«Беларусбанк» спыніў выдачу крэдытаў на набыццё жылля
15- 15.12.2008, 15:53
Найбуйнейшы беларускі банк ААТ «АСБ «Беларусбанк» з 8 снежня спыніў крэдытаванне набыцця жылля.
На сёньняшні час Беларусбанк ажыццяўляе толькі крэдытаванне будаўніцтва жылля - для тых, хто патрабуе паляпшэння жыллёвых умоваў (гэта значыць "чаргавікоў") у беларускіх рублях пад 15% гадавых тэрмінам на 15 гадоў, для тых, каму не патрабуецца - у беларускіх рублях пад 20% гадавых тэрмінам на 15 гадоў, нагадвае “Интерфакс”.
У банку таксама паведамілі, што рашэнне аб выключэнні крэдытавання набыцця жылля на другасным рынку з пераліку паслугаў, якія аказваюцца, было прынятае праўленнем Беларусьбанка пасля аналізу рынка крэдытавання жылля і яго аб'ёмаў.
Спажывецкія крэдыты Беларусбанк выдае ў цяперашні час толькі на тэрмін да 1 года і толькі ў беларускіх рублях.
Прэс-сакратар Беларусбанка Сяргей Верашчак пацвердзіў агенцтву, што банк спыніў выдачу крэдытаў на набыццё жылля. Ад далейшых каментароў ён адмовіўся.
Іншыя найбуйнейшыя беларускія банкі таксама ўвялі абмежаванні па выдачы крэдытаў насельніцтву.
Так, ААТ "Прыёрбанк" (RZB-group), 3-і па велічыні беларускі банк, увёў ліміт на выдачу крэдытаў на набыццё жылля (набыццё і будаўніцтва) у памеры не больш як $35 тыс. (пад 17% гадавых). Суму спажывецкіх крэдытаў на аднаго пазычальніка Прыёрбанк абмежаваў $2,5 тыс. У інфармацыйным цэнтры банка агенцтву заявілі, што "на гэтым этапе такая палітыка банка".
У Белаграпрамбанке (2-і па велічыні банк) абмежаванні па выдачы крэдытаў насельніцтву ўведзеныя ў выглядзе ажыццяўлення крэдытавання толькі па крэдытных картках, без выдачы наяўных сродкаў. У кантакт-цэнтры банка агенцтву паведамілі, што "спажывецкія крэдыты выдаюцца толькі па крэдытнай картце ў замежнай валюце пад 17% гадавых, у беларускіх рублях - пад 19% гадавых".