28 снежня 2024, Субота, 23:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Міхаіл Пастухоў: «Закон «Аб інфармацыі» прывядзе да пабудовы новай піраміды ўлады»

Кіраўнік Цэнтра прававой абароны СМІ пры Беларускай асацыяцыі журналістаў Міхаіл Пастухоў па-ранейшаму лічыць закон «Аб інфармацыі, інфарматызацыі і абароне інфармацыі» непатрэбным і небяспечным.

Нагадаем, новы набудзе сілу ў канцы траўня 2­009 года – праз 6 месцаў пасля ягонага апублікавання.

Афіцыйныя асобы сцвярджаюць, што ён нібыта «ніяк не закранае» сферу СМІ і Інтэрнет і закліканы «запоўніць прабелы» ў заканадаўстве датычна інфармацыйная бяспекі дзяржавы і грамадзянаў.

Закон «Аб інфармацыі, інфарматызацыі і абароне інфармацыі» Аляксандар Лукашэнка падпісаў 10 лістапада 2008 года. Закон быў прыняты «палатай прадстаўнікоў» 9 кастрычніка 2008 года і ўхвалены 22 кастрычніка «саветам Рэспублікі». У Нацыянальным рэестры прававых актаў закон зарэгістраваны 17 лістапада (№2/1552/) і апублікаваны 26 лістапада (№279).

Міністар сувязі і інфарматызацыі Мікалай Панцялей падкрэсліваў, што дзеянне закона не распаўсюджваецца на сферу СМІ. У арт. 2 закона сапраўды ёсць пункт, у якім гаворыцца, што дзеянне нарматыўнага акту «не распаўсюджваецца на грамадскія дачыненні, звязаныя з дзейнасцю СМІ і аховай інфармацыі, якая з'яўляецца аб’ектам інтэлектуальнай уласнасці».

Тым не менш, кіраўнік Цэнтра прававой абароны СМІ пры БАЖ, былы суддзя Канстытуцыйнага суда Міхаіл Пастухоў лічыць, што ў сродкаў масавай інфармацыі ўсё ж ёсць нагода для хвалявання.

«Хаця ў арт. 2 («Сфера дзеяння закона») утрымліваецца ўказанне, што ягонае дзеянне не распаўсюджваецца на грамадскія дачыненні, звязаныя з дзейнасцю СМІ, але насамрэч - распаўсюджваецца. Таму што пытанні, датычныя пошуку, атрымання, распаўсюду інфармацыі, непасрэдна ўваходзяць у сферу дзейнасці СМІ», - паведаміў ён прэс-службе БАЖ.

Не згодны спадар Пастухоў і з высновай Мікалая Панцялея наконт таго, што закон «ніякіх правіл паводзінаў у Інтэрнеце ня ўводзіць».

«Сапраўды, першапачаткова шмат у якіх артыкулах праекта закона фігураваў Інтэрнет, то зараз у тэксце ўсялякае яго згадванне знікла. Гэта можа даць распрацоўнікам падставы казаць, што дзеянне новага закона ніяк не тычыцца Інтэрнет. Маё меркаванне - тычыцца, паколькі гаворка ідзе пра кантроль за ўсей інфармацыяй, якая распаўсюджваецца праз любыя каналы. Можна, канешне, зрабіць выснову, што пры дапрацоўцы гэты закон стаў больш прымальным з юрыдычнага погляду. З яго выключаныя некаторыя фармулёўкі, якія выклікалі крытыку – асабліва што тычылася Інтэрнету, права на атрыманне, распаўсюд інфармацыі. Але ад «радзімых плямаў» ён не пазбавіўся.

Сярод сур’ёзных хібаў я б назваў тое, што ў ім па-ранейшаму шмат адсылальных нормаў да іншых актаў заканадаўства. Такія «гумовыя» фармулёўкі дазваляюць абмяжоўваць дзейнасць, звязаную з інфармацыяй, на падзаконным узроўні», - зазначыў Міхаіл Пастухоў.

Закон складаны для разумення. Шмат вызначэнняў, якія могуць зразумець толькі спецыялісты. У прыватнасці, «інфармацыйная сетка», «інфармацыйная сістэма», «інфармацыйны пасярэднік» і г.д.»

Па назіраннях Міхаіла Пастухова, шмат якія артыкулы закона маюць абстрактны, расплывісты характар.

«Напрыклад артыкул 4 – «Прынцыпы прававога рэгулявання інфармацыйных дачыненняў», сярод якіх фігуруе «права на інфармацыю». Але ж гэтае права запісана ў Канстытуцыі! А тут яно зводзіцца да таго, што дзяржаўныя органы і адказныя асобы павінныя прадастаўляць грамадзянам інфармацыю, якая закранае іхнія прававыя інтарэсы. Прычым у парадку, устаноўленым законам.

Яшчэ я б звярнуў увагу на тое, што інфармацыя класіфікуецца на «агульнадаступную» і «інфармацыю абмежаванага доступу». Цікава, што пералік «абмежаванай» інфармацыі не з’яўляецца завершаным, што само па сабе вельмі небяспечна.

Таксама варта звярнуць увагу на тое, што інфармацыйныя рэсурсы мусяць падлягаць дзяржаўнай рэгістрацыі. Праўда, тут робіцца паздзяленне: дзяржаўны рэсурс у абавязковым парадку рэгіструецца Мінсувязі. А што да недзяржаўных, яны могуць рэгістравацца на добраахвотнай падставе, але пры гэтым іхняя інфармацыя павінна быць абароненая па стандартах, вызначаных Аператыўна –аналітычным цэнтрам пры прэзідэнце.

Усё гэта прыводзіць да пабудовы новай «піраміды» ўлады, якая будзе ажыццяўляць татальны кантроль за ўсімі плынямі інфармацыі. Зараз інфармацыя падзяляецца на пэўныя катэгорыі, і вялікае месца будзе займаць інфармацыя абмежаванага распаўсюду. І яна ўсе больш і больш будзе выводзіцца з сферы інфармацыйнага абароту.

Я лічу, што па сваёй скіраванасці закон неканстытуцыйны, накіраваны на далейшае абмежаванне свабоды інфармацыі і можа быць выкарыстаны на шкоду канкрэтным людзям...», - падкрэсьліў юрыст.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках