадпрымальнікаў, якая прайшла ў Менску 10 студзеня 2008 года. Паказальна, што арышт адбыўся фактычна адразу пасля адмены Еўразвязам санкцыяў у дачыненні да высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў.

Фота ByMedia.net

Напісаць каментар 22

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках