2 лiстапада 2024, Субота, 2:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Іван Нікітчанка: «Велізарнасць планаў нашага аграпрама - гэта манілаўшчына»

3

Аляксандр Лукашэнка заявіў: беларускі АПК дамогся высокіх вынікаў у перыяд сусветнага харчовага і фінансавага крызісу. Але, паводле нават афіцыйных дадзеных, рэнтабельнасць у сельскай гаспадарцы складае мінус 0,04 адсотка.

16 лістапада ў краіне з помпай адзначаўся Дзень працаўнікоў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці. А.Лукашэнка публічна заявіў, што беларускі АПК дамогся высокіх вынікаў у перыяд сусветнага харчовага і фінансавага крызісу. Сёлета краіна экспартавала сельгаспрадукцыі на 1,5 мільярда даляраў.

Міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Сямён Шапіра абмаляваў страшэнныя перспектывы беларускага аграпрама. Да 2010 года плануецца павялічыць валавы збор збожжа да 10 млн. т. І давесці аб'ём вытворчасці малака да 8 млн. т, а аб'ём рэалізацыі быдла і птушкі - да 1,5 млн. т. Акрамя таго, у 2009 годзе прагназуецца павялічыць аб'ём сельгасвытворчасці на 8,5-9,5 адсоткаў. Таксама пастаўленая маштабная задача на працягу наступных 2 год пабудаваць 118 новых жывёлагадоўчых ферм і цалкам пераўзброіць аграсектар Беларусі.

Сябар-карэспандэнт Нацыянальнай Акадэміі навук Іван Нікітчанка лічыць гэтыя знешне прывабныя лічбы сапраўднай манілаўшчынай, паведамляе сайт pbnf.org.

«Па-першае, на пачатак гэтага года ўвесь аграпрамысловы комплекс краіны вырабіў прадукцыі на 7,4 трыльёны рублёў, а запазычыў па розных пазіцыях перад дзяржаўным бюджэтам ужо 11 трыльёнаў рублёў», -- прыводзіць канкрэтныя лічбы навуковец.

«Па-другое, за кошт чаго плануецца пабудаваць гэтыя 118 ферм і наогул пераўзброіць сельскую гаспадарку краіны? Урад ліхаманкава шукае велізарныя пазыковыя сродкі, каб змікшыраваць наступствы фінансавага крызісу. І пры гэтым раскладзе нерэальна ў агляднай перспектыве пускаць дзясяткі-сотні мільёнаў даляраў на мадэрнізацыю аграсектара», - тлумачыць эксперт.

Ён сцвярджае, што проста няма адкуль узяць 10 мільёнаў тон збожжавых у наступным годзе, паколькі ўжо цяпер выведзена з сяўбазвароту 800 тысяч гектараў ворных земляў.

«У нас любяць выхваляцца цяперашнім ураджаем збожжавых у 9,4 мільёна тон. Але мы дагэтуль не ведаем РЭАЛЬНАГА ураджая -- Дзяржкантроль дагэтуль узмоцнена выяўляе шматлікія прыпіскі», -- адзначыў Іван Нікітчанка.

Па ягоных словах, паўтарамільярдным экспартам хваліцца не варта. Паводле афіцыйных дадзеных, рэнтабельнасць у сельскай гаспадарцы складае мінус 0,04 адсотка.

«Мы вырабляем прадукцыю ў гэтым сектары эканомікі сабе ў страту. Тым больш, Расея, куды ідзе абсалютную большасць прадукцыі беларускага агропрома, пачынае ад яе па шэрагу пазіцый адмаўляцца. І гэтая тэндэнцыя з часам будзе толькі ўзмацняцца, бо там свая сельская гаспадарка сёння на ўздыме. Такія вось атрымліваюцца не вельмі вясёлыя справы ў нашым АПК...», -- падвёў вынікі навуковец.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках