«Беларуськалій» павялічвае дэбіторскую запазычанасць
2- 18.12.2008, 14:40
Беларускі ўрад паставіў «Беларуськалію» задачу павялічыць пастаўкі мінеральных угнаенняў на ўнутраны рынак у будучым годзе.
У сітуацыі, калі ў «Беларуськалія» сёння няма магчымасці ажыццяўляць у поўным аб'ёме пастаўкі на экспарт, адгрузка ўгнаенняў на ўнутраны рынак – варыянт нядрэнны. Гэта дазваляе кампаніі не спыняць вытворчасць. Праблема ў тым, што пастаўкі ўгнаенняў на ўнутраны рынак спалучаныя для «Беларуськалія» з павелічэннем дэбіторскай запазычанасці, паведамляе «БДГ».
Пастанова ўрада ад 4 снежня абавязвае «Беларуськалій» нарошчваць пастаўкі ўгнаенняў на ўнутраны рынак. Паводле даручэння ўрада, у 2009 годзе на ўнутраны рынак павінна быць пастаўлена 1,63 млн. тон мінеральных угнаенняў, што на 10% перавышае паказчык 2008 года.
Уласна, пастаўкі мінеральных угнаенняў у лік будучага года на ўнутраны рынак ужо пачаліся – калі было прынятае рашэнне скараціць экспартныя пастаўкі мінеральных угнаенняў у чацвёртым квартале. Праблема заключаецца ў тым, што пастаўкі мінеральных угнаенняў беларускіх сельгаспрадпрыемствам ажыццяўляць не вельмі выгодна.
Паводле звестак «БДГ», за адгружаны тавар сельгаспрадпрыемствы своечасова не разлічваюцца. Як адзначыў прадстаўнік «Беларуськалія», з-за несвоечасовых разлікаў за пастаўленыя ўгнаенні дэбіторская запазычанасць кампаніі павялічылася «не на адзін мільярд рублёў».
Нагадаем, што ў чацвёртым квартале «Беларуская калійная кампанія», якая займаецца экспартнымі пастаўкамі прадукцыі «Беларуськалія» і «Уралкалія», прыняла рашэнне скараціць экспарт мінеральных угнаенняў на 700 тыс. тон. Аналітык расейскай інвестыцыйнай кампаніі «Брокеркрэдытсервіс» Міхаіл Сайно ў гутарцы з карэспандэнтам «БДГ» выказаў меркаванне, што цяжкасці з экспартнымі пастаўкамі калійных угнаенняў застануцца і ў першым квартале 2009 года.
«Прагноз на першы квартал 2009 года дастаткова песімістычны. Попыт на ўгнаенні застаецца нізкім і пакуль няма падставаў казаць, што ў пачатку будучага года сітуацыя сур'ёзна зменіцца. Вядома, ёсць надзеі, што з падрыхтоўкай новага ўраджая, з пачаткам новага гаспадарчага сезону попыт на ўгнаенні пачне падвышацца. Аднак бягучая сітуацыя застаецца складанай, прасвету пакуль не бачна», - канстатуе эксперт.
На думку аналітыка кампаніі «Брокеркрэдытсервіс», попыт застаецца нізкім у тым ліку з-за таго, што вытворцы не гатовыя зніжаць кошты на сваю прадукцыю. «Попыт на мінеральныя ўгнаенні, у прыватнасці, на калійную групу, застаецца нізкім яшчэ і па той прычыне, што вытворцы пакуль не гатовыя істотна зніжаць кошты», - адзначае Міхаіл Сайно.
Аналітык кампаніі «Брокеркрэдытсервіс» лічыць, што нежаданне зніжаць кошты на ўгнаенні можа прывесці да таго, што ў вытворцаў паўстануць у 2009 годзе цяжкасці з пастаўкамі прадукцыі на азіяцкі рынак.
«Я не ў курсе, наколькі беларускія вытворцы гатовыя ісці на зніжэнне коштаў на сваю прадукцыю. Аднак такія буйныя вытворцы мінеральных угнаенняў як Potash Corporation, «Уралкалій» заяўляюць, што не пайдуць на істотнае зніжэнне коштаў. У гэтым выпадку, калі вытворцы не пайдуць на зніжэнне коштаў, Кітай, верагодней за ўсё, адмовіцца ад заключэння пагаднення з "Беларускай калійнай кампаніяй», - лічыць эксперт. Нагадаем, што заключыць кантракт аб пастаўках угнаенняў у Кітай у «Беларускай калійнай кампаніі» атрымалася сёлета толькі ў красавіку – пасля сканчэння шасцімесячных перамоваў.