24 лiстапада 2024, Нядзеля, 14:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Баразенка: «Мы закладнікі ў гульні, якую задумалі беларускія ўлады з Захадам» (Відэа)

6
Баразенка: «Мы закладнікі ў гульні, якую задумалі беларускія ўлады з Захадам» (Відэа)

Актывісты апазіцыі, асуджаныя па «справе 14-ці», працягваюць заставацца палітычнымі вязнямі, лічыць актывіст «Еўрапейскай Беларусі» Аляксандр Баразенка.

Аб гэтым апазыцыянер заявіў 16 снежня на прэс-канферэнцыі ў Менску.

Аляксандр Баразенка адзначыў, што падтрымка салідарных з ім людзей надавала яму сілаў і нагадвала аб тым, што актывісты дэмакратычных арганізацыяў, незалежныя журналісты і шматлікія простыя грамадзяне змагаюцца за яго свабоду.

"Я б хацеў, у першую чаргу, выказаць словы падзякі ад сваёй сям'і, сваіх родных і ад сябе асабіста. Велізарны дзякуй усім тым людзям, якія прыходзілі штодня да сценаў Валадаркі, якія ладзілі там акцыі ў маю падтрымку. Я удзячны сваім сябрам, актывістам кампаніі "Еўрапейская Беларусь" і іншых арганізацыяў за тое, што яны выходзілі на вуліцы, плошчы Менска і іншых гарадоў Беларусі з патрабаваннем вызваліць палітычных вязняў. Я удзячны вам за тое, што вы асвятляеце тэму палітвязняў Беларусі, пішыце аб тым, што ў краіне сапраўды ёсць людзі, якія церпяць рэпрэсіі за свае палітычныя перакананні. Дзякуй усім тым, хто пісаў мне, выяўляў сваю падтрымку. У цяжкую хвіліну гэта вельмі дапамагала. Я адчуваў, што я не самотны, што там, за турэмнымі сценамі, мяне чакаюць і змагаюцца за маю свабоду. Гэта надавала сілаў і не давала апускаць рукі", - падкрэсліў Аляксандр Баразенка.

Актывіст "Еўрапейскай Беларусі" таксама патлумачыў, што вырашыў вярнуцца ў Беларусь, а не застаўся ў Польшчы, дзе вучыўся па праграме Кастуся Каліноўскага, паколькі палічыў абавязкам свайго гонару прыехаць і адказаць на ілжывыя абвінавачванні разам з тымі, каго ўжо асудзілі па "справе 14-ці".

"Шмат хто задае пытанне, чаму я вырашыў вярнуцца ў Беларусь і пайсці да следчага сам, хаця мог спакойна заставацца ў Польшчы і працягваць сваё навучанне. Я вырашыўся на гэты ўчынак па цэламу шэрагу прычынаў. Безумоўна, гэта было нейкае выяўленне салідарнасці з маімі сябрамі, з тымі, каго ўжо асудзілі па так званай "справе 14-ці". Я палічыў гэта абавязкам свайго гонару -- прыехаць і адказаць на ілжывыя абвінавачванні разам з імі. Акрамя таго, зараз, па незразумелых мне прычынах, ідзе шмат размоваў аб тым, што ў краіне нібыта змяняецца палітычны курс. Некаторыя пагаворвалі нават аб лібералізацыі.

Добраахвотна вярнуўшыся ў Беларусь, прыйшоўшы да следчага, я даў уладам шанец прадэманстраваць гэта, прадэманстраваць сваю гатоўнасць да дыялогу. Аднак быў арыштаваны літаральна праз пару дзён пасля адмены санкцыяў супраць высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў. Зараз я магу з упэўненасцю сцвярджаць, што ніякай лібералізацыі няма. Моладзевых актывістаў збіваюць і затрымліваюць з ранейшай жорсткасцю. Улада выкарыстоўвае новыя метады для ціску на апазіцыю.

Мой прысуд - лішняе пацверджанне таму, што курс беларускіх уладаў не змяніўся. Казаць аб лібералізацыі можна будзе толькі тады, калі суддзі, якія выносілі загадзя несправядлівыя прысуды, панясуць пакаранне, калі панясуць пакаранне тыя, хто аддае ім загады на гэтыя прысуды. Калі будуць адмененыя палітычныя артыкулы ў Крымінальным кодэксе Рэспублікі Беларусь. Калі людзей, меркаванне якіх адрозніваецца ад афіцыйнага, спыняць рэпрэсаваць. Калі будуць вызваленыя і апраўданыя ўсе палітвязні", - лічыць актывіст апазіцыі.

Аляксандр Баразенка заявіў, што ўсе асуджаныя па "справе 14-ці" працягваюць заставацца палітвязнямі, і назваць іх свабоднымі немагчыма.

"Хтосьці скажа, што я павінен радавацца з таго, што застаўся на волі. Аднак гэтаму чалавеку я б параіў пагаварыць з іншымі асуджанымі па маёй справе, якія ўжо адбываюць гэтае пакаранне. Яны могуць шмат што распавесці аб выгодах такой "свабоды". Мы не можам пакідаць сваё жыллё без рашэння кантралюючага органа. Мы не можам наведваць грамадскія месцы, мець стасункі і сустракацца са сваімі сябрамі. Больш за тое, па першым капрызе, у любы час сутак, мы павінны пускаць у кватэру ўчастковага супрацоўніка міліцыі. Гэта назваць свабодай проста немагчыма. Я лічу, што ў гэтай сітуацыі мы проста з'яўляемся закладнікамі ў гульні, якую задумалі беларускія ўлады з Захадам. На мой погляд, зразумела, што такімі сваімі дзеяннямі беларускія ўлады хочуць знізіць запал моладзевага супраціву ў Беларусі. Чым бліжэй канец дыктатуры, тым больш неадэкватна яна сябе паводзіць" - сказаў Баразенка.

На думку актывіста апазіцыі, сёння мы назіраем супярэчлівыя крокі беларускіх уладаў.

"З аднаго боку, на волі Кім, Казулін, Парсюкевіч. З іншага -- у краіне з'явілася больш за дзясятак новых палітвязняў. Улада імкнецца да дыялогу з Захадам, і між тым плюе на патрабаванні і рэкамендацыі Еўрапейскага Звяза. Гэтыя "кіданні" могуць сведчыць толькі аб тым, што беларускія ўлады не маюць яснага бачання не толькі будучыні краіны, але і свайго ўласнага. У такім выпадку, яны больш за ўсё баяцца нас - маладых свабодных людзей. Людзей, якія ведаюць, што адбываецца ў краіне. Якія ведаюць, што патрэбныя перамены і могуць прынесці гэтыя перамены ў нашую краіну. Якія змагаюцца за вольную і незалежную еўрапейскую Беларусь", -- сказаў Баразенка.

У канцы прэс-канферэнцыі апазіцыянер звярнуўся да прадстаўнікоў маладога пакалення:

"Я хачу звярнуцца да сваіх аднагодкаў, і нагадаць ім аб слове, якое дапамагло мне і ўсім іншым палітвязням перажыць цяжкія выпрабаванні. Гэтае слова - САЛІДАРНАСЦЬ. Салідарнасць - гэта нашая сіла, супраць якой у ўладаў няма нічога. Нашая салідарнасць - гэта нашая свабода. А нашая свабода - гэта нашая перамога. Жыве Беларусь!"

Апазіцыянер заявіў таксама, што мае намер застацца ў Беларусі, а таму не будзе працягваць сваё навучанне на дзённым аддзяленні ва Ўроцлаўскім універсітэце ў Польшчы. Баразенка плануе атрымаць адукацыю, навучаючыся завочна.

Нагадаем, актывіст грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Аляксандр Баразенка быў прысуджаны судом Цэнтральнага раёна Менска да 1 году абмежавання волі без накіравання ў выпраўленчую ўстанову. Прысуд вынесла суддзя Наталля Вайцяховіч. Палітвязень быў вызвалены ў залі суду.

Аляксандр Баразенка быў арыштаваны 27 кастрычніка проста ў будынку Следчага камітэта папярэдняга расследвання ГУУС Менгарвыканкама, куды ён прыйшоў на допыт. Апазіцыянер з'яўляецца адным з абвінавачваных па «справе 14-ці» - крымінальнай справе, узбуджанай па арт. 342 КК Рэспублікі Беларусь у дачыненні да ўдзельнікаў мірнай акцыі пратэсту прадпрымальнікаў, якая прайшла ў Менску 10 студзеня 2008 года. Паказальна, што арышт адбыўся фактычна адразу пасля адмены Еўразвязам санкцыяў у дачыненні да высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках