2 лiстапада 2024, Субота, 2:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Станіслаў Багданкевіч: «Відавочна, што ва ўрада ўзніклі сур'ёзныя праблемы з валютай»

13

Рэкамендацыі Нацыянальнага банка абмежаваць выдачу крэдытаў для насельніцтва сведчаць аб праблемах з валютай у краіне. Такое меркаванне выказаў былы старшыня праўлення Нацбанка Станіслаў Багданкевіч.

«Відавочна, што ва урада ўзніклі сур'ёзныя праблемы з валютай, гэта звязана са скарачэннем валютнай выручкі, якая паступае ў краіну ад экспарту», — мяркуе Багданкевіч у інтэрв'ю БелаПАН.

«Што датычыць скарачэння валютных крэдытаў, дык я, як былы кіраўнік Нацбанка, таксама лічу: крэдыты трэба выдаваць у асноўным у нацыянальнай валюце. Крэдыты ў замежнай валюце трэба выдаваць на мэтавыя прызначэнні, звязаныя са знешнегандлёвымі і інвестыцыйнымі аперацыямі. А ўнутры краіны для ўмацавання беларускага рубля пажадана выкарыстоўваць нацыянальную валюту, абмяжоўваючы хаджэнне замежнай», — адзначыў эксперт.

Такім чынам, у рэкамендацыях Нацбанка Багданкевіч не бачыць «нічога звышнатуральнага, «іншая справа — гэта сведчыць аб тым, што сітуацыя ў эканоміцы пагаршаецца». Разам з тым, лічыць ён, «эфектыўнасць ад такіх мераў будзе вельмі нізкая».

«Бо доля крэдытавання фізічных асобаў у нас не такая вялікая. Крэдытуюцца ў асноўным набыццё і будаўніцтва жылля, а на іншыя патрэбы выдаюцца мінімальныя сумы», — патлумачыў прафесар Багданкевіч.

Нагадаем, што прадстаўнік аднаго з беларускіх банкаў паведаміў агенцтву «Интерфакс-Запад», што Нацбанк распаўсюдзіў ліст на адрас усіх камерцыйных банкаў, у якім «настойліва рэкамендуе» прыпыніць выдачу валютных крэдытаў фізасобам.

Нацбанк тлумачыць такую рэкамендацыю сітуацыяй на ўнутраным валютным рынку Беларусі, якая ўскладняецца.

Акрамя таго, у лісце банкам рэкамендавана ўзмацніць кантроль над мэтавым выкарыстаннем спажывецкіх крэдытаў і, па сутнасці, вылучаць спажывецкія крэдыты ў беларускіх рублях толькі на набыццё айчынных тавараў.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках