24 лiстапада 2024, Нядзеля, 12:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У адказ на амерыканскую СРА ў Еўропе Расея можа размясціць «Таполі» ў Беларусі

10

Адным з адказаў Расеі на разгортванне аб'ектаў амерыканскай сістэмы СРА у Еўропе магло бы стаць размяшчэнне ў Беларусі ракетных комплексаў «Таполя».

Аб гэтым заявіла у інтэрв'ю «Інтэрфаксу» крыніца ў расейскім вайсковым ведамстве.

«Калі ЗША працягнуць набліжаць да меж Расеі элементы сваіх стратэгічных сіл, у прыватнасці, аб'екты СРА ў Польшчы і Чэхіі, накіраваныя на паніжэнне нашага ядзернага патэнцыялу, то ў Беларусі маглі бы быць размешчаныя мабільныя комплексы «Таполя». Лічу, што ўзровень стратэгічнага партнёрства «саюзнай дзяржавы» Расеі і Беларусі дазволіць вырашыць гэтае пытанне станоўча», - лічыць прадстаўнік Мінабароны РФ.

Прычым, па ягоных словах, такі крок не запатрабуе ўкладання вялікіх сродкаў. У савецкі час ракетныя дывізіі акрамя Расеі дыслакаваліся ў Беларусі, Казахстане, Прыбалтыцы, Украіне. У цяперашні час, па інфармацыі крыніцы, ракетная інфраструктура ў добрым стане за межамі Расеі захавалася толькі ў Беларусі. Там маецца сетка дарог у пазіцыйным раёне, абароненыя камандныя пункты.

Як адзначылі ў міністэрстве, у Беларусі няма неабходнасці размяшчаць мабільныя комплексы новага пакалення «Таполя-М».

«Тэрмін службы ракет «Таполя» падоўжаны. Гэта надзейная ракета. Аўтаномную пускавую ўстаноўку, што знаходзіцца на палявой баявой стартавай пазіцыі, у раззасяроджаных баявых парадках, граматна замаскіраваную, знайсці немагчыма», - падкрэсліла крыніцу.

Варта адзначыць, што менавіта «Таполі» стаялі на ўзбраенні ракетных палкоў, дыслакаваных у Беларусі ў часы СССР. Монаблокавая цвёрдапаліўная ракета «Таполя» стаіць на баявым дзяжурстве ў Ракетных войсках стратэгічнага прызначэння 21 год. Усяго ў групоўцы РВСН налічаецца каля 500 ракетных комплексаў шасці тыпаў, у тым ліку прыкладна 300 комплексаў «Таполя».

Нагадаем, што некалькі дзён таму беларускі кіраўнік Аляксандр Лукашэнка заявіў аб тым, што размяшчэнне амерыканскіх элементаў сістэмы СРА пагражае Беларусі і «саюзнай» Расеі.

Прычым раней паведамлялася, што Беларусь можа размясціць на сваёй тэрыторыі расейскія ракетныя комплексы «Іскандэр». Праўда, як тлумачыў Лукашэнка, рашэнне аб закупе «Іскандэраў» было прынятае яшчэ некалькі год таму. Угода «была адкладзеная па фінансавых прычынах» і, па словах беларускага кіраўніка, «у бліжэйшай будучыні» размяшчэнне расейскіх ракетных комплексаў на тэрыторыі Беларусі «не запланаванае». У той жа час краіны ўжо дамовіліся аб стварэнні адзінай рэгіянальнай сістэмы СПА.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках