24 лiстапада 2024, Нядзеля, 14:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Міліцыя збіла апазіцыянераў, якія пратэставалі супраць забароны на выезд з Беларусі (Абноўлена, фота)

26
Міліцыя збіла апазіцыянераў, якія пратэставалі супраць забароны на выезд з Беларусі (Абноўлена, фота)

Лідэры беларускай апазіцыі, якія спрабавалі пранесці ў МУС і Генпракуратуру зварот да ўладаў з заклікам дазволіць ім выезд з краіны, былі збітыя супрацоўнікамі міліцыі ў цывільным.

У звароце апазіцыянеры заклікалі ўлады звярнуць увагу на праблему палітневыязных у Беларусі. Па меркаванні дэмакратаў, адказнасць за гэта нясуць улады. У звароце змяшчаўся заклік да кіраўніцтва МУС і Генпракуратуры правесці сустрэчу з апазіцыяй для абмеркавання гэтай праблемы і растлумачыць, чаму ў Беларусі існуе інстытут палітневыязных, паколькі памежнікі не называюць дэмакратам прычыну забароны пакідаць межы радзімы.

У пачатку акцыі актывісты апазіцыі, сярод якіх былі лідэр «Маладога Фронта» Зміцер Дашкевіч, актывіст грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Павел Кур'яновіч, лідэр Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, актывіст «Правага альянсу» Юрый Карэтнікаў, паспрабавалі прайсці ў будынак МУС. Аднак супрацоўнікі міліцыі ў цывільным, якія суправаджалі людзей, з ужываннем сілы адцяснілі іх ад будынка міністэрства.

У будынак Генпракуратуры апазіцыянераў прапусцілі. Зварот аднеслі лідэр «Маладога Фронта» Зміцер Дашкевіч і старшыня АГП Анатоль Лябедзька.

Зварот быў таксама перададзена ў амбасаду Францыі, паколькі гэтая краіна цяпер старшынюе ў Еўразвязе.

Пасля апазіцыянеры вярнуліся да будынка МУС, каб паспрабаваць зноў перадаць зварот. У міністэрства прапусцілі Юрыя Карэтнікава, аднак супрацоўнікі міліцыі ўжылі сілу ў адносінах астатніх удзельнікаў акцыі. Быў збіты лідэр «Маладога Фронта» Зміцер Дашкевіч.

«Я паспрабаваў абараніць дзяўчын, якіх сталі груба штурхаць супрацоўнікі міліцыі ў цывільным, спрабуючы іх адцясніць ад будынка МУС. На мяне адразу накінуліся 5 міліцыянтаў, павалілі на зямлю, сталі цягаць па зямлі, штурхаць, вырвалі гузікі паліто. Сярод тых, хто на мяне накінуўся, быў і намначальніка Цэнтральнага РУУС Менска Грышчанка. Паводзілі сябе як азвярэлыя. Ніхто не прадставіўся, не сказаў нам ні слова», -- распавёў прэс-цэнтру Хартыі’97 Зміцер Дашкевіч.

Па словах Змітра Дашкевіча, апазіцыянераў не выпускаюць з краіны па надуманых прычынах. «Мне ніхто не тлумачыць, чаму я невыязны. З-за забароны на выезд я не магу давучыцца ў Вільнюскім педагагічным універсітэце. Відавочна, што гэта дробная помста ўлад. А чыноўнікам Еўразвяза варта задумацца, чаму яны здымаюць візавыя санкцыі з Лукашэнкі ў той час, калі апазіцыя невыязная з краіны», -- заявіў Зміцер Дашкевіч прэс-цэнтру Хартыі’97.

«З-за забароны на выезд я не магу атрымаць адукацыю. Увесну за апазіцыйную дзейнасць мяне выгналі з Менскага дзяржаўнага радыетэхнічнага каледжа, я паступіў у Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт у Вільнюсе, паспрабаваў у верасні выехаць на сесію, але мяне не выпусцілі», -- распавёў прэс-цэнтру Хартыі’97 актывіст грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Павел Кур'яновіч.

Фота "Радыё Свабода"

Напісаць каментар 26

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках