26 снежня 2024, Чацвер, 19:15
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Гары Паганяйла: «Стварэнне працоўных лагераў - рэцыдыў таталітарнага, рэпрэсіўнага падыходу»

8

Вядомы праваабаронца, сябра Беларускага Хельсінкскага камітэта Гары Паганяйла пракаментаваў намер уладаў стварыць у краіне працоўныя лагеры для нядбайных бацькоў.

Праваабаронца нагадаў, што Беларускі Хельсінкскі камітэт у 2007 годзе правёў спецыяльны маніторынг і выказаў сваё меркаванне аб неэфектыўнасці рэалізацыі нормаў Дэкрэту прэзідэнта ад 24.11.2006 года №18 «Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у няшчасных сем'ях». У прыватнасці, у маніторынгу адзначалася неканстытуцыйнасць асобных нормаў дэкрэту, датычных пазасудовага парадку адабрання дзяцей з няшчасных сем'яў і прымусовага працаўладкавання нядбайных бацькоў.

На думку Паганяйлы, трэба асабліва адзначыць, што ў сваім нядаўнім выступе Аляксандр Лукашэнка прызнаў прымусовы характар працы гэтай катэгорыі грамадзянаў Беларусі. Адсотак пакрыцця імі выдаткаў на ўтрыманне дзяцей застаецца невысокім: «менш за 40%».

Беларускі кіраўнік падкрэсліў, што бацькі, якія не праяўлюць клопат аб сваіх дзецях, «павінны працаваць, і выпрацоўка ў іх павінна быць у суткі ў разы больш, з запасам, каб маглі кампенсаваць утрыманне сваіх дзяцей». Для гэтых мэтаў ён прапаноўвае стварыць у кожнай вобласці працоўны лагер, а там «самыя жорсткія ўмовы».

Сябра БХК нагадвае, што паводле звестак МУС Рэспублікі Беларусь на 1 кастрычніка 2007 года ў закрытых выпраўленчых установах адбывалі пакаранне 1724 абавязаных кампенсаваць выдаткі дзяржаве па ўтрыманні дзяцей (каля 70 % - жанчыны). У адрозненні ад іншых асуджаных усе яны працавалі на больш высокааплатных працах. У той жа час запазычанасць такіх бацькоў па пазовах складала 3,8 млрд. руб., а ўтрымана толькі 297 млн. рублёў. Сярэдняя зарабатная плата у ВК-2 - 43,ВК-3 - 42, ВК-5 - 39, ВК-22 - 28, ВК-24 - 36 тысяч рублёў (звесткі ўзятыя з дакладу БХК «Сучасная сітуацыя ў месцах пазбаўлення волі ў Рэспубліцы Беларусь, 2008», www.penalreform.org). Прыведзеныя лічбы сведчаць, што існуючыя эканамічныя ўмовы, пытанні працоўнай занятасці, не дазваляюць эфектыўна выкарыстоўваць працу зняволеных дзеля мэтаў кампенсацыі сродкаў дзяржаве, лічыць праваабаронца.

«Працоўныя лагеры зачыненага тыпу запатрабуюць стварэння рэнтабельных вытворчасцяў, высокааплатных працоўных месцаў, выдаткаў на ўтрыманне адміністрацыі і аховы, а таксама будаўніцтва ці пераабсталявання адпаведных жылых комплексаў, прыдатных для жыццядзейнасці і працы людзей, накіраваных туды.

Між тым, як было дакладзена Лукашэнку, абавязаныя асобы «у асноўным з'яўляюцца людзьмі малазабяспечанымі, якія злоўжываюць спіртнымі напоямі, пакутуюць на цяжкія формы захворванняў, нярэдка раней былі асуджаныя». У іх «нізкі адукацыйны і кваліфікацыйны ўзровень», шмат у каго «адсутнічаюць працоўныя навыкі», -- кажа Гары Паганяйла.

Праваабаронца заяўляе:

«Стварэнне працоўных лагераў - рэцыдыў таталітарнага, рэпрэсіўнага падыходу да вырашэння складаных сацыяльных праблемаў. Прапанаваныя меры неэфектыўныя, носяць высока выдаткавы характар і лягуць дадатковым бярэмем на дзяржаўны бюджэт. Абмежаванне свабоды грамадзянаў пры адсутнасці працэдуры крымінальнай судавытворчасці, іх прымусовая праца, жорсткія ўмовы ўтрымання і прапанаваная сістэма пакаранняў, якія зневажаюць годнасць асобы, не адпавядаюць канстытуцыйным гарантыям і міжнародным абавязальніцтвам, узятым на сябе Рэспублікай Беларусь у галіне правоў чалавека, і з'яўляюцца непрымальнымі ў цывілізаваным грамадстве».

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках