Абвал
81- 18.12.2008, 8:59
У многіх галінах прамысловасці Беларусі ў лістападзе ў параўнанні з кастрычнікам назіралася зніжэнне аб’ёмаў выпуску прадукцыі, прызнаў Нацыянальны статыстычны камітэт. У цэлым спад вытворчасці ў лістападзе ў параўнанні з кастрычнікам склаў 13,8%. Гэта рэкорднае падзенне вытворчасці за месяц. Такога не было ад часоў вайны.
Падзенне адбылося ў машынабудаванні і металаапрацоўцы — на 20,6%, у лясной, дрэваапрацоўчай і цэлюлозна-папяровай прамысловасці — на 11,5%, у прамысловасці будаўнічых матэрыялаў — на 9,8%, лёгкай прамысловасці — на 9,5%, хімічнай і нафтахімічнай — на 9,3%, у харчовай прамысловасці — на 5,8%, паведамляе «Наша Ніва».
У паліўнай прамысловасці аб’ём вытворчасці застаўся на ўзроўні кастрычніка, у чорнай металургіі павялічыўся на 5,5%, у электраэнергетыцы — на 14%.
Паводле прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2008 год аб’ём прамысловай прадукцыі павінен узрасці на 11%. Хоць вынікі студзеня-лістапада проці студзеня-лістапада мінулага году яшчэ паказваюць рост за кошт буму першых месяцаў, ужо ясна, што на заплянаваны ўзровень без махінацый са статыстыкай не выйсці.
Прагнозы самыя песімістычныя: эксперты кажуць пра магчымы далейшы спад на 10% цягам апошняга месяца году. Такога спаду Беларусь не ведала ад пачатку 1999 году — тады адбіліся наступствы расійскага дэфолту 1998 году. Што да прамысловай вытворчасці, то такога рэзкага скарачэння за адзін месяц не фіксавалася ані ў 1999-м, ані ў самыя цяжкія месяцы эканамічнага крызісу ў 1992—1994 гадах. Апошні раз прамвытворчасць падала гэтак рэзка ў часе вайны.
Між тым у Расіі сапраўдны крызіс пачнецца толькі з пачатку наступнага году, асабліва цяжкім будзе першая палова, мяркуюць эксперты. Рэцэсія закране ўсе галіны эканомікі. А Беларусь застаецца прывязаная да расійскіх рынкаў збыту, таму непазбежна пацерпіць ад іх падзення.