25 лiстапада 2024, панядзелак, 4:58
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Тэлеканал «Белсат» адзначае першую гадавіну сваёй працы

11

Польскі тэлеканал «Белсат», які трансьлюе для Беларусі, адзначае першую гадавіну свайго выхаду ў эфір.

Дырэктарка тэлеканалу Агнешка Рамашэўская вельмі ганарыцца запускам «Белсату», паводле яе, гэта сама значнае дасягненьне тэлеканалу за апошні год.

«Найбольшым нашым посьпехам зьяўляецца факт, што нам удалося запусьціць канал, і што ён дзейнічае. Калі я цяпер прыгадваю, як гэта было год таму, і зь якім страхам мы 10 сьнежня 2007 году трансьлявалі першую тэставую гадзіну нашай праграмы, дык гледзячы на тое, што сёньня мы маем больш за шэсьць гадзін праграмы штодня, і што адна чацьвёртая зь яе – гэта нашая ўласная прадукцыя, я не магу не адчуваць вялікага гонару», - сказала ў інтэрв’ю «Радыё Свабода» Агнешка Рамашэўская.

На ейную думку, найлепшай інфармацыйнай праграмай каналу зьяўляецца «Аб’ектыў».

2Ведаеце, маці мусіць адчуваць гонар за кожнае сваё дзіця – нельга нейкага зь іх занадта выдзяляць. Але, безумоўна, я мушу сказаць, што лічу вялікім дасягненьнем інфармацыйную праграму «Аб’ектыў». Я лічу, што запуск цягам году інфармацыйнай праграмы «цераз мяжу» – гэта агромністае дасягненьне Аляксея Дзікавіцкага. Я таксама ганаруся нашымі дакумэнтальнымі фільмамі. «Галерэя Ады» Ўладзіміра Коласа ўжо атрымала тры ўзнагароды на розных міжнародных фэстывалях», - зазначыла дырэктарка.

Журналістка нагадала, што ўпершыню засноўвае тэлеканал, ідэя стварэньня якога ішла зьнізу.

«Мы фактычна ўсюды робім памылкі, таму што мы ўсе робім нашу справу ўпершыню. Значыць, Аляксей ўпершыню робіць інфармацыйную тэлепраграму, я ўпершыню засноўваю тэлеканал, нашы журналісты ўпершыню робяць журналісцкую работу, і гэтак далей. Але я не сказала б, што шкадую з нагоды нечага зробленага намі. Найбольш прыкра мне згадваецца, як цяжка ішло прасоўваньне гэтай ініцыятывы, як часам мала зразуменьня было для яе. А гэта ж была нізавая ініцыятыва — некаму, пэўна, цяжка ўявіць, што ініцыятыва гэткага маштабу можа ісьці зьнізу», - сказала яна.

Паводле Агнешкі Рамашэўскай, «Белсат» мае парадку 200 тысяч гледачоў у Беларусі.

«Мы зрабілі нармальнае сацыялягічнае апытаньне на рэпрэзэнтатыўнай групе 3000 чалавек з усяго грамадзтва, спрабуючы высьветліць, якая частка грамадзтва сутыкаецца з намі. З апытаньня вынікае, што сутыкаецца з намі даволі салідная частка грамадзтва — каля 200 тысяч грамадзянаў Беларусі, гэта значыць, два працэнты насельніцтва», - патлумачыла журналістка.

Агнешка Рамашэўская спадзяецца, што ў наступным годзе камандзе будзе працавацца лепей.

«Я жадаю, каб было ня горш, як сёлета, а можа, нават крыху лепей. Тэлебачаньне – гэта сапраўды вялізная фабрыка, у якой маюць значэньне працэдуры, арганізатарскія здольнасьці. У сувязі з гэтым я жадаю ўсім маім супрацоўнікам, каб нам усё ладзілася штораз мякчэй, штораз гладзей, каб мы былі штораз лепшымі спэцыялістамі, а гледачам жадаю, каб былі намі задаволеныя», - сказала яна.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках