28 снежня 2024, Субота, 5:40
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Перамены ў Беларусі патрэбныя ўсім

1

Дзейнасць апазіцыі ў перыяд «выбараў» і сённяшняя сітуацыя ў Беларусі сталі тэмамі канферэнцыі, якая прайшла 21-22 лістапада ў Вільні.

Арганізатарамі мерапрыемства выступілі дэмакратычныя сілы Беларусі, Рада Еўропы, парламенцкая група сойма Літвы «За дэмакратычную Беларусь», Фонд абароны грамадзянаў, а таксама Беларуская асацыяцыя журналістаў і Беларускі Хельсінкскі камітэт.

У віленскай канферэнцыі прынялі ўдзел прадстаўнікі практычна ўсіх беларускіх апазіцыйных палітычных партыяў, арганізацыяў, моладзевых ініцыятываў. У агульнай колькасці ў Вільню з'ехаліся больш за 100 удзельнікаў - палітыкаў, экспертаў, журналістаў, праваабаронцаў, прадстаўнікоў няўрадавых арганізацыяў і міжнародных структураў. Прэс-цэнтр Хартыі’97 ужо прыводзіў меркаванне некаторых удзельнікаў аб канферэнцыі. Сёння мы папрасілі падвесці вынікі мерапрыемства каардынатара Хартыі’97 Зміцера Бандарэнку, прэс-сакратара грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Аляксандра Атрошчанкава і каардынатара кампаніі «Джынс за Свабоду!» Яўгена Афнагеля.

Зміцер Бандарэнка, каардынатар Хартыі’97:

-- Адной з галоўных тэмаў канферэнцыі ў Вільні было асэнсаванне вынікаў восеньскай выбарчай кампаніі. Лідэры ПКБ і АГП ацанілі свой удзел у выбарах, як «у цэлым паспяховы» і назвалі кампанію байкоту «памылковай». Далёка не ўсе аналітыкі і прадстаўнікі НУА, якія назіралі за выбарамі, з гэтым пагадзіліся. Да прыкладу, кіраўнік Беларускага Хельсінскага Камітэта Алег Гулак заявіў, што, на думку назіральнікаў у сталіцы, яўкі на выбарчыя ўчасткі не было нават з улікам папярэдняга галасавання. Аб тым, што выбары не адбыліся і ў іншых гарадах Беларусі, казалі некаторыя прадстаўнікі рэгіянальных НУА і аддзяленняў партыяў.

Адкрыта павесяліў прадстаўнік НІСЭПД, які з радасцю паведаміў удзельнікам канферэнцыі, што ў выбарах прынялі ўдзел 66 адсоткаў беларускіх выбаршчыкаў. Гэта вельмі спадабалася кіраўнікам партыяў і арганізацыяў, якія ўдзельнічалі ў кампаніі «да канца». Але калі было сказана, што за прадстаўнікоў апазіцыі па краіне прагаласавала 4 адсоткі выбаршчыкаў, а ў Менску – 1,5 адсоткі, хаця нават улады заяўлялі аб 15% набраных дэмакратамі , партыйцы сталі актыўна абурацца. Паводле звестак так званых «незалежных сацыёлагаў», больш за ўсё беларусаў галасавала за Партыю працы і справядлівасці, якой проста няма ў прыродзе.

Тым не менш, я вельмі пазітыўна ацэньваю сам факт правядзення падобнай канферэнцыі. У ёй прынялі ўдзел каля 100 беларускіх прадстаўнікоў партыяў, грамадскіх арганізацыяў, грамадзянскіх кампаніяў, аналітыкаў, журналістаў, рэгіянальных лідэраў. Прамы абмен меркаваннямі, вострая дыскусія заўсёды карысныя.

У выбарчай кампаніі, якая прайшла, рэалізоўваліся тры стратэгіі – стратэгія байкоту як адмова ад супрацоўніцтва з уладай, стратэгія ўдзелу ў выбарах да канца і стратэгія «Лукашэнкі-Бэла-Беразоўскага». Апошняя была накіраваная на дэманстрацыю «сілы» беларускіх уладаў і «слабасці» апазіцыі. На жаль, кіраўнікі партыяў паверылі ў абяцанні ўлады і шэрагу заходніх дыпламатаў аб тым, што некалькі дэмакратаў будуць прапушчаныя ў «палату прадстаўнікоў». А была ж выдатная магчымасць прадэманстраваць сілу, зняўшы дэмкандыдатаў, і зрабіць псеўдавыбары, па сутнасці, безальтэрнатыўнымі.

Сёння ўсе сілы ўладаў кінутыя на тое, каб беларускі рэжым не ўспрымаўся ў свеце як апошняя дыктатура Еўропы. Пры гэтым, ніякіх рэальных крокаў па дэмакратызацыі не здзяйсняецца.

Канферэнцыя адначасова паказала, што дэмакратычныя сілы Беларусі здольныя дамаўляцца і маюць намер распрацаваць сумесную пераможную стратэгію. Бо перамены ў Беларусі патрэбныя ўсім.

Аляксандр Атрошчанкаў, прэс-сакратар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь»:

-- Задаволены, што прыняў удзел у гэтай канферэнцыі, якая дазволіла абмяняцца меркаваннямі і бачаннем сітуацыі ў нашай краіне. Думаю, што мы заклалі добры падмурак для выпрацоўкі сапраўды адзінай і канструктыўнай пазіцыі.

У той жа час некаторыя рэчы засмуцілі і адкрыта насцярожылі. Падчас канферэнцый стала відавочна, што некаторыя прадстаўнікі партыяў не гатовыя да адкрытай дыскусіі і аддаюць перавагу прымаць кулуарныя рашэнні, а затым выдаваць іх за пазіцыю ўсіх прыхільнікаў дэмакратычных пераменаў. Так на агульнай дыскусіі, а затым і ў працоўнай групе, прысвечанай міжнародным адносінам, прадстаўнікі АГП неаднаразова агучвалі незразумелую ідэю аб уступленні Беларусі, а па сутнасці, беларускай дыктатуры ў Раду Еўропы і даванні месца ў ПАСЕ нелегітымнай «палатцы», якое, нібыта, павінна прынесці свабоду і росквіт беларускаму народу.

Мне гэтая ідэя была цалкам незразумелая. Сяброўства Беларусі ў Радзе Еўропы прывядзе не да дэмакратычных пераменаў, а да прызнання дыктатуры. Не дзіўна, што падыходы па легітымізацыі беларускага рэжыму выклікалі рэзкую крытыку ўдзельнікаў дыскусіі.

Акрамя таго, лідэрам партыяў цяжка даецца прызнанне сваіх памылак. Шмат хто казаў: «Байкоту не было. Проста людзі не прыйшлі галасаваць…»

Таму, на мой погляд, галоўны плюс такой канферэнцыі ў тым, што яна спрыяе выпрацоўцы сапраўды агульнай стратэгіі, а не падыходаў асобных групаў.

Яўген Афнагель, каардынатар кампаніі «Джынс за Свабоду!»:

-- На канферэнцыі я казаў у першую чаргу аб палітвязнях у нашай краіне. Бо, нягледзячы на запэўніванні беларускіх уладаў, гэтая праблема дагэтуль не вырашаная. Мала таго, адразу пасля сканчэння кампаніі па «выбарах» у палату прадстаўнікоў, рэпрэсіі супраць апазіцыі толькі ўзмацніліся. За краты быў кінуты актывіст «Еўрапейскай Беларусі» Аляксандр Баразенка, не адмененыя прысуды ў дачыненні да ўдзельнікаў «Працэсу 14», жорстка разганяюцца вулічныя акцыі. Для некаторых замежных удзельнікаў канферэнцыі гэта было навіной. Важна, каб усе прыхільнікі пераменаў разумелі: у Беларусі не адбываецца ніякай лібералізацыі, і ў гэтых умовах, дамаўляцца з рэжымам нельга.

Злева направа: Прадстаўнік Рады Еўропы Кірыл Рытчы (Cyrill Ritche), дэпутат літоўскага Сейма Салюс Печылюнас (Sauliunas Peceliunas), намеснік старшыні АГП Леў Марголін

Журналіст Раман Якаўлеўскі, каардынатар Хартыі'97 Зміцер Бандарэнка, экс-міністр знешнеэканамічных сувязяў, адзін з лідэраў грамадзянскай кампаніі "Еўрапейская Беларусь" Міхаіл Марыніч

Старшыня ПКБ Сяргей Калякін і галоўны рэдактар газеты "Беларусы і рынак" Вячаслаў Хадасоўскі

Кіраўнікі Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец і Жана Літвіна, палітолаг Аляксандр Класкоўскі

Каардынатар "Еўрапейскай Беларусі" Зміцер Бародка, лідэры кампаніі "Джынс за Свабоду!" Павал Юхневіч і Яўген Афнагель

Прэс-сакратар грамадзянскай кампаніі "Еўрапейская Беларусь" Аляксандр Атрошчанкаў

Прадстаўнікі беларускай амбасады ў Літве

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках