Масавыя скарачэньні на заводзе «Гарызонт»: 300 рабочых засталіся без працы
32- 22.12.2008, 15:21
300 супрацоўнікаў заводу «Гарызонт» атрымалі ад кіраўніцтва прадпрыемства паведамленьня пра тое, што зь імі ня будзе працягнуты кантракт.
Аб гэтым паведамляюць слухачы «Радыё Свабода».
«Вось зараз Лукашэнка кажа пра дэнамінацыю цэн. Хто пацерпіць? Лукашэнка і ягоная эліта не пацерпіць. А народ пацерпіць. Людзі і так атрымліваюць мізэрныя заробкі і пэнсіі. Што гэта за кіраўнік? Што гэта за «бацька»?..» – кажа спадар А.
Слухачы радыё сьцьвярджаюць, што сапраўдная праблема Беларусі – гэта не сусьветны фінансавы крызіс, ажахлівы стан эканомікі краіны.
«Сусьветны эканамічны крызіс — гэта паўбяды. Сапраўдная бяда — мы самі. Як у любой таталітарнай сыстэме, у нас попыт на чыноўнікаў, якія ведаюць толькі два прынцыпы паводзінаў: «Хачу, каб месяц стаў сонцам» ці «Чаго жадаеце?» У адваротным выпадку яны б знайшлі ў сабе сілы ўцямна патлумачыць кіраўніку, што нас чакаюць цяжкасьці і ня трэба ўпэўніваць электарат, што мы пабудавалі нейкую супэрэканоміку, непадуладную стыхіям. А цяпер няхай міністры ўпрагаюцца ў эшалёны з складзкімі ліквідамі, езьдзяць па сьвеце і ўпрошваюць хоць каго-небудзь купіць беларускае, пажадана ўтрая даражэй», - заўважае спадар В.
«Нашы прамысловыя тавары, якія не знаходзяць попыту ў тых краінах, у якія яны звычайна накіроўваліся, зараз затаварылі склады нашых прадпрыемстваў. Дык можа, ужо пара разьлічыцца з пэнсіянэрамі гэтымі таварамі, як абяцаў некалі кіраўнік краіны? Бо мы чакаем ужо амаль 12 гадоў, некаторыя ўжо не дачакаліся,» – нагадвае Ларыса зь Менску.
Прадпрымальнікі Беларусі правялі ў Менску шэсьце і мітынг на знак пратэсту супраць зьмены ўмоваў працы ад 1 студзеня 2009 году. Дробныя бізнэсоўцы таксама рыхтуюцца да маршу пустых рондаляў.
«З аднаго боку, наш правадыр мэтанакіравана зьніштажаў і амаль ужо зьніштожыў усіх прадпрымальнікаў. Сваімі недарэчнымі ўказамі ён стварыў зусім непрымальныя ўмовы для далейшай працы. А зь іншага боку, гэты ж правадыр заявіў нядаўна пра лібэралізацыю ўсяго грамадзка-палітычнага і эканамічнага жыцьця ў краіне. Як гэта разумець? І як гэта суаднесьці? Так і хочацца сказаць — ня верце лукаваму: ён у чарговы раз усё адно падмане», - заявіў спадар С.
Слухачы «Радыё Свабода» незадаволеныя масавым звальненьнем працаўнікоў і скарачэньнем працоўнага тыдня на прадпрыемствах.
«Ужо два тыдні наваградзкае прадпрыемства «Таварыства сьляпых» знаходзіцца на чатырохдзёнцы. Вялікія сьвяты Новы год і Божае Нараджэньне людзі будуць сустракаць вельмі сумна», - хвалюецца спадарыня Л.
«Каля трохсот супрацоўнікаў заводу «Гарызонт» атрымалі падарунак на Каляды ад кіраўніцтва заводу ў выглядзе паведамленьня пра тое, што зь імі ня будзе працягнуты кантракт. Кіраўнік краіны кажа, што ніводзін чалавек не апынецца на вуліцы. А вось 300 супрацоўнікаў заводу «Гарызонт» проста выкінутыя напярэдадні Калядаў на вуліцу», - скардзіцца спадарыня E.
«Ужо зусім хутка надыдзе той час, калі ў Лукашэнку паляцяць айчынныя галёшы», - упэўнены спадар М.