Вінцук Вячорка: Гвалтоўныя прызывы ў армію маладых апазіцыянераў ніяк не сумяшчальныя з байкамі пра «адлігу»
9- 24.12.2008, 13:30
Намеснік старшыні Партыі БНФ Вінцук Вячорка пракаментаваў сітуацыю з прызывам у армію яго сына. Франака Вячорку нядаўна затрымалі і сілком даставілі ў ваенкамат, каб уручыць позву.
Лідэр моладзевага крыла Партыі БНФ Франак Вячорка не змог прыйсці ў вайсковы шпіталь з-за праблемаў са здароўем.
«Справа ў тым, што пасля ўсіх узрушэнняў я насамрэч захварэў, нават прыйшлося ўзяць бальнічны. Вось ляжу дома, хварэю. Спадзяюся, нез'яўленне па хваробе залічаць паважлівай прычынай. Ну, калі мне не будуць сілай ламаць дзверы і лезці ў вокны з жаданнем як мага хутчэй мяне забраць, дык думаю, што ўжо пасля святаў схаджу ў шпіталь. Хаця, як вы самі разумееце, упэўненым ні ў чым быць нельга», -- паведаміў апазіцыянер «Беларускаму партызану».
Бацька Франака, намеснік старшыні Партыі БНФ Вінцук Вячорка так пракаментаваў сітуацыю са сваім сынам «Белорусскому партизану»:
-- Я цвёрда ведаю, што выкарыстанне Міністэрства абароны ў якасці аднаго з рэпрэсіўных ведамстваў ідзе на шкоду самому міністэрству і выкананню ім сваіх асноўных абавязкаў. Калі маладых людзей, якіх некалькі медыцынскіх камісіяў прызнаюць непрыдатнымі да вайсковай службы, а потым іх раптам забіраюць у вайсковы шпіталь і там прызнаюць здаровымі і вылечанымі (напрыклад, ад прыроджанага пароку сэрца) - гэта адназначна палітычная замова. Я кажу зараз не толькі пра свайго сына - бо тое ж самае было і з яго папярэднікам па кіраўніцтве «Моладдзю БНФ» Алесем Калітой. У такой жа сітуацыі зараз яшчэ адзін малады актывіст - Іван Шыла. Як бачыце, усё гэта ніяк не сумяшчальнае з салодкімі байкамі пра «адлігу», якая нібыта пачалася ў Беларусі. Еўропе, можа быць, і можна скармліваць такія вось байкі, але знутры краіны выдатна бачна, якімі белымі ніткамі шытая ўся гэтая «лібералізацыя».